1 Імкніцеся да любові, рупцеся пра дары духоўныя, але асабліва — каб вы прарочылі.
2 Бо хто гаворыць іншаю моваю, не людзям гаворыць, а Богу; бо ніхто не разумее13, але ў сваім духу ён кажа таямніцы.
3 Той жа, хто прарочыць, людзям кажа на стварэнне, заахвочванне і суцяшэнне.
4 Той, хто гаворыць іншаю моваю, самога сябе будуе; а той, хто прарочыць, царкву будуе.
5 Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі, але лепей, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба толькі ён будзе тлумачыць, каб царква атрымала збудаванне.
6 Але цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гаворачы іншымі мовамі, якую прынясу вам карысць, калі не буду гаварыць да вас ці адкрыццём, ці веданнем, ці прароцтвам, ці навукаю?
7 Нават бяздушныя прадметы, якія выдаюць гукі, ці то флейта, ці то арфа, калі не дадуць адрознення ў танах, як распазнаць тое, што іграецца на флейце ці на арфе?
8 Бо і труба — калі выдасць невыразны гук, хто будзе рыхтавацца да бою?
9 Гэтак і вы, калі не выдадзіце языком выразнага слова, як зразумець тое, што гаворыцца? Бо вы будзеце гаварыць на вецер.
10 Ёсць, магчыма, шмат рознага роду галасоў на свеце, і няма ніводнага [з іх] без сэнсу.
11 Дык калі я не ведаю значэння слоў, то я буду чужаземцам для таго, хто гаворыць, а хто гаворыць, будзе чужаземцам для мяне.
12 Так і вы, калі рупцеся аб духоўным, старайцеся ўзбагацець ім для збудавання царквы.
13 Таму, хто гаворыць іншаю моваю, няхай моліцца, каб патлумачыць.
14 Бо калі я малюся на іншай мове, то дух мой моліцца, але мой розум бясплодны.
15 Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, але спяваць і розумам.
16 Таму што, калі ты будзеш добраслаўляць у духу, то як жа той, хто займае месца недасведчанага ў мовах, скажа «амін» на тваё дзякаванне? Бо ён не разумее, што ты кажаш:
17 бо ты добра дзякуеш, але другі не навучаецца.
18 Дзякую [майму] Богу: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;
19 але ў царкве хачу пяць слоў сказаць сваім розумам, каб і іншых навучыць, чым дзесяць тысяч слоў на іншай мове.
20 Браты, не будзьце дзецьмі розумам; але на ліхое будзьце немаўлятамі, а розумам будзьце сталымі.
21 У законе напісана: «Іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць гэтаму народу, і нават так не паслухаюць Мяне, — кажа Госпад».
22 Так што мовы ёсць знак не для вернікаў, а для бязверных, прароцтва ж не для бязверных, а для вернікаў.
23 Дык, калі ўся царква збярэцца разам, і ўсе будуць гаварыць на іншых мовах, і ўвойдуць недасведчаныя ў мовах ці бязверныя, то ці не скажуць яны, што вы звар’яцелі?
24 Калі ж усе будуць прарочыць і ўвойдзе бязверны ці недасведчаны, то ён выкрываецца ўсімі, судзіцца ўсімі;
25 патаемнае яго сэрца выяўляецца; і тады, упаўшы ніцма, ён паклоніцца Богу, абвяшчаючы, што сапраўды Бог — між вас.
26 Дык што ж, браты? Калі вы збіраецеся, у кожнага ёсць псалом, ёсць вучэнне, ёсць адкрыццё, ёсць мова, ёсць тлумачэнне; няхай будзе ўсё для збудавання.
27 Калі хто гаворыць на іншай мове — няхай гавораць па двое ці, самае большае, па трое, і па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.
28 Калі ж не будзе тлумачальніка, няхай маўчыць у царкве і кажа сабе і Богу.
29 А прарокі няхай гавораць два ці тры, а астатнія няхай разважаюць.
30 А калі будзе адкрыццё другому, што сядзіць, першы няхай маўчыць.
31 Бо вы ўсе адзін за адным можаце прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе падбадзёрваліся.
32 І духі прарокаў паслухмяныя прарокам;
33 бо Бог ёсць Бог не бязладдзя, а міру. Як ва ўсіх цэрквах у святых,
34 [вашы] жонкі ў царквах няхай маўчаць, бо ім не дазваляецца гаварыць, а няхай падпарадкоўваюцца, як і закон кажа.
35 Калі ж яны хочуць што-небудзь даведацца, няхай дома пытаюцца ў сваіх мужоў; бо сорамна жонцы гаварыць у царкве.
36 Ці ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?
37 Калі каму-небудзь здаецца, што ён прарок ці духоўны, той няхай ведае тое, што я пішу вам, — гэта запаведзь14 Госпада;
38 калі ж хто-небудзь не разумее, няхай і не разумее.
39 Так што, браты [мае], рупцеся пра тое, каб прарочыць, але не перашкаджайце гаварыць мовамі;
40 і няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
Каментары ці зноскі:
2 13: Літаральна: не чуе.
37 14: У некат. рукап.: запаведзі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014