1 да Карынфянаў 13 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі я гавару на мовах людзей і Анёлаў, але любові не маю, — то я стаў звонкай меддзю ці гулкімі літаўрамі.
 
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я — медзь звонкая, альбо кімвал гулкі,

І калі я маю дар прароцтва і ведаю ўсе таямніцы і ўсё веданне, і калі маю ўсю веру, так каб і горы перастаўляць, а любові не маю, — я нішто.
 
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, — дык я нішто.

І нават калі я раздам усю сваю маёмасць на пракорм бедным, і калі аддам сваё цела, каб мяне пахвалілі12, а любові не маю, то няма мне ніякай карысці.
 
І калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, — няма мне ў тым ніякай карысьці.

Любоў доўга церпіць, любоў міласэрная, любоў не зайздросціць, не выхваляецца, не надзімаецца,
 
Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца,

не паводзіць сябе непрыстойна, не шукае свайго; не раздражняецца, не думае ліха,
 
ня бушуе, ня шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха,

не радуецца няправеднасці, але радуецца разам з праўдай;
 
ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны;

усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё вытрымлівае.
 
усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць.

Любоў ніколі не праходзіць; а калі прароцтвы — яны знікнуць, калі мовы — яны змоўкнуць, калі веды — яны стануць непатрэбнымі.
 
Любоў ніколі ня мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.

Бо мы ведаем часткова і прарочым часткова.
 
Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;

Калі ж прыйдзе дасканалае, — [тады] тое, што частковае, знікне.
 
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, спыніцца.

Калі я быў дзіцем, я гаварыў як дзіця, думаў як дзіця, разважаў як дзіця; калі я стаў мужчынам, я пакінуў дзіцячае.
 
Калі я быў дзіцем, дык па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы мысьліў, па-дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае.

Бо цяпер мы глядзім на адлюстраванне няпэўна, тады ж — тварам у твар; цяпер я ведаю часткова, тады ж пазнаю поўнасцю, як і сам я пазнаны.
 
Бо цяпер мы бачым як празь цьмянае шкло, наўздогадзь, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх — любоў.
 
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая.