Да Рымлянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык у чым перава́га Іудзея, альбо якая кары́сць ад абрэ́зання?
У чым жа перавага юдэяў, ці якая карысць ад абразання?
Вялікая, ва ўсіх адно́сінах, а найпе́рш у тым, што ім даве́рана сло́ва Бо́жае.
Вялікая ва ўсіх адносінах. Перадусім у тым, што ім давераны словы Бога.
Бо што ж? калі некато́рыя і не ўве́равалі, то хіба́ іх няве́р’е знíшчыць ве́рнасць Бо́жую?
Бо калі некаторыя і сталіся нявернымі, то ці іхняе нявер’е знішчыць Божую вернасць?
Ні ў якім ра́зе. Бог íсцінны, а ко́жны чалаве́к ілжы́вы, як напíсана: «Каб Ты апраўда́ны быў у сло́вах Тваіх і перамо́г у судзе́ Тваім».
Канешне, не! Бог праўдзівы, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог, калі будзеш асуджаны».
Калі ж на́ша няпра́веднасць выяўля́е пра́веднасць Бо́жую, то што ска́жам? Бог несправядлíвы, калі праяўля́е гнеў? — я кажу́, па-чалаве́чы разважа́ючы.
Калі ж нашая несправядлівасць адкрывае Божую справядлівасць, дык што скажам? Ці ж Бог, — кажучы па-чалавечы, — несправядлівы, калі гневаецца?
Ні ў якім разе. Бо як тады Бог бу́дзе судзíць свет?
Канешне, не! Бо як жа можа Бог асудзіць свет?
Але калі íсціна Бо́жая праз маю лжы́васць выяўля́ецца на сла́ву Яго, то нашто́ мяне́ ж яшчэ́ судзíць, як грэ́шніка?
Калі ж праўда Бога праз мой падман узрастае на Яго славу, за што ж яшчэ мяне судзяць, як грэшніка?
І ці не рабíць нам зло, каб атрыма́лася дабро́, як некато́рыя га́няць нас і ка́жуць, бы́ццам мы так гаво́рым? Асуджэ́нне на такіх справядлíвае.
І ці не рабіць нам дрэннае, каб вышла дабро, як некаторыя абгаворваюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Такіх чакае справядлівы прысуд.
Дык што ж? ці ёсць у нас перава́га? Ніякай; бо мы ўжо вы́казалі абвінава́чанне, што і Іудзе́і, і Э́ліны — усе пад грахо́м,
Дык што ж? Ці маем перавагу? Зусім не, бо мы ўжо сцвердзілі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом,
як напíсана: «няма пра́веднага ніво́днага;
як напісана: «Няма ніводнага справядлівага,
няма таго, хто разуме́е; няма таго, хто шука́е Бо́га;
няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога.
усе збíліся з дарогі, разам ста́лі няго́днымі; няма таго, хто ро́біць дабро́, няма ніво́днага.
Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі; няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага.
Го́рла іх — магіла адкры́тая; языко́м сваім падма́нваюць; атру́та змяíная на ву́снах іх;
Горла іх — адчыненая магіла. Языкамі сваімі гавораць падступна. Яд змяіны на іхніх вуснах;
рот іх по́ўны праклёну і го́рычы.
поўныя праклёну і злосці іх вусны.
Ногі іх ско́рыя на праліццё крывí;
Іх ногі хуткія да праліцця крыві,
разбурэ́нне і го́ра на шляха́х іх;
знішчэнне і мучэнне на шляхах іхніх;
і шлях міру невядо́мы ім.
яны не пазналі дарогі спакою.
Няма стра́ху Бо́жага перад вачы́ма іх».
Няма Божай боязі перад іх вачыма».
А мы ве́даем, што ўсё, што гаво́рыць закон, ён гаво́рыць для тых, хто пад зако́нам, каб замкну́ліся любы́я ву́сны і ўвесь свет прызна́ў сябе́ вінава́тым пе́рад Бо́гам,
Мы ж ведаем, што тое, што кажа Закон, адносіцца да тых, хто пад Законам, каб кожныя вусны былі закрытыя і каб увесь свет прызнаў віну перад Богам,
таму што спра́вамі зако́ну не апраўда́ецца перад Ім нія́кая плоць; бо праз закон пазнае́цца грэх.
бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела, таму што праз Закон пазнаецца грэх.
Але цяпер, незале́жна ад зако́ну, з’явíлася пра́веднасць Бо́жая, пра якую све́дчаць зако́н і праро́кі,
Цяпер незалежна ад Закону выявілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і Прарокі.
пра́веднасць Бо́жая праз ве́ру ў Іісу́са Хрыста́ для ўсіх і на ўсіх ве́руючых; бо няма́ ро́зніцы,
Справядлівасць Божая ўдзяляецца праз веру ў Езуса Хрыста ўсім веруючым без розніцы.
таму што ўсе саграшы́лі і пазба́ўлены сла́вы Бо́жай,
Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены Божай славы,
атры́мліваючы апраўда́нне да́рам, па благада́ці Яго, адкупле́ннем у Хрысце́ Іісу́се,
але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле Ягонай ласкі, праз адкупленне ў Езусе Хрысце.
Якога Бог прадвы́значыў як ахвя́ру ўміласціўле́ння ў Крывí Яго праз ве́ру, каб паказа́ць пра́веднасць Яго праз прабачэ́нне грахо́ў, учы́неных ране́й,
Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць сваю справядлівасць у адпушчэнні грахоў, учыненых раней,
у час доўгацярпе́ння Бо́жага, каб паказа́ць пра́веднасць Яго ў цяпе́рашні час, каб вы́явіць, што Ён пра́ведны і апра́ўдвае таго, хто ве́руе ў Іісу́са.
у час цярплівасці Божай, каб выявіць сваю справядлівасць ў цяперашні час, бо Ён справядлівы і апраўдвае таго, хто верыць у Езуса.
Дзе ж тое, чым хвалíцца́ Яно скасава́на. Якім зако́нам? зако́нам спраў? Не, зако́нам ве́ры.
Дык дзе ж пахвальба? Адкінута. Якім законам? Учынкаў? Не, але законам веры.
Бо мы прызнаём, што чалавек апра́ўдваецца ве́раю, незале́жна ад спраў зако́ну.
Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца праз веру незалежна ад учынкаў Закону.
Ці Бог — толькі Бог Іудзе́яў? хіба́ і не язы́чнікаў такса́ма? Так, і язы́чнікаў,
Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў,
таму што Бог адзін, і Ён апра́ўдвае абрэ́заных па ве́ры і неабрэ́заных праз ве́ру.
таму што адзін ёсць Бог, які апраўдвае абрэзанага з веры і неабрэзанага праз веру.
Дык мы знішча́ем зако́н ве́раю? Ні ў якім ра́зе; мы зако́н сцвярджа́ем.
Дык ці Закон лічым непатрэбным з прычыны веры? Канешне, не! Наадварот, умацоўваем Закон.