Да Рымлянаў 12 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашы ў ахвяру жывую, святую, мілую Богу на разумнае служэнне ваша.
Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння.
І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму вашага, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, добрая, прыемная, дасканалая.
І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае.
Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб не думалі аб сабе вышэй, чым належыць, але каб думалі цвяроза, паводле той меры веры, якую вызначыў Бог.
Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам.
Бо як у адным целе маем многа членаў, а ўсе члены не тую самую работу маюць,
Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі,
так і мы многія ёсць адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: калі дар прароцтва — то згодна з верай,
Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю.
калі служэнне — то для служэння, калі хто навучае — для навучання,
Калі служэнне — служыць; калі настаўніцтва — навучаць;
калі хто заахвочвае — для заахвочвання; калі хто раздае — у прастаце сэрца, калі хто старшынствуе — дык рупліва, калі хто мілуе — дык з ахвотаю.
калі заахвочванне — заахвочваць; калі размеркаванне — раздаваць у прастаце; калі кіраванне — кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю.
Любоў хай будзе без крывадушнасці. Адварочвайцеся ад ліха, прыгартайцеся да дабра;
Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра;
шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, у пашане адзін аднаго апераджаючы;
любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці,
у рупнасці не слабейце, духам палаючы, Госпаду служачы,
у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану.
у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,
Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя;
бярыце ўдзел у патрэбах святых, будзьце гасцінныя.
падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць.
Дабраслаўляйце пераследавальнікаў сваіх; дабраслаўляйце, а не кляніце!
Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце!
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.
Будзьце між сабой аднадумцамі, не сягайце думкамі высока, але ідзіце ўслед за пакорлівымі. Не будзьце мудрымі самі з сабой.
Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі.
Не аддавайце злом за зло. Дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.
Нікому не адплачвайце злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі.
Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.
Са свайго боку, калі магчыма, жывіце ў спакоі з усімі людзьмі.
Не помсціце, умілаваныя, самі за сябе, але дайце месца гневу, як напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Госпад.
Не помсціце за сябе, умілаваныя, але дайце месца Божаму гневу, бо напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Пан.
Дык, калі будзе галодны вораг твой, накармі яго; калі будзе сасмаглы, дай яму піць. Так вось робячы, вуголле гарачае насыпаеш яму на галаву.
Але, калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі прагне, напаі яго, бо так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле.
Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром.
Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.