Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
«Няхай не парушаецца сэрца вашае; верце ў Бога і ў Мяне верце.
Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.
У доме Айца Майго гасподаў шмат. Калі б ня так было, Я сказаў бы вам; бо йду прыгатаваць вам месца.
У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.
І як пайду й прыгатую вам месца, прыйду ізноў і прыйму вас да Сябе Самога, каб ідзе Я, і вы былі.
І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
А вы ведаеце, куды Я йду, і ведаеце дарогу».
А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
Хама кажа Яму: «Спадару, мы ня ведаем, куды Ты йдзеш, як жа можам дарогу ведаць?»
Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?
Ісус кажа яму: «Я — дарога а праўда а жыцьцё; ніхто ня прыходзе да Айца, адно перазь Мяне.
Ісус сказаў яму: Я — і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.
Калі б вы зналі Мяне, зналі б і Айца Майго. І адгэтуль вы знаеце Яго й бачыце Яго».
Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.
Піліп кажа Яму: «Спадару, пакажы нам Айца, і гэтага даволі нам».
Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.
Ісус кажа яму: «Ці цеперся Я з вамі, і ты ня знаеш Мяне, Піліпе? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: "Пакажы нам Айца"?
Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?
Ня верыш ты, што Я ў Вайцу, а Айцец у Імне? Словы, што Я кажу вам, Я не ад Сябе кажу, але Айцец, што перабывае ў Імне, чыне справы.
Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.
Верце, што Я ў Вайцу, і Айцец у Імне; калі ж не, дзеля тых самых справаў верце Імне.
Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто вера ў Мяне, будзе чыніць справы, што Я чыню, і большыя за гэтыя будзе чыніць, бо Я йду да Айца.
Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.
І чаго толькі папросіце ў імя Мае, Я ўчыню, каб Айцец быў услаўлены ў Сыну.
І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;
Калі чаго папросіце ў імя Мае, Я ўчыню.
калі чаго папросіце ў імя Маё, Я тое зраблю.
«Калі вы мілуеце Мяне, расказаньні Мае дзяржыце.
Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
А Я буду прасіць Айца, і дасьць вам другога Пацяшыцеля, каб быў з вамі на векі,
і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,
Духа праўды, Каторага сьвет ня можа прыняць, бо ня бача Яго ані знае Яго; але вы знаеце Яго, бо Ён перабывае з вамі і ў вас будзе.
Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.
Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас.
Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;
Яшчэ крыху, і ўжо сьвет Мяне ня бача; але вы абачыце Мяне, бо Я жыву, і вы будзеце жыць.
яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.
Таго дня вы пазнаеце, што Я ў Вайцу Сваім, і вы ў Імне, і Я ў Вас.
У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
Хто мае расказаньні Мае й дзяржыць іх, тый мілуе Мяне; а хто мілуе Мяне, таго будзе мілаваць Айцец Мой, і Я буду мілаваць яго, і зьяўлю яму Самога Сябе».
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
Юда (не Іскарыёт) кажа Яму: «Спадару, як гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?»
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто мілуе Мяне, дзяржыць слова Мае, і Айцец Мой будзе мілаваць яго, і Мы да яго прыйдзем, і гасподу Сабе ў яго ўчынім.
Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.
Хто ня мілуе Мяне, не дзяржыць словаў Маіх; а слова, што вы чуеце, не Мае, але Айца, Каторы паслаў Мяне.
Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.
«Гэта Я сказаў вам, перабываючы з вамі.
Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;
Пацяшыцель жа, Дух Сьвяты, Каторага пашлець Айцец у імя Мае, навуча вас усяго і прыпомне вам усе, што сказаў Я вам.
А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
«Супакой пакідаю вам, супакой Свой даю вам; не, як сьвет даець, Я даю вам. Няхай сэрца вашае не парушаецца і не лякаецца.
Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.
Вы чулі, што Я сказаў вам: "Я йду і прыйду да вас". Калі б вы мілавалі Мяне, вы цешыліся б, што Я йду да Айца, бо Айцец вялікшы за Мяне.
Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.
«І цяпер Я сказаў вам уперад, чымся сталася, каб, як станецца, вы ўверылі.
І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.
Я ўжо ня буду шмат мужаваць із вамі, бо йдзець князь сьвету і ў Імне ня мае нічога.
Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.
Але каб пазнаў сьвет, што Я мілую Айца, і, як расказаў Імне Айцец, так чыню: устаньце, пайдзіма адгэтуль.
Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.