Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам. Бо не ўлада, калі не ад Бога. Існуючыя ж улады, Богам устаноўлены.
 
Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам.

Дык хто супрацівіцца ўладзе, прыказанню Бога супрацівіцца. А якія супрацівяцца Яму, нажываюць сабе асуджэнне.
 
Таму той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі на сябе наклічуць прысуд.

Бо начальнікі страшныя не дабрадзеям, але ліхадзеям. Хочаш не баяцца ўлады? Дык рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе.
 
Бо кіраўнікі страшныя не для добрых спраў, але для дрэнных. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе,

Бо гэта паслугач Божы табе на дабро. Калі ж ліха робіш, бойся, бо не надарма меч носіць, бо гэта паслугач Божы, мсціўца на гнеў таму, хто чыніць ліха.
 
бо яна на служэнні ў Бога дзеля твайго дабра. Калі ж робіш зло, бойся, бо не надарма яна носіць меч. Гэта слуга Бога, і спасылае гнеў на таго, хто робіць зло.

Таму трэба быць пакорнымі не толькі дзеля гневу, але і дзеля сумлення.
 
Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з увагі на гнеў, але і з прычыны сумлення.

Дзеля таго і падаткі плаціце, бо тыя, хто на гэта пастаўлены, — паслугачы Божыя, гэтым самым заўсёды занятыя.
 
Дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо тыя, хто няспынна выконвае гэтыя абавязкі, на служэнні ў Бога.

Дык аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.
 
Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак — падатак; каму мыта — мыта; каму боязь — боязь; каму пашану — пашану.

Нікому не будзьце нічога вінаваты, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць другога, выконвае закон.
 
Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон.

Бо прыказанні: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, не пажадай», — ды калі ёсць якая іншая пастанова, — змяшчаюцца ў гэтым вось слове: любі блізкага свайго як сябе самога.
 
Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе.

Любоў не робіць ліха бліжняму, таму любоў ёсць спаўненне закону.
 
Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.

І ведайце гэты час, што ўжо пара нам ад сну паўстаць, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым калі мы ўверылі.
 
Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі.

Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкінем учынкі цемры і адзенемся ў зброю святла.
 
Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла.

Будзем жыць прыстойна, як удзень: не ў абжорстве і п’янствах, не ў распусце і нячыстасці, не ў звадцы ды зайздрасці,
 
Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці,

але адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста ды не апякуйцеся над целам дзеля пажадлівасці.
 
але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.