Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Гэта вымавіў Ісус і, узьняўшы вочы Свае да неба, сказаў: «Войча! прышла гадзіна, услаў Сына Свайго, каб Сын Твой мог уславіць Цябе;
Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
Бо Ты даў Яму ўладу над усім целам, каб усім, каторых Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:
А гэта ё жыцьцё вечнае, каб зналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, Каторага Ты паслаў, Ісуса Хрыста.
а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.
Я ўславіў Цябе на зямлі, скончыўшы справу, каторую Ты даў Імне ўчыніць.
Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;
І цяпер услаў Мяне, Войча, у Сабе Самым, славаю, каторую Я меў у Табе ўперад чымся сьвет быў.
І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.
Я выявіў імя Твае людзём, каторых Ты даў Імне ізь сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Імне, і яны зьдзяржалі слова Твае.
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;
Цяпер яны пазналі, што ўсе, што Ты даў Імне, ад Цябе ё;
цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;
Бо словы, што Ты даў Імне, Я даў ім, і яны прынялі і пазналі запраўды, што Я вышаў ад Цябе, і ўверылі, што Ты паcлаў Мяне.
бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.
Я за іх прашу, не за сьвет прашу, але за тых, каторых Ты даў Імне, бо яны — Твае;
Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
І ўсе Мае — Твае, і Твае — Мае, і Я ўслаўлены ў іх.
і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я праславіўся ў іх.
І Я ўжо не на сьвеце, а яны на сьвеце, і Я йду да Цябе. Войча Сьвяты! захавай іх у імя Свае, каторых Ты даў Імне, каб яны былі адно, як мы.
Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.
Як Я быў зь імі, Я заховаваў іх у імя Твае; каторых Ты даў Імне, Я ўсьцярог, і ні водзін ізь іх не загінуў, адно сын загубы, каб выпаўнілася Пісьмо.
Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.
Цяпер жа йду да Цябе, і кажу гэта на сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю, напоўненую ў сабе.
А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.
Я даў ім слова Твае, і сьвет зьненавідзіў іх, бо яны не ад сьвету, як Я не ад сьвету.
Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
Я не прашу, каб Ты ўзяў іх ізь сьвету, але каб захаваў іх ад ліха.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;
Яны не ад сьвету, як Я не ад сьвету.
яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
Усьвяці іх у праўдзе! слова Твае — праўда.
Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.
Як Ты паслаў Мяне на сьвет, і Я паслаў іх у сьвет;
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;
І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб яны былі ўсьвячаны праўдаю.
і за іх Я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.
І не за іх толькі Я прашу, але таксама за тых, што вераць у Мяне подле слова іхнага,
Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:
Каб усі былі адно; як Ты, Войча, у Імне, і Я ў Табе, каб і яны ў нас былі, каб верыў сьвет, што Ты Мяне паслаў.
хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, — каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
І славу, што Ты даў Імне, Я даў ім, каб былі адно, як мы адно.
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.
Я ў іх, і Ты ў Імне, каб яны сталі супоўна адным, каб сьвет пазнаў, што Ты паслаў Мяне, і каб Ты ўмілаваў іх, як Ты ўмілаваў Мяне.
Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Войча! каторых Ты даў Імне, Я зычу, каб, ідзе Я, і яны былі з Імною, каб бачылі славу Маю, каторую Ты даў Імне, бо Ты ўмілаваў Мяне перад закладзінамі сьвету.
Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;
Войча справядлівы! і сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;
І Я паведаміў ім імя Твае і паведамлю, каб міласьць, каторай Ты ўмілаваў Мяне, была ў іх, і Я ў іх».
і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.