Да Рымлянаў 7 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Ці вы не ведаеце, браты, бо я кажу тым, хто ведае закон, што закон пануе над чалавекам, пакуль той жывы?
Ці ж не ведаеце, браты, — бо кажу тым, хто ведае Закон, — што Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль той жыве?
Бо замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; калі ж муж памрэ, яна вольная ад мужавага закону.
Замужняя жанчына звязана Законам з жывым мужам. Калі муж памрэ, яна вольная ад мужа паводле Закону.
Дык пры жывым мужу яна будзе называцца чужаложніцаю, калі зробіцца жонкаю іншага мужа; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону, так што яна не чужаложніца, стаўшы жонкаю другога мужа.
Таму, калі жыве муж, а яна будзе жонкай другога, то будзе названа чужаложніцай. Калі ж памрэ муж, яна вольная ад гэтага Закону і не будзе чужаложніцай, выйшаўшы замуж за другога мужчыну.
Так што і вы, браты мае, умярцвёныя для закона праз цела Хрыстова, каб вам належаць другому, з мёртвых Уваскрэшанаму, каб прынеслі мы плод Богу.
Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыста, каб належаць другому, які ўстаў з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.
Бо калі мы былі ў целе, пажадлівасці грахоўныя, выяўленыя законам, дзейнічалі ў нашых членах, каб прынесці плод смерці.
Бо, калі мы былі ў целе, тады грахоўныя страсці праз Закон дзейнічалі ў нашых членах, каб даваць плод смерці.
Але цяпер мы звольнены ад закону, памёршы для яго, якім мы былі ўтрымліваны, так каб служыць нам у навізне духа, а не паводле старой літары.
Цяпер жа, памерлыя для Закону, якім былі звязаны, мы вызваліліся ад яго, каб служыць у новым духу, а не паводле старой літары.
Дык што скажам? Закон — грэх? Зусім не. Але я ўведаў грэх не інакш, як праз закон. Бо я і пажададлівасці не заўважыў бы, калі б закон не казаў : Не пажадай.
Што ж скажам? Закон — грэх? Канешне, не! Але я не пазнаў бы граху, калі б не Закон, бо я не ведаў бы і пажадлівасці, калі б Закон не гаварыў: «Не пажадай».
Але грэх, ухапіўшыся за магчымасць праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсялякую пажадлівасць, бо без закона грэх мёртвы.
Але грэх, пазнаны праз запаведзь, выклікаў ува мне ўсякую пажадлівасць, бо без Закону грэх мёртвы.
А я жыў некалі без закона, але калі прыйшла запаведзь, грэх ажыў,
Я жыў калісьці без Закону, але, калі прыйшла запаведзь, дык грэх ажыў,
а я памёр, і запаведзь на жыццё — зрабілася мне на смерць;
а я памёр. І я ўбачыў, што запаведзь, дадзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці.
бо грэх, ухапіўшыся за магчымасць праз запаведзь, падмануў мяне і забіў праз яе.
Грэх, выкарыстоўваючы магчымасць праз запаведзь, звёў мяне і забіў ёю.
Так што закон святы і запаведзьсвятая, праведная і добрая.
Таму закон святы, і запаведзь святая, і справядлівая, і добрая.
Дык дабро зрабілася мне смерцю? Зусім не. Але ёю зрабіўся грэх, каб ён быў выяўлены як грэх, праз дабро творачы мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіўся празмерна грэшным.
Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Канешне, не! Але грэх, каб стацца грахом, карыстаючыся добрым, прынёс мне смерць, каб грэх праз запаведзь выявіў сваю згубную моц.
Бо мы ведаем, што закон — духоўны, а я цялесны, прададзены граху.
Ведаем, што Закон — духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху.
Бо я не ведаю, што раблю, бо чаго хачу, таго не раблю, а што ненавіджу, тое чыню.
Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу.
Калі ж чыню тое, чаго не хачу, я згаджаюся з законам, што ён добры.
Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры.
Але цяпер ужо не я гэта раблю, а грэх, што жыве ўва мне.
Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне.
Бо ведаю, што ўва мне, гэта значыць, у маім целе не жыве добрае; бо хацець уласціва мне, але рабіць дабро — не.
Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як!
Бо тое добрае, чаго я хачу, я не твару, а тое ліхое, якога не хачу, гэта раблю.
Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.
Калі ж я чыню тое, чаго не хачу, то ўжо не я гэта раблю, а грэх, які жыве ўва мне.
Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.
Дык я знаходжу гэты закон: калі хачу рабіць добрае, мне ўласціва ліхое.
Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло.
Бо я маю асалоду ў законе Божым паводле ўнутранага чалавека,
Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым,
але бачу іншы закон у маіх членах, які змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне палоннікам закону граха, які знаходзіцца ў маіх членах.
але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах.
Няшчасны я чалавек! Хтомяне выбавіць ад цела гэтай смерці?
Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?
Дзякую Богу праз Ісуса Хрыста, нашага Госпада! Дык тады сам я розумам служу закону Божаму, а целам — закону граху.
Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам — закону граху.