Да Рымлянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Дзеля гэтага няма апраўданьня табе, кожны чалавек, які судзіш; бо ў чым ты судзіш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, судзячы.
Таму няма́ апраўда́ння табе, хто б ты ні быў, чалавек, калі су́дзіш іншага, бо тым, што су́дзіш іншага, ты само́га сябе асуджа́еш; бо, су́дзячы, робіш тое са́мае.
А мы ведаем, што суд Божы ёсьць паводле праўды адносна тых, што гэткае ўчыняюць.
А мы ве́даем, што здзяйсня́ецца паво́дле íсціны суд Божы на тых, хто тако́е ро́біць.
Няўжо ж ты думаеш, чалавек, які судзіш тых, што гэткае ўчыняюць, і сам робіш тое самае, што ўцячэш ад суду Божага?
Няўжо́ ты, чалаве́к, су́дзячы тых, хто ро́біць такое, і сам ро́бячы тое ж, разлíчваеш пазбе́гнуць суда́ Бо́жага?
Або багацьцем ласкавасьці Ягонай, і цярплівасьці, і доўгацярплівасьці пагарджаеш, ня ведаючы, што добрасьць Божая вядзе цябе да навяртаньня?
Альбо пагарджа́еш бага́ццем до́брасці, спага́длівасці і доўгацярплíвасці Божай, не разуме́ючы, што до́брасць Божая вядзе цябе да пакая́ння?
Але праз упартасьць тваю і ненавернутае сэрца ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суду Божага,
Аднак з-за ўпа́ртасці сваёй і нераска́янага сэ́рца ты сам сабе́ збіра́еш гнеў на дзень гне́ву і адкрыцця́ пра́веднага суда́ Бо́га,
Які аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных:
Які ко́жнаму дасць паво́дле спраў яго:
тым, якія цярплівасьцю ў добрай справе шукаюць славы, пашаны і незьнішчальнасьці, — жыцьцё вечнае,
тым, якія праз трыва́ласць у добрай спра́ве шука́юць сла́вы, паша́ны і несмяро́тнасці, — жыццё ве́чнае;
а тым, што спрачаюцца і не скараюцца праўдзе, але скараюцца няправеднасьці, — ярасьць і гнеў.
тым жа, якія з-за самаво́льства не скара́юцца íсціне, а аддаю́цца няпра́ўдзе, — я́расць і гнеў.
Прыгнёт і ўціск кожнай душы чалавека, які робіць ліхое, перш Юдэя, і Грэка!
Го́ра і паку́ты на ко́жную душу́ чалаве́ка, які ро́біць зло: найпе́рш Іудзея, а потым і Э́ліна;
Слава, і пашана, і супакой усякаму, хто робіць добрае, перш Юдэю, і Грэку!
сла́ва ж, паша́на і мір ко́жнаму, хто ро́біць дабро́: найпе́рш Іудзе́ю, а потым і Э́ліну.
Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.
Бо няма́ прадузя́тасці ў Бо́га.
Бо тыя, якія без Закону зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, якія ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаныя.
Тыя, што без зако́ну саграшы́лі, без зако́ну і загíнуць; а тыя, што пад зако́нам саграшы́лі, паво́дле закону асу́джаны бу́дуць,
Бо не слухачы Закону праведныя перад Богам, але выканаўцы Закону будуць апраўданыя.
бо не слухачы́ зако́ну пра́ведныя пе́рад Бо́гам, а выкана́ўцы зако́ну апраўда́ны бу́дуць;
Бо калі пагане, якія ня маюць Закону, паводле прыроды робяць паводле Закону, яны, ня маючы Закону, самі сабе Закон.
бо калі язычнікі, не ма́ючы зако́ну, па прыро́дзе зако́ннае ро́бяць, то, не ма́ючы зако́ну, яны са́мі сабе́ зако́н:
Яны зьяўляюць справы Закону, якія напісаныя ў сэрцах іхніх, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,
яны пака́зваюць, што спра́ва зако́ну напíсана ў іх сэ́рцах, пра што све́дчыць сумле́нне іх, а такса́ма ду́мкі, якія то абвінава́чваюць, то апра́ўдваюць адна́ адну́.
у дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя [ўчынкі] людзей, паводле Эвангельля майго, праз Ісуса Хрыста.
Гэта адбу́дзецца ў дзень, калі, паво́дле дабраве́сця майго́, Бог бу́дзе судзíць та́йныя ўчы́нкі людзе́й праз Іісу́са Хрыста́.
Вось, ты завешся Юдэем, і супакойваеш сябе Законам, і хвалішся Богам,
Вось, ты называ́ешся Іудзе́ем, і спадзяе́шся на зако́н, і хва́лішся Бо́гам,
і ведаеш волю [Ягоную], і выпрабоўваеш, што лепшае, будучы навучаным у Законе.
і ве́даеш во́лю Яго, і разуме́еш, што́ пра́вільна, бу́дучы наву́чаны зако́нам,
І ты перакананы пра сябе, што ты — павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў цемры,
і ўпэ́ўнены ў сабе́, што ты — павады́р сляпы́х, святло́ для тых, хто ў це́мры,
выхавацель неразумных, настаўнік немаўлят, які мае ў Законе выгляд веданьня і праўды.
выхава́льнік неразу́мных, наста́ўнік не́вукаў, які ма́е ў зако́не ўзор ве́даў і íсціны;
Дык ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога.
як жа ты, навуча́ючы іншага, сябе́ само́га не навуча́еш?
Абвяшчаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не чужаложыць, чужаложыш, брыдзячыся ідаламі, чыніш сьвятакрадзтва.
прапаве́дуючы не кра́сці — кра́дзеш? ка́жучы не пралюбадзе́йнічаць — пралюбадзе́йнічаеш? пагарджа́ючы íдаламі — рабу́еш ка́пішчы?
Ты, які хвалішся Законам, праз парушэньне Закону Бога зьневажаеш.
ты, які хва́лішся зако́нам, парушэ́ннем зако́на га́ньбіш Бо́га?
Бо праз вас на імя Божае блюзьніцца ў паганаў, як напісана.
Бо з-за вас, як напíсана, імя́ Бо́жае зневажа́ецца ў язы́чнікаў.
Бо абразаньне карыснае, калі выконваеш Закон; а калі ты парушальнік Закону, абразаньне тваё сталася неабразаньнем.
Абрэ́занне тады́ кары́снае, калі выко́нваеш зако́н; а калі ты паруша́льнік зако́ну, то абрэ́занне тваё ста́ла неабрэ́заннем.
Дык калі неабрэзаны захоўвае пастановы Закону, ці не залічыцца яму ягонае неабразаньне за абразаньне?
Дык вось, калі неабрэ́заны захо́ўвае патрабава́нні зако́ну, то яго неабрэ́занне хіба́ не залíчыцца за абрэ́занне?
І неабрэзаны паводле прыроды, які спаўняе Закон, будзе судзіць цябе, парушальніка Закону, які з літарай і абразаньнем.
і неабрэ́заны па прыро́дзе, які выко́нвае зако́н, хіба́ не асу́дзіць цябе, які, не зважа́ючы на Піса́нне і абрэ́занне, паруша́еш зако́н?
Бо ня той Юдэй, хто гэтакі яўна, і ня тое абразаньне, якое яўнае на целе,
Бо Іудзе́й — не той, хто зне́шне такі, і абрэ́занне — не тое, якое зне́шняе, па пло́ці;
але хто ва ўтоенасьці Юдэй, і [ў якога] абразаньне сэрца Духам, а ня літарай, такому пахвала не ад людзей, але ад Бога.
а Іудзей — той, хто ўну́трана такі, і абрэ́занне — тое, якое ў сэ́рцы, па ду́ху, а не па лíтары; яму і пахвала́ не ад людзе́й, а ад Бога.