Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 да Карынцян 14 Першы да Карынцян 14 разьдзел

1 Ганіцеся за міласьцяй і горача жадайце духоўных дароў, асабліва, каб вы маглі праракаць.
2 Бо хто гукае моваю, ня гукае людзём, але Богу; бо ніхто ня слухае, ён тайны гукае духам;
3 А хто праракае, тый гукае людзём збудаваньне а захочаньне а пацяшэньне.
4 Хто гукае моваю, будуе сябе; а хто праракае, тый будуе царкву.
5 Я зычу, каб вы ўсі гукалі мовамі; але валей, каб праракалі, бо хто праракае, тый пераходзе гукаючага мовамі, хіба, што ён зьясьніць, каб царква адзяржала збудаваньне.
6 Дык цяпер, браты, калі я прыйду да вас, гукаючы мовамі, дык што за карысьць вам, калі ня буду гукаць аб’яўленьням, або знацьцём, або прароцтвам, або навукаю?
7 Гэта ж і няжывыя рэчы, што выдаюць гук, як дудка альбо гарпа; калі б ня было розьніцы ў гуках, як пазнаць, што дудзіць альбо грае гарпа?
8 Таксама калі труба выдаець неазначаны гук, хто будзе гатавацца да бітвы?
9 Гэтак і вы, калі языком вымаўляеце незразумелыя словы, дык як пазнаюць, што вы гукаеце? Вы будзеце гукаць у паветра.
10 Колькі, прыкладам, розных словаў на сьвеце, і ні воднага зь іх няма без азначанага гуку.
11 Калі ж я ня знаю моцы гуку, буду таму, што гукае, чужаземцам, і тый, што гукае, імне чужаземец.
12 Гэтак і вы, будучы рупатлівыя духоўных дароў, старайцеся збыткаваць на збудаваньне царквы.
13 Затым тый, хто гукае моваю, хай моліцца, каб мог зьясьніць.
14 Бо калі я малюся моваю, дух мой моліцца, але розум мой бясплодны.
15 Дык што ж? Буду маліцца духам, але буду маліцца й розумам; буду пяяць духам, але буду пяяць і розумам.
16 Бо, накш кажучы, калі ты дабраславіш духам, як можа тый, што займае месца простага, сказаць «Амін» на твае дзякаваньне? Бо ён ня ведае, што ты кажаш.
17 Бо ты запраўды добра дзякуеш, але другі ня будуецца.
18 Дзякую Богу, што балей за ўсіх вас мовамі гукаю;
19 Але ў царкве зычу валей пяць словаў сказаць розумам сваім, каб і іншых навучыць, чымся дзесяць тысячаў словаў моваю.
20 Браты! ня будзьце дзеці розумам: на ліха будзьце бязьлеткі, але розумам будзьце вырослыя.
21 Напісана ў Законе: «Людзьмі іншых моваў і чужымі вуснамі буду гукаць да люду гэтага, але й гэтак не паслухаюць Мяне, кажа Спадар».
22 Дык мовы ё на знак ня вернікам, але нявернікам; а прароцтвы не нявернікам, але вернікам.
23 Калі ўся царква зыйдзецца разам, і ўсі будуць гукаць мовамі, і простыя ўвыйдуць альбо нявернікі, дык ці ня скажуць яны, што вы шалёныя?
24 Але як усі праракаюць, і ўвыйдзе які нявернік альбо просты, яго ўсі пераконуюць, усі судзяць яго.
25 І тайны сэрца ягонага выяўляюцца, і ён падае ніцма, кланяецца Богу й скажа, што запраўды з вамі Бог.
26 Дык што ж, браты? Як вы зыходзіцеся, кажны з вас мае псальму, мае навуку, мае мову, мае аб’яўленьне, мае выклад, — усе няхай будзе на збудаваньне.
27 Калі хто гукае моваю, хай будзе двух альбо найбалей трох, ды паасобку, і адзін зьясьняй.
28 Калі ж ня будзе зьясьняньніка, няхай ён маўчыць у царкве, а гукае самому сабе й Богу.
29 Прарокі ж няхай два або тры гукаюць, а іншыя няхай разважаюць.
30 Калі ж іншаму седзячаму было аб’яўленьне, няхай першы маўчыць.
31 Бо можаце ўсі адзін за адным праракаць, каб усі вучыліся і ўсі захочаваліся.
32 І духі прароцкія падданыя прарокам;
33 Бо Бог ня ё Бог няраду, але супакою, як у вусіх цэрквах сьвятых.
34 Няхай жанкі маўчаць у цэрквах, бо не дазволена ім гутарыць, але быць падданымі, як і Права кажа.
35 Але, калі яны зычаць навучыцца чагось, няхай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорам жонцы гутарыць у царкве.
36 Ціж ад вас вышла слова Божае? Або да вас адных дасягло?
37 Калі хто ўважае сябе за прароку альбо духоўнага, няхай пазнаець, што я пішу вам, што гэта расказаньне Спадарова;
38 А хто ня ведае, няхай ня ведае.
39 Дык, браты, рупцеся праракаць, але не бараніце гукаць мовамі.
40 Няхай жа ўсе дзеецца гожа а радна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст сьв. Паўлы апостала да Карынцян, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.