1 да Цімафея 6 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.
 
Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.

Якія маюць верных гаспадарамі, няхай імі не пагарджаюць, дзеля таго, што яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.
 
Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.

Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,
 
Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,

той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць зайздрасць, звадкі, блюзненні, ліхія падазрэнні,
 
той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,

пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку. Ухіляйся ад гэткіх.
 
пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.

Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.
 
Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.

Бо нічога мы не прынеслі на свет, ясна, і вынесці нічога не можам.
 
Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.

Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.
 
Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.

А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.
 
А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;

Бо корань усяго ліхога ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.
 
бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.

А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.
 
А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;

Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты і пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.
 
пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.

Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,
 
Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе

каб ты захаваў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,

якое выявіць у свой час дабраславёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,
 
якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,

Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.
 
адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.

Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога жывога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для асалоды,
 
Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;

каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,
 
каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,

збіралі сабе скарб, як падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё вечнае.
 
зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.

О Цімафею, беражы перададзенае табе, пазбягай агіднага пустаслоўя і супярэчлівых сцвярджэнняў фальшывай навукі,
 
О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,

якой аддаўшыся, некаторыя адступіліся ад веры. Ласка з табою. Амін.
 
аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.