Да Рымлянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста,

праз Якога таксама маем вераю доступ да тае ласкі, у якой стаім і хвалімся надзеяй славы Божай.
 
праз якога, дзякуючы веры, мы атрымалі доступ да той ласкі, у якой трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую.

І ня толькі [гэтым], але хвалімся і ў прыгнётах, ведаючы, што прыгнёт робіць цярплівасьць,
 
І не толькі гэтым, але ганарымся таксама ўціскам, ведаючы,

а цярплівасьць — выпрабаванасьць, а выпрабаванасьць — надзею,
 
што ўціск нараджае цярплівасць, цярплівасць — вытрываласць, вытрываласць — надзею,

а надзея ня ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Сьвятога, Які нам дадзены.
 
а надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам.

Бо Хрыстос, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных.
 
Хрыстус, калі мы былі яшчэ слабымі, у вызначаны час памёр за бязбожных.

Бо за праведнага наўрад ці хто памрэ; хіба за добрага можа хто і адважыцца памерці.
 
Бо наўрад ці нехта памрэ за справядлівага. Можа, за добрага чалавека нехта і адважыцца памерці.

А Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі [яшчэ] грэшнікамі.
 
Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі.

Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы крывёю Ягонай, збаўленыя будзем праз Яго ад гневу.
 
Тым больш цяпер, апраўданыя Яго крывёю, мы будзем збаўленыя праз Яго ад гневу!

Бо калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, шмат больш, пагадзіўшыся, будзем збаўленыя праз жыцьцё Ягонае.
 
Бо калі мы, будучы непрыяцелямі, паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына, то, паяднаўшыся, мы тым больш збавімся праз Яго жыццё.

І ня толькі [гэтае], але таксама хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне.
 
І не толькі гэта, але таксама ганарымся ў Богу праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер паяднанне.

Дзеля гэтага, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, і гэтак сьмерць перайшла на ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі.
 
Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, таму што ўсе зграшылі.

Бо да Закону грэх быў у сьвеце; але грэх ня лічыцца, калі няма закону.
 
Бо і перад Законам грэх быў у свеце, але грэх не залічваецца, калі няма Закону.

Аднак сьмерць валадарыла ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі на падабенства праступку Адама, які ёсьць вобраз Таго, Які мае быць.
 
Аднак смерць валадарыла ад Адама аж да Майсея нават над тымі, хто не зграшыў падобна граху Адама, які ёсць правобразам будучага.

Але дар [ласкі] ня гэткі, як грэх. Бо калі праз грэх аднаго памерлі многія, шмат большая ласка Божая, і дар ласкі праз аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, памножыцца для многіх.
 
Але з дарам ласкі не так, як з упадкам. Бо калі з-за ўпадку аднаго памерлі многія, то нашмат больш ласкі Божай і дару аднаго чалавека, Езуса Хрыста, сышло на многіх.

І дар не такі, як тое, што праз аднаго, які зграшыў; бо суд праз таго аднаго — на асуджэньне, а дар [ласкі] — на апраўданьне ад многіх грахоў.
 
І гэты дар не з прычыны аднаго, які зграшыў, бо калі прысуд быў вынесены за адзін упадак, то ласка прынесла апраўданне за многія ўпадкі.

Бо калі праз грэх аднаго сьмерць валадарыла праз аднаго, шмат больш тыя, якія атрымалі багацьце ласкі і дар праведнасьці, будуць валадарыць у жыцьці праз аднаго Ісуса Хрыста.
 
Калі з-за ўпадку аднаго смерць запанавала праз аднаго, то нашмат больш тыя, якія атрымалі шчодрую ласку і дар справядлівасці, будуць валадарыць у жыцці дзякуючы аднаму — Езусу Хрысту.

Таму, як праз грэх аднаго ўсім людзям асуджэньне, гэтак праз праведнасьць аднаго ўсім людзям апраўданьне на жыцьцё.
 
Як упадак аднаго прынёс усім людзям асуджэнне, так і справядлівасць аднаго прынесла жыцця дайнае апраўданне ўсім людзям.

Бо як праз непаслухмянасьць аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі, так і праз паслухмянасьць аднаго многія зробяцца праведнымі.
 
Бо як праз непаслухмянасць аднаго чалавека многія сталі грэшнікамі, так і праз паслухмянасць аднаго многія стануць справядлівымі.

А Закон прыйшоў пасьля, каб памножыць грэх. А калі памножыўся грэх, тым больш удосталь ласкі,
 
Закон жа ўвайшоў, каб памножыўся грэх. А дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка;

каб, як грэх валадарыў у сьмерці, гэтак і ласка валадарыла праз праведнасьць на жыцьцё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
 
каб, як грэх запанаваў з прычыны смерці, так і ласка запанавала праз справядлівасць дзеля жыцця вечнага праз Езуса Хрыста, Пана нашага.