Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык што скажам? Ці будзем заставацца ў граху, каб памножылася ласка? Няхай ня станецца!
Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
Мы, якія памерлі для грэху, як яшчэ будзем жыць у ім?
Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
Ці вы ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную ахрысьціліся?
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
Дык мы пахаваныя з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрос з мёртвых праз славу Айца, так і мы хадзілі ў абнаўленьні жыцьця.
Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Бо калі мы сталіся злучанымі з Ім падабенствам сьмерці Яго, дык будзем [злучаны] і [падабенствам] уваскрасеньня,
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
ведаючы тое, што стары наш чалавек укрыжаваны, каб зьнішчана было цела грэху, каб нам не служыць ужо грэху;
ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
бо хто памёр, той апраўданы ад грэху.
бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
А калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем з Ім,
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, больш не памірае, сьмерць больш над Ім не пануе.
ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
Бо, што Ён памёр, памёр раз дзеля грэху, а што жыве, жыве дзеля Бога.
Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
Гэтак і вы лічыце сябе памёршымі дзеля грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Дык няхай не валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажаданьнях ягоных.
Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
І не аддавайце грэху члены вашыя як зброю няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як ажыўшых з мёртвых, і члены вашыя [аддайце] Богу як зброю праведнасьці.
і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
Бо грэх ня будзе панаваць над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
Дык што? Ці будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкаю? Няхай ня станецца!
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
Ці вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяцё сябе на службу, каб [быць яму] паслухмянымі, таго вы і слугі, каго слухаецеся: ці грэху — на сьмерць, ці паслухмянасьці — на праведнасьць.
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
Ласка Божая, што вы [раней] былі слугамі грэху, але сэрцам сталі паслухмянымі [гэтаму] кшталту вучэньня, якое дадзена вам.
Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
Вызваліўшыся ж ад грэху, вы сталіся слугамі праведнасьці.
А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
Па-чалавечаму гавару дзеля нядужасьці цела вашага. Бо, як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасьці і беззаконьню на беззаконьне, гэтак цяпер аддайце члены вашыя на службу праведнасьці на сьвятасьць.
Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
Бо калі вы былі слугамі грэху, былі вы вольнымі ад праведнасьці.
Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
Дык які плод вы мелі тады, што цяпер гэтага саромеецеся? Бо канец гэтакіх — сьмерць.
Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
А цяпер, вызваліўшыся ад грэху і стаўшыся слугамі Бога, вы маеце плод свой на сьвятасьць, а канец — жыцьцё вечнае.
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
Бо плата за грэх — сьмерць, а дар [ласкі] Божай — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.