Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А мы, моцныя, павінны насіць слабасьці бясьсільных і ня сабе дагаджаць.
Мы, моцныя, павінны насіць немачы слабых, а не дагаджаць самім сабе.
Бо кожны з нас мусіць дагаджаць бліжняму на дабро, для збудаваньня.
Кожны з нас няхай дагаджае бліжняму дзеля дабра і збудавання.
Бо і Хрыстос ня Сабе дагаджаў, але як напісана: «Зьнявагі тых, што зьняважаюць Цябе, зваліліся на Мяне».
Бо і Хрыстус не дагаджаў сабе, але, як напісана: «Знявагі тых, хто зневажае цябе, упалі на мяне».
Бо ўсё, што было напісана раней, (яно) напісана раней для нашага навучаньня, каб празь цярплівасьць і суцяшэньне зь Пісаньняў (мы) мелі надзею.
А што напісана было раней, напісана дзеля нашага навучання, каб мы праз цярплівасць і суцяшэнне з Пісання мелі надзею.
А Бог цярпеньня і суцяшэньня хай дасьць вам быць у аднадумстве між сабою паводля (вучэньня) Хрыста Ісуса.
А Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста,
Каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі праслаўлялі Бога і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста.
каб вы аднадушна, аднымі вуснамі праслаўлялі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста.
Таму прымайце адзін воднага, як і Хрыстос прыняў нас у славу Бога.
Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.
(Таму) і кажу: Ісус Хрыстос стаў служыцелем абрэзаньня дзеля вернасьці Бога, каб выканаць абяцаньні ба́цькам,
Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам,
а (для) паганаў — дзеля літасьці, (каб) славілі Бога, як напісана: «За гэта буду ўсхваляць Цябе між паганамі, і Імю Твайму буду пець».
каб язычнікі маглі праслаўляць Бога за міласэрнасць, як напісана: «За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і спяваць імені Твайму».
І яшчэ кажа: «Узьвесяліцеся пагане з народам Ягоным».
І яшчэ кажа: «Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго».
І яшчэ: «Хвалеце Госпада, усе пагане, і усхваляйце Яго, усе народы».
А таксама: «Хваліце Пана, усе язычнікі, і слаўце Яго, усе народы».
І яшчэ Гісая кажа: «І будзе: Корань Ясэя, Які паўстане правіць народамі; на Яго пагане будуць спадзявацца».
Ісая таксама кажа: «З’явіцца корань Есэя і ўстане, каб валадарыць над народамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі».
Бог жа надзеі (нашай) хай напоўніць вас усялякай радасьцяй і мірам у веры, каб сілаю Духа Сьвятога ўзбагаціць вас надзеяй.
Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй.
Браты мае, я ж і сам перакананы адносна вас, што і вы самі поўныя дабрачыннасьцю, напоўнены ўсякім веданьнем і можаце навучаць адзін воднага.
Я сам упэўнены ў вас, браты мае, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім пазнаннем і можаце настаўляць адзін аднаго.
Але напісаў я вам, браты, сьмела часткова, як бы напамінаючы вам, праз Багадаць, якая дана мне ад Бога,
Я ж напісаў вам крыху смялей, нібы нагадваючы вам пра дадзеную мне ад Бога ласку,
каб быць мне служкаю Ісуса Хрыста для паганаў сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Бога, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, стала заўгоднай (Богу).
дзякуючы якой я магу быць слугою Езуса Хрыста для язычнікаў і выконваць святарскае служэнне для Божага Евангелля, каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было годна прынятае.
Пагэтаму маю пахвалу ад Бога ў Хрысьце Ісусе.
Таму я магу ганарыцца ў Езусе Хрысце перад Богам.
Бо ня адважуся назваць што-небудзь, чаго (б) ні ўчыніў Хрыстос цераз мяне на послух паганаў словам і справаю,
Бо не адважуся сказаць нешта, чаго Хрыстус праз мяне не ўчыніў дзеля паслухмянасці язычнікаў, словам і ўчынкам,
у сіле знакаў і цудаў, у сіле Духа Бога, так што мною ад Ярузаліму і ваколіцы аж да Ілірыка распаўсюджана Эвангельле Хрыста.
сілаю знакаў і цудаў, сілаю Духа Божага. Так што Евангелле Хрыста пашырана мною ад Ерузалема і навокал аж да Ілірыі.
Пры тым (я) стараўся дабравесьціць ня там, дзе (ужо) было абвешчана Імя Хрыста, каб ня будаваць на чужым падмурку,
Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,
але, як напісана: «Каму (яшчэ) ня было абвешчана пра Яго, убачаць, і каторыя ня чулі, даведаюцца».
але як напісана: «Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць; і тыя, хто не чуў, зразумеюць».
Пагэтаму я і меў шмат перашкод прыйсьці да вас.
Таму многае мне перашкаджала прыйсці да вас.
Цяпер жа больш ня маючы поля працы ў гэтых краінах, і з даўных гадоў маючы жаданьне прыйсьці да вас,
Цяпер жа нішто ўжо не затрымлівае мяне ў гэтых ваколіцах. Я, даўно жадаючы прыйсці да вас,
як толькі накіруюся ў Гішпанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, убачыць вас, і вы праведзяце́ мяне туды, як сьпярша трохі нацешуся вамі.
як толькі накіруюся ў Іспанію, спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і вы праведзяце мяне туды, як толькі крыху нарадуюся вамі.
А цяпер я іду ў Ярузалім каб паслужыць сьвятым.
Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалем служыць святым,
Бо Македонія і Ахайя вырашылі ўчыніць нікаторае ахвяраваньне для бедных сьвятых у Ярузаліме.
бо Македонія і Ахая пастанавілі выказаць лучнасць са святымі ў Ерузалеме, якія церпяць нястачу.
Вырашылі, ды і даўжнікі іхныя яны. Бо калі пагане зрабіліся саўдзельнікамі ў іхным духовым, то павінны паслужыць ім хаця бы ў цялесным.
Так пастанавілі, бо вінаватыя ім. Калі ж язычнікі сталі саўдзельнікамі ў іх духоўных дабротах, то павінны паслужыць ім таксама і ў матэрыяльных.
Выканаўшы ж гэтае і даставіўшы ім пад пячаткай гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію.
Выканаўшы гэтае і даставіўшы ім пад пячаццю гэты плод, пайду праз вас у Іспанію.
Ведаю ж, што прыходзячы да вас прыду ў поўні багаслаўленьня Эвангельля Хрыста.
Ведаю, што, калі прыйду да вас, то прыйду ў поўні благаслаўлення Хрыстовага.
Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа змагацца разам са мною ў малітвах за мяне да Бога,
Малю вас, браты, праз Пана нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, дапамагаць мне малітвамі за мяне да Бога,
каб мне быць выбаўленым ад няверучых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ярузаліму сталася прыемным для сьвятых.
каб уратавацца мне ад няверных у Юдэі, і каб служэнне маё ў Ерузалеме было добра прынята святымі,
Каб я прыйшоў да вас па волі Бога ў радасьці і супакоіўся з вамі.
каб мне паводле Божай волі ў радасці прыйсці да вас і адпачыць з вамі.
Бог жа міру са ўсімі вамі. Амін.
А Бог спакою няхай будзе з усімі вамі. Амэн.