Да Рымлянаў 13 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады, калі не ад Бога, а тыя, што ёсць, усталяваныя Богам.
Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам.
Так што той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі атрымаюць сабе прысуд.
Таму той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі на сябе наклічуць прысуд.
Боначальнікі — страх не для добрай справы, а для ліхой. А хочаш не баяцца ўлады? Рабі добрае і будзеш мець хвалу ад яе.
Бо кіраўнікі страшныя не для добрых спраў, але для дрэнных. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе,
Бо яна Божы слуга табе на дабро. А калі будзеш чыніць ліхое — бойся; бо недарэмна яна носіць меч; бо яна Божы слуга, яна помсціць у гнеў таму, хто ўчыняе ліхое.
бо яна на служэнні ў Бога дзеля твайго дабра. Калі ж робіш зло, бойся, бо не надарма яна носіць меч. Гэта слуга Бога, і спасылае гнеў на таго, хто робіць зло.
Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з-за гневу, але і з-за сумлення.
Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з увагі на гнеў, але і з прычыны сумлення.
Бо з-за гэтага вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя служкі, гэтым самым заўсёды занятыя.
Дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо тыя, хто няспынна выконвае гэтыя абавязкі, на служэнні ў Бога.
[Дык] аддавайце належнае ўсім: каму падатак — падатак, каму пошліну — пошліну, каму страх — страх, каму пашану — пашану.
Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак — падатак; каму мыта — мыта; каму боязь — боязь; каму пашану — пашану.
Нікому нічога не будзьце вінаватыя, акрамя любові адзін да аднаго; бо той, хто любіць другога, выканаў закон.
Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон.
Бо запаведзі «Не чужалож, не забівай, не крадзі, [не сведчы фальшыва], не пажадай чужога» і іншыя, усе змяшчаюцца ў гэтым наказе: «Любі свайго блізкага, як самога сябе».
Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе.
Любоў не чыніць зла блізкаму; таму любоў — гэта выкананне закона.
Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.
І рабіце так, ведаючы час, што пара ўжо вам прачнуцца ад сну, бо цяпер выратаванне да нас бліжэй, чым калі мы паверылі.
Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі.
Ноч на зыходзе, а дзень наблізіўся. Дык скінем з сябе справы цемры [і] апранемся ў зброю святла.
Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла.
Як удзень, будзем хадзіць прыстойна, не ў гулянках і п’янстве, не ў юрлівасці і распусце, не ў сварцы і зайздрасці.
Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці,
Але апраніцеся ў [нашага] Госпада Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пажадлівасць.
але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.