Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

1 да Карынцян 7 Першы да Карынцян 7 разьдзел

1 Што ж да тога, праз што вы пісалі, дык добра чалавеку не датыкацца жонкі.
2 Але, каб усьцерагчыся бязулства, кажны май собскую жонку сваю, і кажная май собскага мужа свайго.
3 Муж няхай аддаець належнае жонцы, падобна жонка мужу.
4 Жонка ня мае ўлады над целам сваім, але муж; падобна й муж ня мае ўлады над целам сваім, але жонка.
5 Не спабывайце адно аднаго, хіба із згоды, на якісь час, каб пасьвяціцца да посту а малітвы, і ўзноў будзьце разам, каб шайтан не спакушаў вас зь нястачы самавалоданьня вашага.
6 Кажу гэта, адылі, як дазвол, не як расказаньне.
7 Бо зычу, каб усі людзі былі, нават як я; але кажны мае свой дар ад Бога, адзін гэтак, другі гэнак.
8 Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі б засталіся, як я.
9 Але калі ня могуць валодаваць самы сабою, няхай жэняцца; бо валей жаніцца, чымся распаляцца.
10 А тым, што пабяруцца, ня я расказую, але Спадар: жонцы не разлучацца з мужам;
11 А калі разлучыцца, дык мае заставацца незамужняй або пагадзіцца з мужам сваім, і мужу не пакідаць жонкі.
12 Іншым жа я кажу, а не Спадар: калі які брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць ізь ім, няхай не пакідае яе;
13 І жонка, што мае мужа няверніка, і ён згодны жыць ізь ёю, няхай не пакідае яго;
14 Бо нявернік муж усьвячаецца жонкаю верніцаю, і жонка няверніца ўсьвячаецца мужам вернікам. Накш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.
15 Калі ж нявернік хоча разлучыцца, хай разлучаецца; брат або сястра ў такіх прылучаёх не прыняволены, бо Бог пагукаў нас да супакою.
16 Скуль ведаеш ты, жонка, ці не спасеш мужа? Або скуль ведаеш ты, мужу, ці не спасеш жонкі?
17 Толькі кажны рабі так, як Бог яму прызначыў, і кажны, як Спадар пагукаў. Гэтак я загадую па ўсіх цэрквах.
18 Калі хто пагуканы абрэзаным, не хавайся; калі хто пагуканы неабрэзаным, не абразайся.
19 Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, але дзяржаньне расказаньняў Божых.
20 Хай кажны застаецца ў тым пагуканьню, у каторым пагуканы.
21 Калі нявольнікам ты пагуканы, не парушайся гэтым; але калі можаш стаць вольным, дык валей карыстай з гэтага.
22 Бо нявольнік, пагуканы ў Спадару, завецца вольнік Спадароў; аднолькава й пагуканы вольным завецца нявольнік Хрыстоў.
23 Вы куплены цаною; ня будзьце нявольнікамі людзкімі.
24 Браты, няхай кажны, якім пагуканы, такім заставайся перад Богам.
25 Узглядам дзявоцтва я ня маю расказаньня Спадаровага, але даю раду, як тый, катораму зь міласэрдзя Свайго даў Спадар быць верным.
26 Я дапушчаю, што добра дзеля цяперашняе патрэбы, значыцца, добра чалавеку застацца так, як ён ёсьць.
27 Злучаны ты із жонкаю? ня шукай вывальненьня. Вывальнены ад жонкі, ня шукай жонкі.
28 Калі, адылі, ажэнішся, ня ізгрэшыш; і калі дзеўка выйдзе замуж, ня ізгрэша. Але таковыя будуць мець атугу ў целе; а я вас жалею.
29 Але гэта я вам кажу, браты: час засталы скарочаны, каб маючыя жонкі былі як ня маючыя;
30 І тыя, што плачуць, як ня плачучыя; і тыя, што цешацца, як тыя, што пя цешацца; і купляючыя, як не дзяржачыя;
31 І тыя, што ўжываюць сьвету гэтага, як ненадужываючыя; бо мінае абраз сьвету гэтага.
32 А я зычу, каб вы былі бяз клопату. Нежанаты рупіцца праз справы Спадаровы, як падабацца Спадару;
33 А жанаты рупіцца праз справы сьвету, як падабацца жонцы.
34 Ё розьніца памеж замужкі й дзеўкі; незамужняя рупіцца праз справы Спадаровы, каб быць сьвятой целам і духам; а замужняя рупіцца праз справы сьвету, як падабацца мужу свайму.
35 Кажу гэта дзеля вашае ж карысьці, не каб зрабіць абмежаньне вам, але дзеля таго, што гэта належа і каб служылі Спадару без адхінаньня.
36 Але калі хто ўважае, што ня лець дзеўцы ягонай, каб яна, будучы ў цьвеце, заставалася так, дык няхай робе, што хоця, — ня ізгэша; хай выходзяць замуж.
37 Але хто стаіць цьверда ў сэрцу сваім, ня прысілены патрэбаю, але, маючы ўладу над воляю сваёй, пастанавіў у сэрцу сваім дзяржаць яе дзеўкаю, тый добра робе.
38 Затым, хто выдаець замуж дзеўку сваю, добра робе; а хто не выдаець, робе ляпей.
39 Жонка зьвязана, пакуль жывы муж; калі ж муж ейны памрэць, вольная выйсьці за каго хоча, адно ў Спадару.
40 Але яна шчасьліўшая, калі застанецца так, подле пагляду майго; а, думаю, і я маю Духа Божага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст сьв. Паўлы апостала да Карынцян, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.