Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Дык пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Ніякім чынам! Бо і я ізраэлец з нашчадкаў Абрагама, з пакалення Бэньяміна.
Таму пытаюся: няўжо Бог адкінуў свой народ? Канешне, не! Бо і я ізраэльцянін, з патомства Абрагама, з роду Бэньяміна.
Не адкінуў Бог народа Свайго, які ведаў загадзя. Ці не ведаеце, што Пісанне кажа аб Іллі? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэль:
Не адкінуў Бог народ свой, які пазнаў раней. Ці ж не ведаеце, што пра Іллю кажа Пісанне? Як ён абвінавачваў перад Богам Ізраэль:
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі і ахвярнікі Твае паразвальвалі, застаўся я толькі адзін, і на маю душу цікуюць».
«Пане, прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае зруйнавалі. Застаўся я адзін, а яны палююць на маё жыццё».
А што ж кажа яму адказ Божы? «Пакінуў Я Сабе сем тысяч мужоў, якія не ўкленчылі перад Баалам».
Але што адказвае яму Бог? «Я пакінуў сабе сем тысяч чалавек, што не схілілі калені перад Баалам».
Так вось і ў наш час захавалася рэшта, выбраная ласкай.
Вось так і цяпер, паводле выбару ласкі, захавалася рэшта.
А калі з ласкі, дык не за ўчынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай. А калі за ўчынкі, то гэта ўжо не ласка, інакш учынак не ёсць ужо ўчынкам.
А калі праз ласку, то не праз учынкі, інакш ласка не была б ужо ласкай.
Дык што ж? Чаго шукаў Ізраэль, таго не дасягнуў, дасягнулі толькі абраныя; іншыя ж аслеплі,
І што? Чаго Ізраэль шукаў, таго не дасягнуў. Выбраныя дасягнулі, астатнія заўпарціліся,
як напісана: «Даў ім Бог духа атупення, вочы, каб не бачылі, і вушы, каб не чулі, аж па сённяшні дзень».
як напісана: «Даў ім Бог духа здранцвення: вочы, якімі не бачаць, і вушы, якімі не чуюць, ажно па сённяшні дзень».
І Давід кажа: «Хай стол іх станецца ім сілом, і каменем спатыкнення, і згаршэннем, і адплатаю ім.
І Давід кажа: «Няхай будзе іх стол пасткаю і сілом, спакусай і адплатаю ім.
Хай вочы іх зацемрацца, каб не бачылі, і спіну іх абнясіль назаўсёды».
Няхай зацьмяцца вочы іх, каб не бачыць,і хрыбет іх няхай будзе сагнуты назаўсёды!»
Дык кажу: няўжо яны спатыкнуліся каб упасці? Ніякім чынам! Але іх упадак стаўся для паганаў збаўленнем, каб прынукаць іх да руплівасці.
Таму кажу: няўжо яны спатыкнуліся, каб упасці? Канешне, не! Але ад іх падзення прыйшло збаўленне язычнікам, каб абудзіць у іх руплівасць.
Калі іх упадак стаўся багаццем для свету і паніжэнне іх — багаццем для паганаў, дык тым больш іх паўната.
Калі ж падзенне іхняе — гэта багацце для свету, а іхняе прыніжэнне — багацце для язычнікаў, то наколькі ж большая іх паўната!
Бо вам жа, паганам, кажу: я ёсць Апостал паганаў, услаўляю служэнне маё,
Я кажу вам, язычнікам: як Апостал язычнікаў я праслаўляю сваё служэнне,
бо, можа, як-небудзь паклічу да руплівасці кроўных маіх і хоць некаторых прывяду да збаўлення.
каб абудзіць руплівасць сярод сваіх суайчыннікаў і каб прывесці да збаўлення некаторых з іх.
Бо калі іх адрынутасць ёсць прымірэнне свету, то чым жа будзе далучэнне, калі не жыццём з мёртвых?
Бо калі адкідванне іх — гэта прымірэнне для свету, то што ж тады іх прыняцце, калі не паўстанне з мёртвых да жыцця?
Бо калі рошчына святая, дык і цеста, і калі корань святы, то і галіны.
Калі рошчына святая, то і цеста; і калі корань святы, то і галлё.
Калі ж некаторыя галіны былі адламаны, а на іх месца ты быў прышчэплены, што быў аліўнай дзічкай, ты стаўся супольнікам соку і кораня алівы,
Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліўкай, прышчапіўся замест іх і жывішся ад аліўкавага кораня,
дык не ганарыся адносна галін, бо калі будзеш ганарыцца, то ведай, што не ты трымаеш корань, але ён цябе.
то не выхваляйся перад галінамі. Калі выхваляешся, то памятай, што не ты трымаеш корань, але корань цябе.
Можа скажаш: «Адламаны галіны, каб я быў прышчэплены».
Можа скажаш: «Галіны адламаліся, каб я быў прышчэплены».
Слушна; адламаны яны дзеля нявер’я, а ты трымаешся верай. Таму не ганарыся, але сцеражыся.
Добра. Яны адламаліся з прычыны бязвер’я, а ты трымаешся дзякуючы веры. Не ўзвышайся, але бойся.
Бо калі Бог не пашкадаваў галін прыродных, можа таксама не пашкадаваць і цябе.
Калі Бог прыродных галін не пашкадаваў, то і цябе не пашкадуе.
Дык уважай на добрасць ды суровасць Божую: на суровасць адносна тых, што ўпалі, і добрасць Божую да цябе, калі толькі вытрываеш у добрасці Божай, бо інакш і ты будзеш адкінуты.
Убач дабрыню і суровасць Божую: суровасць да адпаўшых, а дабрыню Божую да цябе, калі будзеш трываць у гэтай дабрыні. Інакш і ты будзеш адрэзаны.
Але і яны, калі не будуць трываць у нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае моц ізноў іх прышчапіць.
Яны ж, калі не застануцца ў бязвер’і, будуць прышчэпленыя, бо мае Бог моц ізноў прышчапіць іх!
Бо калі быў ты адсечаны ад прыроднай табе аліўнай дзічкі і насупраць прыроды прышчэплены да добрай алівы, дык тым лягчэй могуць быць прышчэплены да сваёй алівы тыя, што прыродныя.
Калі ты адрэзаны ад натуральнай для цябе дзікай аліўкі і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай аліўкі, тым больш тыя, прыродныя, будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі.
Не хачу, браты, каб вы не ведалі гэтай таямніцы, каб вы не мудравалі залішне, бо слепата закранула Ізраэля толькі часткова, пакуль увойдзе паўната паганаў.
Не хачу пакінуць вас, браты, у няведанні гэтай таямніцы, каб вы не лічылі сябе мудрымі, таму што ўпартасць ахапіла Ізраэль часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў.
І тады ўвесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца і адверне бязбожнасць ад Якуба.
І так увесь Ізраэль збавіцца, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Вызваліцель і адверне бязбожнасць ад Якуба.
І гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму з іх грахі іх».
Гэта запавет Мой з імі, калі забяру грахі іхнія».
Паводле Евангелля яны — ворагі для вас, а паводле абрання — умілаваныя дзеля бацькоў.
Паводле Евангелля — яны ворагі праз вас;
Бо дары і пакліканне Божае нязменныя.
а паводле выбрання — умілаваныя з прычыны айцоў. Бо дары і пакліканне Божае нязменныя!
Як і вы калісьці не верылі Богу, а цяпер даступіліся міласэрнасці дзеля іх нявер’я,
Як і вы некалі былі непаслухмяныя Богу, а цяпер памілаваны праз іхнюю непаслухмянасць,
так і яны цяпер не ўверылі дзеля міласэрнасці для вас, каб і самі былі памілаваны.
гэтак і яны цяпер непаслухмяныя, каб праз змілаванне над вамі і яны былі памілаваныя.
Бо замкнуў Бог усіх у нявер’е, каб усім аказаць Сваю літасць.
Бог замкнуў усіх у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць!
О глыбіня багацця, і мудрасці, і ведання Божага! Як недаследныя суды Яго і недаследныя шляхі Яго!
О глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!
Бо хто калі пазнаў думку Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго?
Бо хто спазнаў розум Пана? Або хто быў дарадцам Ягоным?
Або хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў таму назад?
Або хто даў Яму раней, каб атрымаць адплату?
Бо ўсё ад Яго, праз Яго і для Яго. Яму хвала навечна! Амін.
Бо з Яго і праз Яго, і для Яго ўсё. Яму хвала навекі. Амэн.