1 да Цімафея 2 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык перш за ўсё я прашу тварыць малітвы, просьбы, заступніцтвы, падзякі за ўсіх людзей,
 
І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,

за цароў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі праводзіць ціхае і спакойнае жыццё ва ўсялякай набожнасці і годнасці.
 
за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні;

[Бо] гэта добра і прыемна ў вачах нашага Збаўцы Бога,
 
бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу,

Які хоча, каб усе людзі выратаваліся і дайшлі спазнання ісціны.
 
Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны.

Бо адзіны Бог, адзін і Пасрэднік між Богам і людзьмі — чалавек Хрыстос Ісус,
 
Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус,

Які аддаў Сябе Самога як выкуп за ўсіх — такое было сведчанне ў свій час.
 
Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне,

Для гэтага я быў пастаўлены звестуном і Апосталам (праўду кажу, не лгу) настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.
 
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам — праўду кажу ў Хрысьце, не маню, — настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.

Дык я хачу, каб мужчыны маліліся ў кожным месцы, узносячы святыя рукі, без гневу і спрэчак.
 
І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;

Таксама [і] каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе прыстойным убраннем з сарамлівасцю і разважлівасцю, не пляценнем валасоў і золатам, ці перламі, ці дарагімі ўборамі,
 
каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,

а — як належыць жанчынам, якія вызнаюць, што шануюць Бога, — добрымі ўчынкамі.
 
а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.

Жанчына няхай вучыцца ў цішыні, з усялякаю пакораю.
 
Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;

А жанчыне вучыць я не дазваляю і верхаводзіць над мужчынам, а быць у цішыні.
 
а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.

Адам жа быў створаны першым, а Ева потым.
 
Бо раней створаны Адам, а потым Ева;

І не Адам быў ашуканы, а жанчына, будучы ашуканаю, упала ў злачынства.
 
і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;

Да будзе выратавана праз нараджэнне дзяцей, калі яны застануцца ў веры, і любові, і святасці з цнатлівасцю.
 
аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.