1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
Старога не дакара́й, але малі, як бацьку; малодшых, як брато́ў;
Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;
старых жанчын, як матак; малодшых, як сёстраў, з усякаю чыстасьцяй.
старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.
Удоваў паважай, тых, што ўдовы запраўды.
Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.
Калі-ж якая ўдава ма́е дзяце́й, ці ўнукаў, дык яны насампе́рш няхай вучацца паважаць уласны дом і ў свой чарод аддзя́чыць бацьком: бо гэта добра і ўгодна перад Богам.
Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям’ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.
Праўдзівая-ж удава і адзінокая спадзяе́цца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уначы і ўдзе́нь,
Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;
раскошніца-ж, жывучы, мёртвая.
а юрлівая раскошніца жывою памерла.
І гэтае загадвай ім, каб былі беззаганнымі.
І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.
Калі-ж хто аб сваіх, а асабліва аб хатніх не клапо́ціцца, той адрокся ад ве́ры і горш за няве́рнага.
Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.
Удава-ж няхай выбіраецца ня ме́нш, як шасьцідзесяціго́дняя, якая была жонкаю аднаго мужа,
Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,
дазнаная з добрых учынкаў, ці дзяце́й узгадавала, ці прымала падарожных, ці абмывала ногі сьвятым, ці памагала нешчасьлівым, ці рупілася аб кожную добрую справу.
вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.
А маладых удоў ня прымай, бо яны, разласаваўшыся насупраць Хрысту, хочуць замуж;
А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;
яны падлягаюць асуджэньню, бо адкінулі ране́йшую ве́ру;
яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;
да таго-ж яны, гуляючы, прывучаюцца хадзіць па дамох; дый ня толькі гуляшчыя, але й баўтлівыя, і цікавыя, і гавораць, чаго ня сьле́д.
пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.
Дык хачу, каб маладыя ўдовы йшлі замуж, радзілі дзяце́й, кіравалі домам і не давалі праціўніку ніякае падставы дзеля абмаўляньня:
І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:
бо некаторыя ўжо зьвярнулі на сьле́д шатана.
бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.
Калі які ве́рны ці ве́рная ма́е ўдовы, няхай памагае ім і не абцяжа́е Царквы, каб яна памагала запраўдным удовам.
Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.
Старшыя, якія старшынствуюць добра, варты падвойнае пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.
Бо Пісаньне кажа: не закелза́й вала, які малоціць, і: работнік варты нагароды свае́й (Другазаконьне 25:4; Мацьвея 10:10).
Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».
Абвінава́чаньне на старшага ня йначай прымай, як пры двох ці трох сьве́дках.
Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.
Тых, што граша́ць, дакара́й перад усімі, каб і іншыя страх ме́лі.
Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі заклінаю цябе́ захаваць гэтае, не асуджаючы напе́рад, нічога ня робячы водле ўнады.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.
Рук хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахох; хавай сябе́ чыстым.
Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.
Дый ня пі адну ваду, але ўжывай крыху віна дзеля жывата твайго і частых тваіх недамаганьняў.
У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
Грахі ў іншых людзе́й яўныя, і напе́радзе вядуць на асуджэньне, а за іншымі ідуць сьле́дам.
Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.
Гэтак сама і добрыя ўчынкі напе́рад яўныя; а калі інакш, схавацца ня могуць.
Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.