Да Рымлянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Таму няма выбачэння табе, кожны чалавеча, калі асуджаеш. Ды ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае ты, які асуджаеш.
Няма прабачэння табе, кожны чалавеча, які асуджаеш. Бо ў чым асуджаеш іншага, у тым сябе асуджаеш, таму што, асуджаючы, робіш тое самае.
Ведаем бо, што Божы суд справядлівы супраць тых, якія дапускаюцца такога.
А мы ведаем, што суд Божы справядлівы над тымі, хто так робіць.
Ці думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?
Няўжо ты думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, хто так робіць, хоць і сам робіш тое самае, уцячы ад Божага суда?
Ці пагарджаеш багаццем дабраты, цярплівасці і вялікадушнасці Яго, не разумеючы, што дабрата Божая прыводзіць цябе да навяртання?
А можа пагарджаеш багаццем Божай дабрыні, лагоднасці і доўгацярплівасці, не разумеючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
Дзеля закамянеласці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў на дзень гневу і аб’явы справядлівага суда Бога,
За тваю жорсткасць і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога,
Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:
які аддасць кожнаму паводле ягоных учынкаў:
тым, што праз стойкасць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасці — жыццё вечнае;
тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, — вечнае жыццё,
а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісці не хочуць, але падпарадкоўваюцца нягоднасці, — гнеў і лютасць.
а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, — гнеў і абурэнне.
Пакуты і прыгнёт на кожную душу для людзей, што чыняць ліха, перш на юдэя, і на грэка.
Нядоля і ўціск спаткае кожнага чалавека, які чыніць зло: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
Хвала, і пашана, і супакой усякаму, хто чыніць дабро, найперш юдэю, і грэку.
А хвала, пашана і спакой — кожнага, хто чыніць дабро: спачатку юдэя, а пасля і грэка.
Бо ў Бога няма зважання на асобу.
Таму што Бог не зважае на асобу!
Тыя, што без закону зграшылі, без закону і загінуць, а тыя, што пры законе зграшылі, законам будуць асуджаны.
Тыя, што, не маючы Закону, зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, што ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаны.
Бо не тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выконваюць закон, будуць апраўданы.
Бо не тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але тыя, што выконваюць, будуць апраўданыя.
Бо калі пагане, не маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што па законе, дык, не маючы закону, яны самі сабе закон.
Калі язычнікі, не маючы Закону, па прыродзе робяць законнае, то, не маючы Закону, яны самі сабе закон.
Паказваюць яны, што справа закону напісана ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,
Яны паказваюць, што Закон упісаны ў іх сэрцы, аб чым сведчыць іхняе сумленне ды думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну
у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Ісуса Хрыста таемныя справы людзей, паводле майго дабравесця.
ў дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя ўчынкі людзей паводле майго дабравесця праз Езуса Хрыста.
Вось ты завешся юдэем, ды ўпэўнены ў законе і ўсхваляеш Бога,
Калі ты завешся юдэем і супакойваеш сябе Законам, хвалішся Богам
ды, навучаны законам, ведаеш волю Яго, і разумееш, што лепшае,
і ведаеш Яго волю, умееш распазнаваць найважнейшае, навучаны дзякуючы Закону,
і перакананы, што ты — павадыр сляпых, святло для тых, што ў цемры,
калі перакананы, што ты правадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
выхавацель неразумных, настаўнік маладых, і маеш у законе прыклад ведаў і праўды, —
выхавацель неразумных, настаўнік малых, які мае ў Законе прыклад пазнання і праўды,
дык як жа ты вучыш іншага, а сябе самога не вучыш? Ты, які прапаведуеш не красці, крадзеш?
то ці ж, навучаючы другога, не вучыш самога сябе? Навучаючы не красці, крадзеш?
Кажучы, што нельга чужаложыць, чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, і абкрадваеш святыню?
Кажучы, не чужалож, чужаложыш? Маючы агіду да ідалаў, чыніш святатацтва?
Выхваляеш закон, а, парушаючы закон, Бога зневажаеш?
Хвалішся Законам, а, парушаючы Закон, зневажаеш Бога?
Як напісана: «З-за вас паміж паганаў блюзняць на імя Божае».
Як напісана: «Праз вас імя Божае зневажаецца сярод язычнікаў».
Абразанне тады карыснае, калі падпарадкоўваешся закону. Калі ж ты парушальнік закону, то абразанне тваё сталася неабразаннем.
Абразанне карысна, калі выконваеш Закон. Калі ты парушаеш Закон, то тваё абразанне сталася неабразаннем.
А калі неабрэзаны падпарадкоўваецца пастановам закону, дык ці ж яго неабразанне не палічыцца яму за абразанне?
Таму, калі неабрэзаны выконвае наказы Закону, то ці не залічыцца яму яго неабразанне за абразанне?
Дык, вось, той, хто па прыродзе неабрэзаны, але выконвае закон, будзе судзіць цябе, парушальніка закону, які ведае літару закону і абрэзаны.
І неабрэзаны, выконваючы Закон, ці не асудзіць цябе, бо ты нягледзячы на літару Закону і абразанне парушаеш Закон?
Бо не той юдэй, хто такі з выгляду, ды не тое абразанне, якое відаць на целе,
Таму што не той юдэй, хто такі знешне, і не тое абразанне, якое знешне на целе,
але той, хто ўнутры юдэй і абразанне якога ў сэрцы па духу, а не паводле літары; такому і пахвала не ад людзей, а ад Бога.
але хто ўнутры юдэй і абразанне мае ў сэрцы паводле духа, а не паводле літары. Такі мае пахвалу не ад людзей, але ад Бога.