Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1-ы Карынфянаў 11 1 да Карынфянаў 11 разьдзел

1 Будзьце маімі пераймальнікамі, як і я — Хрыста.
2 Але хвалю вас, [браты], за тое, што ўсё маё памятаеце і захоўваеце так паданні, як я вам перадаў.
3 Але хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужу — Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог.
4 Кожны мужчына, які моліцца ці прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву.
5 А кожная жанчына, якая моліцца ці прарочыць з ненакрытай галавой, сароміць сваю галаву; бо гэта тое самае, як калі б яна была паголеная.
6 Бо калі жанчына не накрываецца, то няхай і стрыжэцца; калі ж жанчыне сорамна быць стрыжанай ці паголенай, няхай накрываецца.
7 Бо мужчына не павінен накрываць сабе галаву, таму што ён вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужава.
8 Бо не мужчына з жанчыны, а жанчына з мужчыны;
9 бо і не мужчына быў створаны дзеля жанчыны, а жанчына дзеля мужчыны.
10 Таму жанчына павінна мець на галаве знак улады дзеля Анёлаў.
11 Аднак і жанчына не без мужчыны і мужчына не без жанчыны ў Госпадзе;
12 бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.
13 Разважце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з ненакрытаю галавою?
14 І ці сама прырода не вучыць вас, што калі мужчына мае доўгія валасы, то для яго гэта — ганьба,
15 а калі жанчына мае доўгія валасы, то для яе гэта слава, таму што доўгія валасы дадзены ёй замест пакрывала?
16 А калі хто думае паспрачацца, то такога звычаю не маем ні мы, ні цэрквы Божыя.
17 Але вось які наказ я даю вам і не хвалю вас, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.
18 Бо, па-першае, калі вы збіраецеся ў царкве, чую, што між вас ёсць расколы, я часткова гэтаму веру.
19 Бо павінны быць між вас і розныя погляды, каб выявіліся праўдзівыя між вас.
20 Дык калі вы збіраецеся разам, то гэта не значыць прымаць вячэру Гасподнюю;
21 бо кожны пры ядзе раней бярэ ўласную вячэру, і адзін бывае галодны, а другі п’яны.
22 Ці ж няма ў вас дамоў, каб есці і піць? Ці пагарджаеце царквою Божай і сароміце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Пахваліць вас? За гэта не хвалю.
23 Бо я атрымаў ад Госпада тое, што і перадаў вам, што Госпад Ісус у тую ноч, у якую выдавалі Яго, узяў хлеб
24 і, падзякаваўшы, разламаў яго і сказаў: «Гэта ёсць Маё Цела, якое за вас [помніцца]; рабіце гэта ва ўспамін пра Мяне».
25 Гэтак жа і чашу пасля вячэры Ён узяў, кажучы: «Гэтая чаша ёсць новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі п’яце яе, — ва ўспамін пра Мяне».
26 Бо кожны раз, як вы ясце гэты хлеб і п’яце чашу, — вы абвяшчаеце смерць Госпада, пакуль Ён не прыйдзе.
27 Так што хто будзе есці хлеб і піць чашу Госпада нягодна, той будзе вінаваты перад Целам і Крывёю Госпада.
28 Але няхай чалавек выпрабоўвае сябе і так няхай есць ад хлеба і п’е ад чашы.
29 Бо хто есць і п’е [нягодна], не распазнаючы, што гэта Цела [Госпада], той есць і п’е прысуд сабе.
30 З-за гэтага між вас шмат слабых і хворых, і нямала памірае.
31 Але калі б мы самі сябе судзілі, то нас бы не судзілі;
32 а так нас Госпад судзіць і выхоўвае, каб мы не былі асуджаны з гэтым светам.
33 Так што, мае браты, збіраючыся, каб есці, чакайце адзін аднаго.
34 Калі хто галодны, няхай есць дома, каб не збірацца вам на асуджэнне. Астатняе ж уладжу, як прыйду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014