Да Рымлянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Што ж скажам? Ці заставацца нам у грэху, каб памножылася Багадаць?
Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
Хай ня будзе (такога)! Мы, каторыя памерлі для грэху, як (жа) яшчэ будзем жыць у ім?
Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
Ці ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрышчаны ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную ахрышчаны?
Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
Такім чынам, мы пахаваныя зь Ім праз хрышчэньне ў сьмерць, каб, падобна як Хрыстос уваскрэшаны зь мёртвых славаю Бацькі, так (каб) і мы жылí ў абноўленым жыцьці.
Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Калі ж мы злучаны зь Ім падабенствам Ягонай сьмерці, тады будзем і (удзельнікамі Ягонага) уваскрэшаньня,
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
ведаючы гэта, што стары наш чалавек раскрыжаваны зь (Ім), каб было зьнíшчана цела грэху, каб больш ня служыць нам грэху;
ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
таму што памерлы (ёсьць) вызвалены ад грэху.
бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
Калі ж мы паме́рлі разам з Хрыстом, (то) верым, што і жыць будзем (разам) зь Ім,
Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
ведаючы, што Хрыстос, будучы ўваскрэшаным зь мёртвых, (ужо) больш ня ўмірае, (бо) сьмерць ужо над Ім ня мае ўлады.
ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
А тое, што Ён аднойчы памёр, (азначае), што (Ён) памёр для грэху, а тое, што (Ён) жыве, (азначае) што (Ён) жыве для Бога.
Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
Такім чынам і вы прызнавайце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Дык хай ня валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб вам слухацца яго ў пажадлівасьцях ягоных.
Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
І ня аддавайце чэлясаў вашых грэху, як сродкі няправеднасьці, але аддайце сябе Богу як із мёртвых ажыўшыя, і чэлясы вашыя Богу, як сродкі праведнасьці.
і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
Грэх ня будзе мець над вамі ўладу таму што вы ня знаходзіцеся пад Законам, але пад Багадацьцю.
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
Дык што? Будзем грашыць, таму што мы ёсьць ня пад Законам, але пад Багадацьцю? Хай ня будзе (такога)!
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
Хíба вы ня ведаеце, што каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таму вы (і) рабы, каго слухаецеся: ці грэха — на сьмерць, ці паслушэнства (Богу) — на праведнасьць?
Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
Вы былі некалі рабамі грэху, але (цяпер), дзякуй Богу, што ад сэрца (вы) скарыліся пераданаму вам вобразу вучэньня.
Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
І вызваліўшыся ад грэху вы сталі рабамі праведнасьці.
А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
Па-чалавечы кажу па прычыне немачы вашай плоці. Як аддавалі вы чэлясы вашыя ў слугі нячыстасьці і бяззаконьню на бяззаконьне, так цяпер аддайце чэлясы вашыя ў слугі праведнасьці для асьвячэньня.
Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
Калі ж вы былі рабамі грэху, (тады вы) былі свабоднымі (ад) праведнасьці.
Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
Які ж плод мелі вы тады? (Такія ўчынкі), якіх вы цяпер сароміцеся, таму што канец іхны — сьмерць.
Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
Цяпер жа вызваліўшыся ад грэху і стаўшы рабамі Богу, маеце плод ваш — на асьвячэньне, а канец (ягоны) — жыцьцё вечнае.
Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
Бо расплата за грэх — сьмерць. А дар Бога — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.