1 да Карынфянаў 13 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы.
 
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я — медзь звонкая, альбо кімвал гулкі,

Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто.
 
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, — дык я нішто.

Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.
 
І калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, — няма мне ў тым ніякай карысьці.

Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца,
 
Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца,

не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла,
 
ня бушуе, ня шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха,

не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай.
 
ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны;

Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.
 
усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць.

Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца.
 
Любоў ніколі ня мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.

Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым,
 
Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;

а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.
 
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, спыніцца.

Калі я быў дзіцём, то як дзіця гаварыў, як дзіця думаў, як дзіця разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае.
 
Калі я быў дзіцем, дык па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы мысьліў, па-дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае.

Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.
 
Бо цяпер мы бачым як празь цьмянае шкло, наўздогадзь, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.
 
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая.