Да Рымлянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык якое пяршынства Юдэя, ці якая карысьць ад абрэзаньня?
У чым жа перавага юдэяў, ці якая карысць ад абразання?
Вялікае ў-ва ўсіх адносінах, а перадусім у тым, што ім даве́рана слова Божае.
Вялікая ва ўсіх адносінах. Перадусім у тым, што ім давераны словы Бога.
Бо што-ж? калі некаторыя і ня ўве́равалі, дык ці няве́ра іх зьнішчыць ве́ру Божую?
Бо калі некаторыя і сталіся нявернымі, то ці іхняе нявер’е знішчыць Божую вернасць?
Няхай ня ста́нецца! Бог ве́рны, а ўсякі чалаве́к ілжывы, як напісана: Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог-бы, як суджаны будзеш (Псальм 50:6).
Канешне, не! Бог праўдзівы, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог, калі будзеш асуджаны».
Калі-ж няпраўда нашая адкрывае праўду Божую, дык што скажам? няўжо-ж Бог несправядлівы, калі выяўляе гне́ў? — кажу па чалаве́чаму.
Калі ж нашая несправядлівасць адкрывае Божую справядлівасць, дык што скажам? Ці ж Бог, — кажучы па-чалавечы, — несправядлівы, калі гневаецца?
Хай ня ста́нецца! Бо як жа Богу судзіць сьве́т?
Канешне, не! Бо як жа можа Бог асудзіць свет?
Бо, калі праўда Божая мае́ю няпраўдаю на славу Божую ўзвышаецца, за што-ж яшчэ мяне́ судзіць, як грэшніка?
Калі ж праўда Бога праз мой падман узрастае на Яго славу, за што ж яшчэ мяне судзяць, як грэшніка?
І ці не рабіць нам благое, каб вышла дабро, як некаторыя абмаўляюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Праведны суд на такіх!
І ці не рабіць нам дрэннае, каб вышла дабро, як некаторыя абгаворваюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Такіх чакае справядлівы прысуд.
Дык што-ж? ці маем перавагу? Зусім не́: бо мы ўжо даказалі, што і Юдэі, і Грэкі — усе́ пад грэхам,
Дык што ж? Ці маем перавагу? Зусім не, бо мы ўжо сцвердзілі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом,
як напісана: няма праведніка ніводнага;
як напісана: «Няма ніводнага справядлівага,
няма разуме́ючага; няма нікога, хто шукаў-бы Бога;
няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога.
усе́ зьбіліся з дарогі, усе́ разам нягодныя; няма, хто-б рабіў дабро, няма да адзінага (Псальм 13:1−3).
Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі; няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага.
Горла ў іх — адчыненая магіла; языкамі сваімі зводзяць. Яд зьме́яў на вуснах іхніх (Псальм 5:10; 139:3);
Горла іх — адчыненая магіла. Языкамі сваімі гавораць падступна. Яд змяіны на іхніх вуснах;
Рот у іх поўны абмовы й гарчыні (Псальм 9:28).
поўныя праклёну і злосці іх вусны.
Ногі ў іх хуткія на праліцьцё крыві;
Іх ногі хуткія да праліцця крыві,
зьнішчэньне і загуба на шляхох іхніх;
знішчэнне і мучэнне на шляхах іхніх;
шляху міру яны не пазналі (Прыповесьцяў 1:16; Ісая 59:7−8).
яны не пазналі дарогі спакою.
Няма страху Божага перад вачыма іх (Псальм 35:2).
Няма Божай боязі перад іх вачыма».
Мы-ж ве́даем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад законам, каб кожны рот быў загароджаны, і ўве́сь сьве́т каб вінаватым стаўся перад Богам,
Мы ж ведаем, што тое, што кажа Закон, адносіцца да тых, хто пад Законам, каб кожныя вусны былі закрытыя і каб увесь свет прызнаў віну перад Богам,
бо справамі закону не апраўдаецца перад Ім ніякае це́ла; бо праз закон пазнае́цца грэх.
бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела, таму што праз Закон пазнаецца грэх.
Але сягоньня, незале́жна ад закону, выявілася праўда Божая, аб якой сьве́дчаць закон і прарокі.
Цяпер незалежна ад Закону выявілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і Прарокі.
Праўда-ж Божая праз ве́ру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх ве́руючых; бо няма розьніцы,
Справядлівасць Божая ўдзяляецца праз веру ў Езуса Хрыста ўсім веруючым без розніцы.
бо ўсе́ саграшылі і пазбаўлены славы Божае,
Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены Божай славы,
апраўдываныя дарма ласкай Ягонай, адкупле́ньнем, што́ ў Хрысьце́ Ісусе,
але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле Ягонай ласкі, праз адкупленне ў Езусе Хрысце.
Якога Бог аддаў на ахвяру зьмілавальную праз веру, у крыві Ягонай, дзеля выяўле́ньня праўды Яго ў дараваньні грахоў, учыненых ране́й,
Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць сваю справядлівасць у адпушчэнні грахоў, учыненых раней,
у час доўгацярплівасьці Божае, на выяўле́ньне праўды Яго ў цяпе́рашні час, каб зьявіўся Ён праведным і апраўдываючым ве́руючага ў Ісуса.
у час цярплівасці Божай, каб выявіць сваю справядлівасць ў цяперашні час, бо Ён справядлівы і апраўдвае таго, хто верыць у Езуса.
Гдзе́-ж тое, чым бы хваліцца? Вы́ключана. Якім законам? законам учынкаў? Не, але законам ве́ры.
Дык дзе ж пахвальба? Адкінута. Якім законам? Учынкаў? Не, але законам веры.
Бо мы прызнае́м, што чалаве́к апраўдываецца ве́раю, незале́жна ад учынкаў закону.
Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца праз веру незалежна ад учынкаў Закону.
Няўжо-ж Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не паганаў таксама? Ве́дама, і паганаў,
Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў,
бо адзін ёсьць Бог, які апраўдывае абрэзаньне з ве́ры і не́абрэзаньне праз ве́ру.
таму што адзін ёсць Бог, які апраўдвае абрэзанага з веры і неабрэзанага праз веру.
Дык мы зьніштажаем закон ве́раю? Няхай ня станецца! але ўзмацняем закон.
Дык ці Закон лічым непатрэбным з прычыны веры? Канешне, не! Наадварот, умацоўваем Закон.