1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча
Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце,
Прыпамінаю вам, браты, Эванэлію, што я вясьціў вам, якую вы й прынялі ды ў якой і стаіце;
і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі!
каторай і збавіцеся, калі захаваеце яе такою, якую вясьціў я вам, калі толькі не надарма уверылі.
Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і
Бо перш усяго я пераказаў вам тое, што і сам прыняў быў: што Хрыстус умёр за нашыя грахі паводле Пісання,
што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
і што Ён быў пахаваны ды трэцяга дня згробуўстаў паводле Пісання,
і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці.
ды што зьявіўся Кэфасу і дванаццацём.
Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі.
Потым відзелі Яго болей, чым пяцьсот асоб разам, зь якіх бальшыня й дагэтуль жывуць, некаторыяж паўміралі.
Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам.
Пасьля зьявіўся Якубу дый усім Апосталам.
Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.
Наапошку-ж па ўсіх, як якому неданоску, зьявіўся і мне;
Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы.
я бо найменшы з Апосталаў, я не дастойны называцца Апосталам бо прасьледаваў Божую Эклезію.
Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за іх усіх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.
З ласкі тоьлкі Божай я ёсьць тым, чым ёсьць, і ласка Яго ня была ў-ва мне дарэмнаю; бо-ж я працаваў болей за іх усіх; дый не я, але ласка Божая зы мною.
Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.
Але ці я, ці яны, тое самае прапаведваем і вы ў тое самае уверылі.
Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых?
Калі-ж аб Хрыстусе апавяшчаецца, што Ён згробуўстаў, дык якжа могуць некаторыя з вас казаць, што няма згробуўстання умёршых?
Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос!
Калі бо няма згробуўстання умёршых, дык і Хрыстус ня ўстаў з гробу;
А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная.
а калі ня згробуўстаў Хрыстус, дык дарэмнае навучанне нашае, дарэмная вера вашая.
Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць.
І мы тады аказалісяб непраўдзівымі сьветкамі Бога, бо сьветчыліб супроць Бога, што ён ускрасіў Хрыстуса, Якога не ўскрасіў, калі умёршыя не ўстаюць з гробу.
Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос.
Бо-ж калі умёршыя не ўстаюць з гробу, дык не ўстаў і Хрыстус.
А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых.
А як ня ўстаў з гробу Хрыстус, дык дарэмная вера вашая: вы яшчэ ў грахох вашых;
Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі.
дый і ўмёршыя ў Хрыстусе пагінулі.
Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
Калі мы толькі ў гэтым жыцьці на Хрыстуса спадзяёмся, дык мы найнешчасьлівейшыя з усіх людзей.
Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі.
Але-ж Хрыстус такі згробуўстаў — першанец між паснуўшымі.
Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых.
Як сьмерць бо праз чалавека, гэтак і згробуўстанне праз чалавека.
Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены.
І як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрыстусе ўсе ажывуць;
Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага.
ды кажны сваім ладам: першанец Хрыстус, потым тыя што Хрыстусавы, веручыя ў прыйсьцё Ягонае.
Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу.
І ўрэшце — канец: калі-то Ён перадасьць Валадарства Богу й Айцу, зліквідаваўшы ўсякае ўладзтва, гаспадараванне й сіламоц;
Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае.
яму бо належыцца Валадарэнне, дакуль не паложыць усіх ворагаў пад ногі свае. (Пс. 109:1).
Як апошні вораг будзе знішчана смерць,
Іскарэнена будзе апошняя непрыяцелька — сьмерць;
бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё.
ўсё бо падножжам ног Ягоных; калі-ж гаворыцца: Яму ўсё падданае, дык бяссумніўма — апрача Таго, Каторы Яму ўсё падуладніў.
Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
І як ужо ўсё Яму будзе падуладнена, тады і сам Сын будзе падлягаць Таму, Які ўсё Яму падуладніў, каб быў усё у-ва ўсім.
Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны прымаюць за іх хрост?
Інакш бо — штож робяць тые, што прыймаюць хрост за памёршых? Калі памёршыя зусім не згробаштаюць, дык нашто тады хрысьціцца за іх?
Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку?
Нашто і нам у кажнай хвіліне на небясьпеку выстаўляцца?
Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым!
Я кажны дзень выстаўляюся на сьмерць як праўдай ёсьць, што вы, браты, слава мая…ў Хрыстусе Езусе, Усеспадару нашым.
Калі я, як чалавек, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром.
Каліб я, палюдзку бяручы, ходаўся з зьвяр’ём у Эфэзе, дык што мне з таго за карысьць, калі ўмерлыя не згробуўстануць? Ежма тады й пійма, бо-ж узаўтра памром.
Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі.
Ня дайце сябе зводзіць: благія гутаркі псуюць добрыя звычаі.
Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя з вас не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.
Ацьверазецеся належна ды не грашэце; на сорам вам кажучы — некаторыя з вас ня знаюць Бога.
Хтосьці скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?»
Але мо скажа хто: “Якжа памёршыя згробуўстануць? Ды ў якім целе прыйдуць?”
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ.
Някемлівыя. Тое што ты сееш, не ажывіць, калі перш ня умре.
Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага.
І тое, што засяваеш, ня ёсьць будучае цела, а голае зерне, напрыклад, пшанічнае, ці якое іншае;
Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела.
цела-ж яму дае Бог, водле свае волі, і-то кажнаму насенню свомае цела.
Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб.
Ня кажнае цела адзінакавае, але інакшае цела у людзей, інакшае у быдлят, а йшчэ інакшае у птацтва, або рыбы.
Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая — зямных.
Ёсьць і целы нябесныя, і целы зямныя, але інакшая аздобнасьць (выгляд) нябесных, а інакшая зямных.
Іншая слава сонца, іншая — месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
Інакшая яснасьць сонца, інакшая месяца, а інакша зораў; навет зорка ад зоркі рожніцца яснасьцю.
Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці.
Гэтак вось і згробуўстанне ўмёршых: сеецца, каб сатлела, а ўстае нетлае;
Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы.
сеецца ў паніжэнні, а ўстане ў хвале; сееццанемачы, а паўстане ў магуцтве;
Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае.
сеецца цела жывёлы, а ўстане цела духовае; бо калі ёсьць цела жывёльнае, дык ёсьць і духовае.
Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам — жыватворным духам.
Гэтак і напісана: Стаўся першы чалавек Адам душою жывою, (Быць. 2:7) а апошні Адам — жыцьцятворчым духам.
Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае.
Але ня духовае перш, а — жывёльнае, духовае потым.
Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба.
Першы чалавек із зямлі, ён зямны; а другі чалавек — зь неба.
Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя.
Які зямны, гэткія й зямныя; а які небесны, гэткія й нябесныя;
І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага.
як, восьжа, мы насілі абраз зямнога, гэтак насем і абраз нябеснага.
Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.
І скажу вам тое, браты, што цела і кроў ня могуць унасьледзіць валадарства Божага, ані тла не унасьледзіць нетласьці.
Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя,
Звяшчаю ось тайніцу вам: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся —
адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся.
адразу, вомірг, пры апошняй трубе: бо зайграе труба і мяртвыя згробуўстануць нетлымі ды мы пераменімся.
Бо трэба, каб тленнае апранулася ў нятленнасць, а смяротнае апранулася ў несмяротнасць.
Бо-ж трэба гэтай трухлі ахінуцца ў нетлю, і сьмяротнаму гэтаму ахінуцца ў несьмяротнасьць.
Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць.
І як гэнае трухлявае прыадзенецца ў нетласьць, а гэнае сьмяротнае адзенецца ў несьмяротнасьць, тады зьдзейсьніцца напісанае слова: Смерць ахлынёная перамогаю (Із. 25:8).
Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
Дзе тваё джала, сьмерць?
Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон.
Джалам сьмерці ёсьць грэх, а сілаю граху — Закон.
Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
Богу падзяка, які даў нам перамогу праз Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса!
Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.
Гэтак вось, браты мае мілыя, будзьце цьвёрда-стойкімі, у дзеле Божым заўсёды спасьцейлівымі, ведаючы, што мазоль ваш не дарэмны перад Богам.