1 да Цімафея 6 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў годнымі ўсякай павагі, каб не зневажалася імя Божае і навука.
Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
Тыя, хто мае веруючых гаспадароў, няхай не пагарджаюць імі, што яны браты, але няхай больш служаць ім, бо яны веруючыя і ўмілаваныя, і здзяйсняюць добрую справу. Гэтаму навучай і да гэтага заклікай.
Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
Калі хто навучае інакш і не трымаецца здаровых словаў Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама згоднага з пабожнасцю вучэння,
Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
той заганарыўся, нічога не ведае, але мае хваравітую схільнасць да пытанняў і слоўных спрэчак. З гэтага ўзнікаюць зайздрасць, гнеў, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні,
той — гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
няспынныя спрэчкі пазбаўленых праўды людзей з сапсаваным мысленнем, якія лічаць, што пабожнасць — гэта прыбытак.
пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем — гэта вялікая карысць.
Вялікі набытак — быць пабожным і задаволеным.
Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці.
Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым.
Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі.
А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
Бо корань усялякага зла — гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам.
бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
Ты ж, чалавеча Божы, пазбягай гэтага, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці.
А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.
пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
Перад Богам, які дае жыццё ўсяму, і перад Езусам Хрыстом, які даў перад Понціем Пілатам добрае сведчанне,
Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
наказваю табе захоўваць запаведзь чыстай і беззаганнай аж да аб’яўлення Пана нашага Езуса Хрыста,
захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
якое ў свой час пакажа шчаслівы і адзіны моцны, Кароль над каралямі і Пан над панамі,
якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
адзіны несмяротны, які жыве ў недаступным святле, якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа. Яму пашана і вечная моц. Амэн.
адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
Багатым гэтага веку загадвай, каб завысока пра сябе не думалі і не спадзяваліся на няпэўнае багацце, але на Бога, які шчодра дае нам усё для карыстання.
Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
Няхай робяць дабро, багацеюць добрымі ўчынкамі, будуць шчодрымі, дзяляцца з іншымі.
каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
Так, збіраючы сабе добры скарб на будучае, забяспечаць сабе сапраўднае жыццё.
зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
О Цімафею, беражы гэты дэпазіт веры, пазбягай бязбожнага пустаслоўя, а таксама супярэчнасцяў фальшывага пазнання,
О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
ідучы за якім, некаторыя адышлі ад веры. Ласка з вамі.
аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.