1 Калі я гавару на мовах людзей і Анёлаў, але любові не маю, — то я стаў звонкай меддзю ці гулкімі літаўрамі.
2 І калі я маю дар прароцтва і ведаю ўсе таямніцы і ўсё веданне, і калі маю ўсю веру, так каб і горы перастаўляць, а любові не маю, — я нішто.
3 І нават калі я раздам усю сваю маёмасць на пракорм бедным, і калі аддам сваё цела, каб мяне пахвалілі12, а любові не маю, то няма мне ніякай карысці.
4 Любоў доўга церпіць, любоў міласэрная, любоў не зайздросціць, не выхваляецца, не надзімаецца,
5 не паводзіць сябе непрыстойна, не шукае свайго; не раздражняецца, не думае ліха,
6 не радуецца няправеднасці, але радуецца разам з праўдай;
7 усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё вытрымлівае.
8 Любоў ніколі не праходзіць; а калі прароцтвы — яны знікнуць, калі мовы — яны змоўкнуць, калі веды — яны стануць непатрэбнымі.
9 Бо мы ведаем часткова і прарочым часткова.
10 Калі ж прыйдзе дасканалае, — [тады] тое, што частковае, знікне.
11 Калі я быў дзіцем, я гаварыў як дзіця, думаў як дзіця, разважаў як дзіця; калі я стаў мужчынам, я пакінуў дзіцячае.
12 Бо цяпер мы глядзім на адлюстраванне няпэўна, тады ж — тварам у твар; цяпер я ведаю часткова, тады ж пазнаю поўнасцю, як і сам я пазнаны.
13 А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх — любоў.
Каментары ці зноскі:
3 12: У некат. рукап.: спалілі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014