1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад П. Татарыновіча
Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы.
Хоцьбы я гаварыў мовамі людзей, ці анелаў, а любасьціб ня меў, то я — медзь брынчачая, або цымбал дзынкі.
Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто.
Хоцьбы я меў дар праракавання ды знаў усе тайніцы і ўсякую веду й меў поўную веру так што й горы пераносіўбы, а любасьціб ня меў — я быўбы нічогасьць.
Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.
І хоцьбы раздаў на пажыву бедным усю сваю маемасьць ды выдаў цела маё так што аж гарэўбы, а любасьціб ня меў, нічога мне гэта не паможа.
Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца,
Любасьць доўгацярплівая, ласкавая; любасьць незавісьлівая, пакасьці ня робіць, ня чваніцца;
не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла,
ня буяніць, свайго ня шукае, злосьці не спаганяе, благога не памышляе;
не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай.
не радуецца з крыўды, а суцяшаецца праўдаю;
Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
усё сьцерпіць, усяму верыць, усяго спадзяецца, ўсё ператрывае.
Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца.
Любасьць ніколі ня чэзьне, хоць і прароцтвы занікнуць, мовы замоўкнуць ды веда заняпадзе.
Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым,
Бо мы часткова пазнаём ды часткова й праракуем;
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.
калі-ж надыдзе дасканальнае, міне частковае.
Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае.
Як быў я дзіцем, дык гаварыў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, мяркаваў па-дзіцячаму, а як змужэў, дык выжыўся зь дзіцячага.
Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.
Цяпер мы бачым як у мутлым люстры, наўгад, а тады — тварам у твар; цяпер я пазнаю часткова, а тады пазнаю так, як і сам я пазнаны.
А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.
Цяпер-жа застаецца вера, надзея і любасьць: гэтыя тры, але найбольшая зь іх любасьць.