1 да Цімафея 5 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Старца не дакарай, а ўгаворвай, як бацьку, а маладых — як братоў,
 
Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;

старых жанчын — як мацярок, маладзейшых — як сясцёр, ва ўсёй чысціні.
 
старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.

Удоваў шануй — тых, хто сапраўды ўдовы.
 
Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.

А калі якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, няхай яны найперш вучацца шанаваць свій дом і аддаваць належнае продкам; бо гэта даспадобы Богу.
 
Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям’ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.

Тая ж, што сапраўды ўдава і засталася адна, усклала надзеб на Бога і трывае ў просьбах і малітвах уночы і ўдзень.
 
Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;

А тая, што аддаецца раскошы, жывою памерла.
 
а юрлівая раскошніца жывою памерла.

І гэта патрабуй, каб яны былі беззаганнымі.
 
І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.

Калі ж хто пра сваіх, і асабліва пра хатніх не рупіцца, той ён адрокся ад веры і горшы за няверніка.
 
Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.

Няхай уносіцца ў спіс удава не менш за шасьцідзесят гадоў, якая была жонкай аднаго мужа,
 
Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,

якая засведчана добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, калі была гасцінна да падарожных, калі абмывала ногі святым, калі падтрымлівала абяздоленых, старанна рупілася пра кожную добрую справу.
 
вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.

А ўдовам маладзейшым адмаўляй, бо, калі насуперак Хрысту аддаюцца сваёй пажадлівасці, яны хочуць выйсці замуж,
 
А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;

паглядаючы асуджэнню, таму што адкінулі першы зарок.
 
яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;

І ў той жа час яны таксама прывучаюцца гультайнічаць, ходзячы ад дому да дому і не толькі гультайнічаць, але і пляткарыць і ўменшвацца не ў сваё, кажучы тое, чаго не след.
 
пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.

Дык я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, гаспадарылі ў доме, не давалі праціўніку ніякай зачэпкі для ганьбавання;
 
І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:

бо ўжо некаторыя пайшлі ўслед за сатаною.
 
бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.

Калі які [вернік або] верніца мае сваячак ўдоў, няхай падтрымлівае іх, а Царква няхай не обцяжарваецца, каб яна падтрымлівала сапраўдных ўдоў.
 
Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.

Прэсвітэры, якія добра кіруюць, няхай будуць удастоены падвойнай пашаны, асабліва тыя, хто працуе ў слове і навучэнні.
 
Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.

Бо Пісанне кажа: «Валу, які малоціць, не закрывай рота», і: «Годны работнік сваёй платы».
 
Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».

На прэсвітара абвінавачвання не прымай, акрамя як пры двух або трох сведках.
 
Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.

Тых, хто грашыць, выкрывай перад усімі, каб і астатнія мелі страх.
 
Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.

Заклінаю цябе перад Богам і Хрыстом Ісусам і выбранымі Анёламі, каб ты захоўваў гэта без прадузятасці, нічога ня робячы наўмысна.
 
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.

Рук ні на кога хутка не ўскладай і не ўдзельнічай у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым.
 
Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.

Не пі болей адну ваду, а ўжывай крыху віна дзеля страўніка і твайіх частых недамаганняў.
 
У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.

Грахі некаторых людзей адкрыта яўныя і наперад вядуць у суд, а ў іншых ідуць і ўслед;
 
Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.

Гэтак жа і добрыя ўчынкі адкрыта яўныя, а тыя, што іншага роду, не могуць быць схаваны.
 
Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.