1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
Прыгадваю вам, браты, Евангелле, якое я вам раней вясціў і якое вы прынялі ды ў якім трываеце,
Прыпамінаю вам, браты, Эванэлію, што я вясьціў вам, якую вы й прынялі ды ў якой і стаіце;
і праз якое збаўляецеся, калі яго захаваеце такім, якім я вясціў вам, інакш уверылі вы надарма.
каторай і збавіцеся, калі захаваеце яе такою, якую вясьціў я вам, калі толькі не надарма уверылі.
Бо я перш перадаў вам тое, што і я прыняў, што Хрыстос памёр за нашы грахі паводле Пісання,
Бо перш усяго я пераказаў вам тое, што і сам прыняў быў: што Хрыстус умёр за нашыя грахі паводле Пісання,
і што быў пахаваны, і што ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
і што Ён быў пахаваны ды трэцяга дня згробуўстаў паводле Пісання,
і што з’явіўся Кіфу, і затым дванаццаці,
ды што зьявіўся Кэфасу і дванаццацём.
што пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова; большасць з іх жыве дасюль, некаторыя і паўміралі;
Потым відзелі Яго болей, чым пяцьсот асоб разам, зь якіх бальшыня й дагэтуль жывуць, некаторыяж паўміралі.
пасля паказаўся Якубу, пазней усім Апосталам,
Пасьля зьявіўся Якубу дый усім Апосталам.
напрыканцы, як неданоску, ужо па ўсіх, паказаўся таксама мне.
Наапошку-ж па ўсіх, як якому неданоску, зьявіўся і мне;
Бо я найменшы з Апосталаў і няварты называцца Апосталам, бо я пераследаваў Царкву Божую.
я бо найменшы з Апосталаў, я не дастойны называцца Апосталам бо прасьледаваў Божую Эклезію.
Але з ласкі Бога ёсць тым, кім ёсць, ды дадзеная мне ласка Яго не была дарэмнай. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, дый не я, аднак, але ласка Божая са мною.
З ласкі тоьлкі Божай я ёсьць тым, чым ёсьць, і ласка Яго ня была ў-ва мне дарэмнаю; бо-ж я працаваў болей за іх усіх; дый не я, але ласка Божая зы мною.
Дык ці я, ці яны, мы так прапаведуем, каб вы так паверылі.
Але ці я, ці яны, тое самае прапаведваем і вы ў тое самае уверылі.
Калі аб Хрысце прапаведуецца, што Ён уваскрос з мёртвых, дык як некаторыя паміж вас кажуць, што няма ўваскрэсення мёртвых?
Калі-ж аб Хрыстусе апавяшчаецца, што Ён згробуўстаў, дык якжа могуць некаторыя з вас казаць, што няма згробуўстання умёршых?
Калі няма ўваскрэсення мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос.
Калі бо няма згробуўстання умёршых, дык і Хрыстус ня ўстаў з гробу;
А калі Хрыстос не ўваскрос, дык дарэмнае навучанне наша, ды дарэмная таксама вера ваша.
а калі ня згробуўстаў Хрыстус, дык дарэмнае навучанне нашае, дарэмная вера вашая.
А мы аказаліся б фальшывымі сведкамі Бога, бо мы сведчым пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць.
І мы тады аказалісяб непраўдзівымі сьветкамі Бога, бо сьветчыліб супроць Бога, што ён ускрасіў Хрыстуса, Якога не ўскрасіў, калі умёршыя не ўстаюць з гробу.
Калі памерлыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос.
Бо-ж калі умёршыя не ўстаюць з гробу, дык не ўстаў і Хрыстус.
А калі Хрыстос не ўваскрос, неразумная вера ваша, і вы дасюль застаецеся ў грахах сваіх.
А як ня ўстаў з гробу Хрыстус, дык дарэмная вера вашая: вы яшчэ ў грахох вашых;
Дык тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, загінулі.
дый і ўмёршыя ў Хрыстусе пагінулі.
Калі ў гэтым жыцці толькі мы спадзяёмся на Хрыста, дык мы найнешчаслівейшыя з усіх людзей.
Калі мы толькі ў гэтым жыцьці на Хрыстуса спадзяёмся, дык мы найнешчасьлівейшыя з усіх людзей.
Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых — першынец сярод памерлых.
Але-ж Хрыстус такі згробуўстаў — першанец між паснуўшымі.
Бо як праз чалавека смерць, так праз чалавека і ўваскрэсенне з мёртвых;
Як сьмерць бо праз чалавека, гэтак і згробуўстанне праз чалавека.
бо як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць.
І як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрыстусе ўсе ажывуць;
Але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстос, затым тыя, што Хрыстовы, у час прыйсця Яго;
ды кажны сваім ладам: першанец Хрыстус, потым тыя што Хрыстусавы, веручыя ў прыйсьцё Ягонае.
потым канец, калі перадасць Ён валадарства Богу і Айцу ды калі знішчыць усякае начальства, усякую ўладу ды моц.
І ўрэшце — канец: калі-то Ён перадасьць Валадарства Богу й Айцу, зліквідаваўшы ўсякае ўладзтва, гаспадараванне й сіламоц;
Бо Яму належыць валадарыць, аж дакуль пакладзе пад ногі Свае ўсіх ворагаў.
яму бо належыцца Валадарэнне, дакуль не паложыць усіх ворагаў пад ногі свае. (Пс. 109:1).
Апошні вораг будзе знішчаны — смерць.
Іскарэнена будзе апошняя непрыяцелька — сьмерць;
Бо Ён ўсё пакарыў пад ногі Яго. Калі сказана: «Усё падначалена Яму», то, канешне, акрамя Таго, Хто Яму ўсё падначаліў.
ўсё бо падножжам ног Ягоных; калі-ж гаворыцца: Яму ўсё падданае, дык бяссумніўма — апрача Таго, Каторы Яму ўсё падуладніў.
А калі ўжо ўсё будзе Яму падначалена, тады і Сам Сын падначаліцца Таму, Хто Яму падначаліў усё, каб Бог быў усім ва ўсіх.
І як ужо ўсё Яму будзе падуладнена, тады і сам Сын будзе падлягаць Таму, Які ўсё Яму падуладніў, каб быў усё у-ва ўсім.
Бо што робяць тыя, што прымаюць хрост дзеля памерлых? Калі памерлыя наогул не ўваскрасаюць, дык нашто прымаюць хрост дзеля іх?
Інакш бо — штож робяць тые, што прыймаюць хрост за памёршых? Калі памёршыя зусім не згробаштаюць, дык нашто тады хрысьціцца за іх?
Дык нашто і мы ставім сябе штохвіліну пад небяспеку?
Нашто і нам у кажнай хвіліне на небясьпеку выстаўляцца?
Я штодня паміраю, і гэта праз ваша ўхваленне, браты, якое маю ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.
Я кажны дзень выстаўляюся на сьмерць як праўдай ёсьць, што вы, браты, слава мая…ў Хрыстусе Езусе, Усеспадару нашым.
Калі я толькі, як чалавек у Эфесе, змагаўся з дзікімі звярамі, якая карысць мне з таго? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, дык будзем есці і піць, бо заўтра памром.
Каліб я, палюдзку бяручы, ходаўся з зьвяр’ём у Эфэзе, дык што мне з таго за карысьць, калі ўмерлыя не згробуўстануць? Ежма тады й пійма, бо-ж узаўтра памром.
Не падманвайце сябе: «Благія сяброўствы псуюць добрыя звычаі».
Ня дайце сябе зводзіць: благія гутаркі псуюць добрыя звычаі.
Ацверазіцеся як след і перастаньце грашыць! Бо ёсць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. На сорам вам кажу.
Ацьверазецеся належна ды не грашэце; на сорам вам кажучы — некаторыя з вас ня знаюць Бога.
Але скажа нехта: «А як памерлыя ўваскрасаюць? У якім целе прыходзяць яны?»
Але мо скажа хто: “Якжа памёршыя згробуўстануць? Ды ў якім целе прыйдуць?”
О неразумны! Дык жа тое, што ты сееш, не ажыве, калі перш не памрэ.
Някемлівыя. Тое што ты сееш, не ажывіць, калі перш ня умре.
І тое, што сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, але як звычайнае зерне, скажам, пшанічнае або якое іншае.
І тое, што засяваеш, ня ёсьць будучае цела, а голае зерне, напрыклад, пшанічнае, ці якое іншае;
Але Бог дае яму такое цела, якое захацеў; і кожнаму насенню сваё ўласнае цела.
цела-ж яму дае Бог, водле свае волі, і-то кажнаму насенню свомае цела.
Не кожнае цела тое самае цела, але адно ў людзей, іншае ў быдла, а яшчэ іншае ў птушак, ды іншае ў рыб.
Ня кажнае цела адзінакавае, але інакшае цела у людзей, інакшае у быдлят, а йшчэ інакшае у птацтва, або рыбы.
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але адна слава нябесных, іншая зямных.
Ёсьць і целы нябесныя, і целы зямныя, але інакшая аздобнасьць (выгляд) нябесных, а інакшая зямных.
І адна слава сонца, а іншая слава месяца, ды іншая слава зорак; і зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
Інакшая яснасьць сонца, інакшая месяца, а інакша зораў; навет зорка ад зоркі рожніцца яснасьцю.
Падобна і з уваскрэсеннем мёртвых: сеецца на знішчэнне, а ўваскрасае ў незнішчальнасці;
Гэтак вось і згробуўстанне ўмёршых: сеецца, каб сатлела, а ўстае нетлае;
сеецца ў паніжэнні, а ўваскрасае ў славе; сеецца ў кволасці, а ўваскрасае ў моцы;
сеецца ў паніжэнні, а ўстане ў хвале; сееццанемачы, а паўстане ў магуцтве;
сеецца цела душэўнае, а паўстае цела духоўнае. Ёсць цела душэўнае, дык ёсць і духоўнае.
сеецца цела жывёлы, а ўстане цела духовае; бо калі ёсьць цела жывёльнае, дык ёсьць і духовае.
Так вось і напісана: «Стаўся першы чалавек, Адам, жывою душою», а апошні Адам — Духам жыватворчым.
Гэтак і напісана: Стаўся першы чалавек Адам душою жывою, (Быць. 2:7) а апошні Адам — жыцьцятворчым духам.
Аднак перш не тое, што духоўнае, але тое, што душэўнае; духоўнае ж потым.
Але ня духовае перш, а — жывёльнае, духовае потым.
Першы чалавек з зямлі, зямны, другі чалавек — Госпад з неба.
Першы чалавек із зямлі, ён зямны; а другі чалавек — зь неба.
Які зямны, такія і зямныя; які нябесны, такія і нябесныя,
Які зямны, гэткія й зямныя; а які небесны, гэткія й нябесныя;
і як насілі мы вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага.
як, восьжа, мы насілі абраз зямнога, гэтак насем і абраз нябеснага.
Кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць успадкаеміць Валадарства Божага, ды тое, што знішчальнае, не можа мець спадчыны ў незнішчальным.
І скажу вам тое, браты, што цела і кроў ня могуць унасьледзіць валадарства Божага, ані тла не унасьледзіць нетласьці.
Вось кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе будзем пераменены,
Звяшчаю ось тайніцу вам: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся —
адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы; бо затрубіць, і паўстануць памерлыя незнішчальнымі, і мы будзем пераменены.
адразу, вомірг, пры апошняй трубе: бо зайграе труба і мяртвыя згробуўстануць нетлымі ды мы пераменімся.
Бо трэба, каб тое, што знішчальнае, прыадзелася ў незнішчальнасць і смяротнае прыадзелася ў несмяротнасць.
Бо-ж трэба гэтай трухлі ахінуцца ў нетлю, і сьмяротнаму гэтаму ахінуцца ў несьмяротнасьць.
А калі ўжо гэтае знішчальнае прыадзенецца ў незнішчальнасць, і смяротнае гэтае прыадзенецца ў несмяротнасць, тады збудуцца напісаныя словы: «Паглынута смерць перамогаю.
І як гэнае трухлявае прыадзенецца ў нетласьць, а гэнае сьмяротнае адзенецца ў несьмяротнасьць, тады зьдзейсьніцца напісанае слова: Смерць ахлынёная перамогаю (Із. 25:8).
Пекла, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
Дзе тваё джала, сьмерць?
Джала смерці — грэх, а сіла граху — закон.
Джалам сьмерці ёсьць грэх, а сілаю граху — Закон.
Богу ж падзяка, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Богу падзяка, які даў нам перамогу праз Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса!
Дзеля таго, браты мае ўлюбёныя, будзьце стойкімі, непахіснымі, заўсёды рупліва занятымі справай Госпада, ведаючы, што праца ваша недарэмная перад Госпадам.
Гэтак вось, браты мае мілыя, будзьце цьвёрда-стойкімі, у дзеле Божым заўсёды спасьцейлівымі, ведаючы, што мазоль ваш не дарэмны перад Богам.