1 да Цімафея 6 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Усе тыя, хто рабы пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў за годных усялякай пашаны, каб не зневажалася імя Божае і вучэнне.
 
Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.

А тыя, хто маюць гаспадароў вернікаў, няхай не пагарджаюць імі, таму што яны браты, а няхай ім болей служаць, таму што яны ёсць вернікі і ўмілаванымі як удзельнікі дабрадзейства. Гэтаму вучы і пераконвай у гэтым.
 
Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.

Калі хто вучыць іншаму і не згаджаецца са здаровымі словамі нашага Госпада Ісуса Хрыста і вучэннем, якое згодна з набожнасцю,
 
Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,

ён надзьмуўся ў гордасці, нічога не ведае, але захварэў на звадкі і слоўныя бітвы, з якіх паўстаюць зайдрасць, сваркі, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні,
 
той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,

сутыкненні між людзьмі з папсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што набожнасць — гэта сродак для атрымання выгады.
 
пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.

Але набожнасць з задавальненнем — вялікая выгада;
 
Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.

бо мы нічога не прынеслі ў свет; так што і вынесці нічога не можам.
 
Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.

Але маючы харч і пакровы, задаволімся гэтым.
 
Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.

А хто хоча ўзбагаціцца, упадзе ў спакусу, і пастку, і ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія прыводзяць людзей да знішчэння і гібелі.
 
А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;

Бо корань усялякага зла — срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя адбіліся ад веры і працялі саміх сябе многімі пакутамі.
 
бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.

Ты ж, чалавеча Божы, уцякай ад гэтага, а дасягай праведнасці, набожнасці, веры, любові, стойкасці, лагоднасці.
 
А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;

Змагайся добрым змаганнем веры, ухапіся за вечнае жыццё, да якога ты быў пакліканы і вызнаў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.
 
пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.

Загадваю табе перад Богам, які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, які засведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнанне,
 
Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе

каб ты захаваў запаведзь бездакорна і беззаганна да з’яўлення нашага Госпада Ісуса Хрыста,
 
захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,

якое ў свой час пакажа дабраславёны і адзіны Ўладар, Цар цароў і Госпад гаспадароў,
 
якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,

Адзіны, Хто мае бяссмерце, Які жыве ў непрыступным свеце, Каго не бачыў ніхто з людзей і ўбачыць не можа; Каму гонар і вечная ўлада, амін.
 
адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.

Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб не несліся высока і каб не ўскладалі надзеі на нетрываласць багацця, але на [жывога] Бога, Які дае нам багата ўсё дзеля асалоды;
 
Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;

каб яны рабілі добрае, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, таварыскімі,
 
каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,

збіраючы сабе скарб, добрую аснову для будучыні, каб яны ўхапіліся за тое, што сапраўды ёсць3 жыццё.
 
зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.

О Цімафей, зберажы даручанае табе, ухіляючыся ад агіднага, пустаслоўя і супрацьстаўленняў таго, што хлусліва называюцца ведамі,
 
О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,

прапаведуючы якія некаторыя адступілі ад веры. Ласка Божая няхай будзе з вамі4.
 
аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.