Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Што ж, скажам, знайшоў Аўраам, наш прабацька паводле цела?
Што ж, ска́жам, Аўраам, айцец наш, набы́ў па плоці?
Бо, калі Аўраам быў апраўданы з учынкаў, то яму ёсць чым хваліцца, але не перад Богам.
Бо калі Аўраам быў апраўда́ны спра́вамі, ён ма́е чым хвалíцца, але не перад Богам.
Бо што кажа Пісанне? «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць».
Бо што гаво́рыць Пісанне? «Паве́рыў Аўраам Богу, і гэта залічы́лася яму як пра́веднасць».
Таму, хто робіць, плата налічваецца не з ласкі, а з абавязку.
Таму, хто выко́нвае працу, аплата налíчваецца не па мíласці, а па абавя́зку;
А таму, хто не робіць, але веруе ў Таго, Хто апраўдвае грэшніка, яго вера залічваецца ў праведнасць;
а таму, хто не выко́нвае, але ве́руе ў Таго, Хто апра́ўдвае грэ́шніка, вера яго залíчваецца як пра́веднасць.
як і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае праведнасць незалежна ад учынкаў.
Так і Давід называ́е блажэ́нным чалавека, якому Бог залíчвае пра́веднасць незале́жна ад спраў:
«Шчаслівыя тыя, чые беззаконні дараваныя і чые грахі пакрытыя.
«блажэ́нныя тыя, чые беззако́нні праба́чаны і чые грахí пакры́ты;
Шчаслівы чалавек, якому Госпад ні ў якім разе не залічыць граху».
блажэ́нны чалавек, якому Гасподзь не залíчыць граху́».
Дык гэтая шчаслівасць адносіцца да абразання, ці і да неабразання? Бо мы кажам: «Вера была залічана Аўрааму ў праведнасць».
Дык блажэ́нства гэтае даты́чыцца абрэ́заных ці і неабрэ́заных? Мы ка́жам, што Аўрааму вера залічы́лася як пра́веднасць.
Дык як была залічана? Пасля абразання альбо да абразання? Не пасля абразання, а да абразання.
Калі залічы́лася? пасля абрэ́зання ці да абрэ́зання? Не пасля абрэ́зання, а да абрэ́зання.
І ён атрымаў знак абразання — як пячатку праведнасці той веры, якую меў у неабразанні, каб яму быць бацькам усіх тых у неабразанні, хто веруе, каб і ім была залічана праведнасць,
І знак абрэ́зання ён атрымаў як пяча́ць пра́веднасці па веры, якую меў у неабрэ́занні, так што ён стаў айцом усіх ве́руючых у неабрэ́занні, каб і ім залічы́лася пра́веднасць,
і бацькам абразання для тых, хто не толькі мелі абразанне, але і ішлі па слядах веры бацькі нашага Аўраама, якую ён меў у неабразанні.
і айцом абрэ́заных, якія не толькі абрэ́заны, але і ідуць сляда́мі веры айца нашага Аўраама, якую меў ён у неабрэ́занні.
Бо не праз закон было дадзена абяцанне Аўрааму альбо яго патомству, што ён спадкаемец свету, але праз праведнасць веры.
Бо не праз закон Аўрааму, ці пато́мству яго, да́дзена абяца́нне быць спадкае́мцам свету, а праз пра́веднасць веры.
Бо калі спадкаемцы — тыя, хто ад закона, то вера апустошаная і абяцанне не дзейнічае;
Бо калі тыя, што выко́нваюць закон, — спадкае́мцы, то вера ма́рная, абяца́нне бяздзе́йнае;
бо закон нараджае гнеў; а дзе няма закону, няма і злачынства.
бо закон спараджа́е гнеў, а дзе няма закону, няма і парушэ́ння.
Таму спадчыннасць з веры, каб яна была з ласкі, каб абяцанне было цвёрдым для ўсяго патомства, не толькі паводле закона, але і паводле веры нашчадкаў Аўраама, які бацька ўсіх нас,
Таму спадкае́мства — па веры, каб было́ па благада́ці, каб абяца́нне было́ неадме́нным для ўсяго, не толькі па закону, але і па веры, пато́мства Аўраама, які з’яўля́ецца айцом для ўсіх нас, —
як напісана: «Я прызначыў цябе бацькам многіх народаў», бацькам перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае як існае.
як напíсана: «Я паста́віў цябе айцом многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паве́рыў, Які ажыўля́е мёртвых і выкліка́е не існу́ючае да існава́ння.
Ён насуперак надзеі, увераваў у надзеі, што ён стане бацькам многіх народаў згодна са сказаным: «Такое шматлікае будзе тваё патомства».
Ён, насу́перак надзе́і, паве́рыў з надзе́яй, што ста́не айцом многіх народаў, паво́дле ска́занага: «такім будзе пато́мства тваё».
І, не аслабеўшы ў веры, ён не паглядзеў на сваё цела як на ўжо амярцвелае, бо яму было амаль сто гадоў, і на амярцвелае ўлонне Сары;
І, не аслабе́ўшы ў веры, не зважа́ў на цела сваё, амярцве́лае ўжо, бо яму было́ каля ста гадоў, і на амярцве́нне ўло́ння Са́ррынага;
але не засумняваўся нявер’ем у абяцанні Божым, але быў умацаваны вераю, узнёсшы славу Богу,
і ў абяца́нні Божым не ўсумнíўся няве́р’ем, а ўмацава́ўся ў веры, узнёсшы славу Богу
і быў зусім ўпэўнены, што Ён мае сілу і выканаць тое, што абяцаў.
і бу́дучы по́ўнасцю ўпэ́ўненым, што Ён мае сілу вы́канаць абяца́нае.
Таму гэта [і] было залічана яму ў праведнасць.
Таму і залічы́лася яму гэта за пра́веднасць.
І не толькі дзеля яго было напісана, што гэта было залічана яму,
Аднак не толькі ў адносінах да яго напíсана, што залічы́лася яму,
але і дзеля нас, тых, каму будзе залічвацца, хто веруе ў Таго, Які ўваскрэсіў з мёртвых Ісуса, нашага Госпада,
але і адно́сна нас: залíчыцца і нам, ве́руючым у Таго, Хто ўваскрасíў з мёртвых Іісуса, Госпада нашага,
Які быў аддадзены за нашы грахі і ўваскрэшаны дзеля нашага апраўдання.
Які адда́дзены быў за грахí нашы і ўваскрэ́с для апраўда́ння нашага.