Да Рымлянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык няма выбачэньня табе́, кожны чалаве́ча, каторы асуджаеш; бо, чым судзіш другога, асуджаеш сябе́: бо робіш тое самае, асуджаючы.
Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае.
А мы ве́даем, што запраўды суд Божы на тых, што гэткае робяць.
А мы ведаем, што суд Божы справядлівы над тымі, хто так робіць.
Няўжо-ж думаеш ты, чалаве́ча, што ўцячэш ад суда Божага, асуджаючы тых, якія гэткае робяць, ды сам робячы тое-ж?
Няўжо ты думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, хто так робіць, хоць і сам робіш тое самае, уцячы ад Божага суда?
Або багацьцем дабраты, лагоднасьці і доўгацярплівасьці Божае пагарджаеш, не разуме́ючы, што дабрата Божая вядзе́ цябе́ да пакаяньня?
А можа пагарджаеш багаццем Божай дабрыні, лагоднасці і доўгацярплівасці, не разумеючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
Але, праз упартасьць тваю і нераскаянае сэрца, ты сам сабе́ зьбіраеш гне́ў на дзе́нь гне́ву і адкрыцьця праведнага суда ад Бога,
За тваю жорсткасць і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога,
Які уздасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных:
які аддасць кожнаму паводле ягоных учынкаў:
тым, што ста́ласьцяй у добрым дзе́ле шукаюць славы, чэсьці й нятле́ннасьці, — ве́чнае жыцьцё;
тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, — вечнае жыццё,
а тым, што ўпіраюцца і не пакараюцца праўдзе, але аддаюцца няпраўдзе, — ярасьць і гне́ў.
а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, — гнеў і абурэнне.
Сум і уціск кожнай душы чалаве́ка, каторы робіць благое, пе́рш Юдэя, дый Грэка!
Нядоля і ўціск спаткае кожнага чалавека, які чыніць зло: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
Слава-ж і чэсьць і мір усякаму, хто робіць дабро, пе́рш Юдэю, дый Грэку!
А хвала, пашана і спакой — кожнага, хто чыніць дабро: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.
Таму што Бог не зважае на асобу!
Якія без закону саграшылі, без закону й загінуць, а тыя, якія ў законе саграшылі, законам засуджаны будуць
Тыя, што, не маючы Закону, зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, што ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаны.
(бо ня тыя, што слухаюць закон, праведныя перад Богам, але тыя, што выпаўняюць, апраўданы будуць;
Бо не тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але тыя, што выконваюць, будуць апраўданыя.
бо, калі пагане, ня маючы закону, па прыродзе робяць законнае, то, ня маючы закону, яны самі сабе́ закон:
Калі язычнікі, не маючы Закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы Закону, яны самі сабе закон.
яны паказваюць дзе́ла закону, у сэрцах у іх напісанае, аб чым сьве́дчыць сумле́ньне іх і думкі іх, то абвінавачваючыя, то апраўдываючыя адна адну) —
Яны паказваюць, што Закон упісаны ў іх сэрцы, аб чым сведчыць іхняе сумленне ды думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну
у дзе́нь, калі Бог судзіць будзе тайныя ўчынкі людзе́й, водле дабравешчаньня майго, праз Ісуса Хрыста.
ў дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя ўчынкі людзей паводле майго дабравесця праз Езуса Хрыста.
Вось ты заве́шся Юдэем і супакойваеш сябе́ законам, і хвалішся Богам,
Калі ты завешся юдэем і супакойваеш сябе Законам, хвалішся Богам
і ве́даеш волю Яго, і разуме́еш ле́пшае, навучаючыся з закону,
і ведаеш Яго волю, умееш распазнаваць найважнейшае, навучаны дзякуючы Закону,
і пэўны аб сабе́, што ты — павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў це́мры,
калі перакананы, што ты правадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
настаўнік няве́тных, вучыцель малале́тніх, маючы ў законе прыклад ве́даньня і праўды:
выхавацель неразумных, настаўнік малых, які мае ў Законе прыклад пазнання і праўды,
як жа ты, вучачы другога, ня вучыш сябе́ самога?
то ці ж, навучаючы другога, не вучыш самога сябе? Навучаючы не красці, крадзеш?
Навучаючы ня красьці, крадзе́ш? кажучы: не займайся распустай, — сам распусны. Брыдзячыся ідаламі, сьвятое крадзе́ш?
Кажучы, не чужалож, чужаложыш? Маючы агіду да ідалаў, чыніш святатацтва?
Хвалішся законам, а пераступаньнем закону Бога зьнявяжаеш?
Хвалішся Законам, а, парушаючы Закон, зневажаеш Бога?
Бо праз вас імя Божае зьняважаецца ў паганаў, як напісана (Ісая 52:5; Езэкія 36:20).
Як напісана: «Праз вас імя Божае зневажаецца сярод язычнікаў».
Абразаньне карысна, калі выпаўняеш закон; а калі ты — праступнік закону, то абрэзаньне твае́ сталася не́абрэзаньнем.
Абразанне карысна, калі выконваеш Закон. Калі ты парушаеш Закон, то тваё абразанне сталася неабразаннем.
Дык, калі не́абрэзаны выпаўняе пастановы закону, то ці не залічыцца яму яго не́абрэзаньне за абрэзаньне?
Таму, калі неабрэзаны выконвае наказы Закону, то ці не залічыцца яму яго неабразанне за абразанне?
І не́абрэзаны па прыродзе, выпаўняючы закон, ці не асудзіць цябе́, праступніка закону пры пісаньні і абрэзаньні?
І неабрэзаны, выконваючы Закон, ці не асудзіць цябе, бо ты нягледзячы на літару Закону і абразанне парушаеш Закон?
Бо ня той Юдэй, хто (гэтакі) напаказ, і ня тое абрэзаньне, якое напаказ на це́ле;
Таму што не той юдэй, хто такі знешне, і не тое абразанне, якое знешне на целе,
але хто ўнутры Юдэй, і абрэзаньне ў сэрцы, па духу, а не па напісаньні; яму й пахвала не ад людзе́й, але ад Бога.
але хто ўнутры юдэй і абразанне мае ў сэрцы паводле духа, а не паводле літары. Такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.