Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Праўду кажу ў Хрысце, не маню, сведчыць аб гэтым маё сумленне ў Духу Святым,
 
Я кажу праўду ў Хрысце, не хлушу, і пацвярджае маё сумленне ў Духу Святым,

што вялікі смутак у мяне і няспынны боль у сэрцы маім.
 
што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе маё сэрца.

Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
 
Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест маіх братоў, родных мне паводле цела,

якія ёсць ізраэльцы, маючыя ўсынаўленне, і славу, і запаветы, і ўклад законаў, і служэнне Богу, і абяцанні,
 
ізраэльцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні.

з іх і бацькі, з іх і Хрыстос паводле цела: Ён — Бог па-над усім, дабраславёны навечна. Амін.
 
Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела — Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі. Амэн.

Гэта не значыць, што слова Божае не здзейснілася. Бо не ўсе, што з Ізраэля, — ізраэльцы.
 
Гэта не азначае, што слова Божае не збылося. Бо не ўсе тыя, што ад Ізраэля, — Ізраэль,

Ды не ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
 
і не ўсе, што паходзяць ад Абрагама, яго дзеці, але ад Ісаака будзе тваё патомства.

Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсць сынамі Божымі, але сыны абяцання лічацца нашчадкамі;
 
Гэта значыць, што не цялесныя дзеці з’яўляюцца дзецьмі Божымі, але дзеці абяцання лічацца патомствам.

слова ж абяцання такое: «Прыйду ў той самы час, і ў Сары будзе сын».
 
А слова абяцання такое: «У той жа час прыйду, і ў Сары будзе сын».

Ды не толькі, але і Рэбэка пачала за адзін раз ад бацькі нашага Ізаака.
 
І не толькі яна, але і Рэбэка зачала ад Ісаака, айца нашага.

Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчынілі: ані дабра, ані зла, — каб заставаўся Божы намер адносна выбрання, —
 
Калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэннага (каб пастанова Божая заставалася ў выбранні,

сказана было ёй не дзеля ўчынкаў іх, але дзеля Таго, Хто заклікае: «Старэйшы будзе служыць малодшаму»,
 
не з учынкаў, але ад таго, хто кліча), сказана было ёй: «Старэйшы будзе ў няволі ў малодшага»,

як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».
 
як і напісана: «Якуба я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».

Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
 
Што ж скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? Канешне, не!

Бо Ён кажа Майсею: «Я пашкадую таго, каго шкадую, ды буду літасцівы да таго, да каго літасцівы».
 
Бо Ён кажа Майсею: «Памілую таго, каго памілую, і злітуюся над тым, над кім літуюся».

Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.
 
Таму не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, які мае міласэрнасць.

Бо ў Пісанні кажа фараону: «Дзеля таго Я паставіў цябе, каб паказаць на табе магутнасць Сваю ды каб абвяшчалася імя Маё па ўсёй зямлі».
 
Бо Пісанне кажа фараону: «Дзеля таго Я і ўстанавіў цябе, каб паказаць на табе Маю сілу, і каб Маё імя было абвешчана па ўсёй зямлі».

Дык, каго хоча, літуе і, каго хоча, закамяняе.
 
Таму літуецца над кім хоча, і каго хоча, робіць жорсткім.

А ты скажаш мне: «Чаму тады дакарае? Хто бо зможа супрацівіцца волі Яго?»
 
Ты скажаш мне: «За што ж яшчэ вінаваціць? Хто стане супраць Яго волі?»

Чалавеча! Хто ты такі, каб мог адказваць Богу? Няўжо выраб будзе казаць таму, хто яго зляпіў: «Чаму ты мяне такім зляпіў?»
 
Чалавеча, сапраўды, хто ты, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае таму, хто зрабіў: «Чаму ты мяне гэтак зрабіў?»

Ці ж ганчар над глінай не мае ўлады, каб з таго самага месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага ужытку, а другую — для непачэснага?
 
Ці не мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго ж месіва зрабіць адно начынне для пачэснага ўжытку, а другое — для непачэснага?

Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магутнасць Сваю, з вялікім цярпеннем ашчаджаў пасудзіны гневу, прызначаныя на загубу,
 
Калі Бог, хочучы паказаць гнеў і выявіць сваю магутнасць, з вялікай доўгацярплівасцю бярог начынні гневу, што падаваліся на загубу,

ды, каб выявіць багацце славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасці, якія наперад прыгатаваў на славу,
 
каб даць пазнаць багацце сваёй славы над начыннямі міласэрнасці, якія Ён раней падрыхтаваў для славы,

паклікаў нас не толькі з юдэяў, але таксама з паганаў?
 
таксама перад намі, якіх паклікаў не толькі з юдэяў, але і з язычнікаў?

Як кажа таксама праз Осію: «“Не Мой народ” назаву “Маім народам”, а “Нялюбую” — “Любай”».
 
Як і праз Осію кажа: «Не Мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — умілаванай.

І будзе: на месцы, дзе ім было сказана: “Вы — не Мой народ”, там назавуцца сынамі Бога жывога.
 
І станецца, што на месцы, дзе было сказана ім: “Вы не Мой народ”, сынамі Бога Жывога яны будуць названыя».

А Ісая ўсклікае пра Ізраэля: «Хоць бы колькасць сыноў Ізраэля была як пясок марскі, толькі рэшта будзе збаўлена.
 
А Ісая ўсклікае да Ізраэля: «Хоць бы лічба сыноў Ізраэля была як марскі пясок, толькі рэшта будзе збаўлена.

Бо слова спаўняецца, і рашуча здзейсніцца паводле справядлівасці, Госпад здзейсніць на зямлі Сваё слова без адкладу».
 
Бо канчаткова і хутка здзейсніць Пан сваё слова на зямлі».

І як таксама прадказаў Ісая: «Калі б Госпад Сабаот не пакінуў нам нашчадкаў, сталі б мы як Садом ды былі б падобнымі да Гаморы».
 
І, як прарочыў Ісая: «Калі б Пан Магуццяў не пакінуў нам патомства, то мы былі б, як Садома, і падобнымі сталіся б да Гаморы».

Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не імкнуліся да справядлівасці, атрымалі справядлівасць, але справядлівасць, якая ёсць з веры.
 
Што ж скажам? Што язычнікі, якія не шукалі справядлівасці, атрымалі справядлівасць дзякуючы веры.

А Ізраэль, імкнучыся да закону справядлівасці, да закону не дайшоў.
 
А Ізраэль, шукаючы Закону справядлівасці, не дасягнуў яго.

Чаму? Бо імкнуўся не з веры, але з учынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення,
 
Чаму? Бо шукалі не з веры, а з учынкаў. І спатыкнуліся аб камень спатыкнення,

як напісана: «Вось жа, кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень згаршэння. І ўсякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
 
як напісана: «Вось кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень спакусы; але кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».