Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Усякая душа няхай будзе пакорна вышэйшым уладам, бо няма ўлады, каб не ад Бога; істнуючыя-ж улады ад Бога пастаўлены.
 
Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам.

Дзеля гэтага, хто працівіцца ўладзе, працівіцца Божай пастанове; хто-ж працівіцца, самі на сябе́ прысуд нацягнуць.
 
Таму той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі на сябе наклічуць прысуд.

Бо начальнікі страшныя не для добрых дзе́л, але для благіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе́;
 
Бо кіраўнікі страшныя не для добрых спраў, але для дрэнных. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе,

бо (гэта) ёсьць Божы слуга табе́ на дабро. Калі-ж робіш благое, бойся, бо ён не надарма носіць ме́ч; ён — Божы слуга, імсьціцель на гне́ў робячаму благое.
 
бо яна на служэнні ў Бога дзеля твайго дабра. Калі ж робіш зло, бойся, бо не надарма яна носіць меч. Гэта слуга Бога, і спасылае гнеў на таго, хто робіць зло.

Дзеля гэтага трэба слухацца ня толькі з увагі на гне́ў, але й на сумле́ньне.
 
Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з увагі на гнеў, але і з прычыны сумлення.

Дзеля гэтага-ж вы й падаткі плаціце; бо яны — Божыя служкі, гэтым самым заўсёды занятыя.
 
Дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо тыя, хто няспынна выконвае гэтыя абавязкі, на служэнні ў Бога.

Дык аддавайце кожнаму нале́жнае: каму падатак, падатак; каму мыта, мыта; каму страх, страх; каму чэсьць, чэсьць.
 
Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак — падатак; каму мыта — мыта; каму боязь — боязь; каму пашану — пашану.

Не аставайцеся віннымі нікому нічога, апрача ўзае́мнай любві; бо, хто любіць другога, выпаўніў закон.
 
Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон.

Бо запаведзі: ня блудзі, не забівай, не крадзі, ня сьве́дчы крыва, не жадай чужога, і калі ёсьць іншая запаведзь — зьмяшчаюцца ў вось гэтым слове: любі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Лявіт 19:18).
 
Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе.

Любоў ня робіць благога бліжняму; дык любоў ёсьць выпаўненьне закону.
 
Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.

І гэтак (рабе́це), ве́даючы час, што прыйшла ўжо гадзіна збудзіцца вам зо-сну. Бо цяпе́р бліжэй да нас выбаўле́ньне, чым калі мы ўве́равалі.
 
Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі.

Ноч прайшла, а дзе́нь наблізіўся: дык адкінем справы це́мры і апране́мся ў зброю сьвятла́,
 
Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла.

як у дзе́нь, будзем хадзіць прыстойна, не ў пражорлівасьці ды п’янстве, не ў юрлівасьці ды распусьце, не ў калатні ды зайздрасьці;
 
Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці,

але апране́цеся Госпадам Ісусам Хрыстом і не дагаджайце це́лу ў пажадлівасьці.
 
але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.