Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык што скажам? Ці будзем трываць у граху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!
Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
Бо калі мы памерлі для граху, дык як жа жыць у ім будзем?
Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
Ці ж вы не ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Ісуса Хрыста, ахрышчаны ў смерць Яго?
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваны ў смерць, каб, як Хрыстос быў уваскрашоны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём.
Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Бо калі мы аб’яднаны з Ім падобнасцю Яго смерці, дык будзем аб’яднаны падобнасцю і ўваскрэсення.
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
Ведаем гэта, што для знішчэння грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны на тое, каб мы больш не служылі граху.
ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
Хто бо памёр, апраўдаўся ад граху.
бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем,
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім не мае ўлады.
ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для граху, а што жыве, то жыве для Бога.
Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
Так і вы лічыце сябе памерлымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.
Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым смяротным целе, каб вам слухацца яго ў пажадлівасцях.
Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
Не аддавайце граху члены вашы як зброю несправядлівасці, але аддавайце сябе Богу як тыя, што пасля смерці ажылі, ды члены вашы Богу як зброю справядлівасці.
і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкай? Аніяк!
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
Ці ж не ведаеце, што, каму аддаяце сябе паслугачом на паслухмянасць, становіцеся таго вы паслугачамі, каму паслухмяныя: ці граху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць.
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
Дзякуй Богу, што вы, якія былі нявольнікамі граху, ад шчырага сэрца паслухаліся таго ладу навукі, у якую вы аддалі сябе.
Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
Вызваленыя ж ад граху, вы сталіся паслугачамі справядлівасці.
А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашы на службу нячыстасці і нягоднасці на беззаконне, так аддавайце цяпер члены вашы на службу справядлівасці на асвячэнне.
Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
Калі вы былі нявольнікамі граху, тады былі вы свабоднымі ад справядлівасці.
Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
Які ж вы мелі плод тады з таго, чаго цяпер саромеецеся? Бо канец гэтага — смерць!
Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
Цяпер жа, вызваленыя ад граху ды ўчыненыя паслугачамі Бога, маеце плод ваш на асвячэнне, а канец — жыццё вечнае!
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
Бо плата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.
Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.