Да Рымлянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дзеля гэтага няма апраўданьня табе, кожны чалавек, які судзіш; бо ў чым ты судзіш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, судзячы.
Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае.
А мы ведаем, што суд Божы ёсьць паводле праўды адносна тых, што гэткае ўчыняюць.
А мы ведаем, што суд Божы справядлівы над тымі, хто так робіць.
Няўжо ж ты думаеш, чалавек, які судзіш тых, што гэткае ўчыняюць, і сам робіш тое самае, што ўцячэш ад суду Божага?
Няўжо ты думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, хто так робіць, хоць і сам робіш тое самае, уцячы ад Божага суда?
Або багацьцем ласкавасьці Ягонай, і цярплівасьці, і доўгацярплівасьці пагарджаеш, ня ведаючы, што добрасьць Божая вядзе цябе да навяртаньня?
А можа пагарджаеш багаццем Божай дабрыні, лагоднасці і доўгацярплівасці, не разумеючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
Але праз упартасьць тваю і ненавернутае сэрца ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суду Божага,
За тваю жорсткасць і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога,
Які аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных:
які аддасць кожнаму паводле ягоных учынкаў:
тым, якія цярплівасьцю ў добрай справе шукаюць славы, пашаны і незьнішчальнасьці, — жыцьцё вечнае,
тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, — вечнае жыццё,
а тым, што спрачаюцца і не скараюцца праўдзе, але скараюцца няправеднасьці, — ярасьць і гнеў.
а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, — гнеў і абурэнне.
Прыгнёт і ўціск кожнай душы чалавека, які робіць ліхое, перш Юдэя, і Грэка!
Нядоля і ўціск спаткае кожнага чалавека, які чыніць зло: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
Слава, і пашана, і супакой усякаму, хто робіць добрае, перш Юдэю, і Грэку!
А хвала, пашана і спакой — кожнага, хто чыніць дабро: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.
Таму што Бог не зважае на асобу!
Бо тыя, якія без Закону зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, якія ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаныя.
Тыя, што, не маючы Закону, зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, што ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаны.
Бо не слухачы Закону праведныя перад Богам, але выканаўцы Закону будуць апраўданыя.
Бо не тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але тыя, што выконваюць, будуць апраўданыя.
Бо калі пагане, якія ня маюць Закону, паводле прыроды робяць паводле Закону, яны, ня маючы Закону, самі сабе Закон.
Калі язычнікі, не маючы Закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы Закону, яны самі сабе закон.
Яны зьяўляюць справы Закону, якія напісаныя ў сэрцах іхніх, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,
Яны паказваюць, што Закон упісаны ў іх сэрцы, аб чым сведчыць іхняе сумленне ды думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну
у дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя [ўчынкі] людзей, паводле Эвангельля майго, праз Ісуса Хрыста.
ў дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя ўчынкі людзей паводле майго дабравесця праз Езуса Хрыста.
Вось, ты завешся Юдэем, і супакойваеш сябе Законам, і хвалішся Богам,
Калі ты завешся юдэем і супакойваеш сябе Законам, хвалішся Богам
і ведаеш волю [Ягоную], і выпрабоўваеш, што лепшае, будучы навучаным у Законе.
і ведаеш Яго волю, умееш распазнаваць найважнейшае, навучаны дзякуючы Закону,
І ты перакананы пра сябе, што ты — павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў цемры,
калі перакананы, што ты правадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
выхавацель неразумных, настаўнік немаўлят, які мае ў Законе выгляд веданьня і праўды.
выхавацель неразумных, настаўнік малых, які мае ў Законе прыклад пазнання і праўды,
Дык ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога.
то ці ж, навучаючы другога, не вучыш самога сябе? Навучаючы не красці, крадзеш?
Абвяшчаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не чужаложыць, чужаложыш, брыдзячыся ідаламі, чыніш сьвятакрадзтва.
Кажучы, не чужалож, чужаложыш? Маючы агіду да ідалаў, чыніш святатацтва?
Ты, які хвалішся Законам, праз парушэньне Закону Бога зьневажаеш.
Хвалішся Законам, а, парушаючы Закон, зневажаеш Бога?
Бо праз вас на імя Божае блюзьніцца ў паганаў, як напісана.
Як напісана: «Праз вас імя Божае зневажаецца сярод язычнікаў».
Бо абразаньне карыснае, калі выконваеш Закон; а калі ты парушальнік Закону, абразаньне тваё сталася неабразаньнем.
Абразанне карысна, калі выконваеш Закон. Калі ты парушаеш Закон, то тваё абразанне сталася неабразаннем.
Дык калі неабрэзаны захоўвае пастановы Закону, ці не залічыцца яму ягонае неабразаньне за абразаньне?
Таму, калі неабрэзаны выконвае наказы Закону, то ці не залічыцца яму яго неабразанне за абразанне?
І неабрэзаны паводле прыроды, які спаўняе Закон, будзе судзіць цябе, парушальніка Закону, які з літарай і абразаньнем.
І неабрэзаны, выконваючы Закон, ці не асудзіць цябе, бо ты нягледзячы на літару Закону і абразанне парушаеш Закон?
Бо ня той Юдэй, хто гэтакі яўна, і ня тое абразаньне, якое яўнае на целе,
Таму што не той юдэй, хто такі знешне, і не тое абразанне, якое знешне на целе,
але хто ва ўтоенасьці Юдэй, і [ў якога] абразаньне сэрца Духам, а ня літарай, такому пахвала не ад людзей, але ад Бога.
але хто ўнутры юдэй і абразанне мае ў сэрцы паводле духа, а не паводле літары. Такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.