Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Мы дужэйшыя, павінны зносіць немачы нядужых, а не сабе дагаджаць.
Мы, моцныя, павінны насіць немачы слабых, а не дагаджаць самім сабе.
Кажны з вас хай падабаецца бліжняму для дабраўзгадавання.
Кожны з нас няхай дагаджае бліжняму дзеля дабра і збудавання.
Бо і Хрыстус ня шукаў сябеўпадобы, але як напісана: Знявагі Цябе зьняважаючых зваліліся на мяне. (Пс. 68:10).
Бо і Хрыстус не дагаджаў сабе, але, як напісана: «Знявагі тых, хто зневажае цябе, упалі на мяне».
І ўсё, што калісь было напісана, у павучэнне нам напісана, каб праз цярплівасьць і суцеху з Пісання, ўхавалі надзею.
А што напісана было раней, напісана дзеля нашага навучання, каб мы праз цярплівасць і суцяшэнне з Пісання мелі надзею.
А Бог цярплівасьці й суцехі няхай склоніць вас да ўзаемнага аднадумства ў навуцы Езуса Хрыстуса,
А Бог цярплівасці і суцяшэння няхай учыніць вас аднадумцамі паміж сабою паводле Езуса Хрыста,
каб згоднадушна, аднымі вуснамі хвалілі Бога й Айца нашага Усеспадара Езуса Хрыстуса.
каб вы аднадушна, аднымі вуснамі праслаўлялі Бога і Айца Пана нашага Езуса Хрыста.
Дзеля гэтага прыймайце адзін другога, як і Хрыстус прыняў вас у хвалу Божу.
Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.
Кажу тое, што Езус Хрыстус стаўся слугою абразаных дзеля зьдзейсьнення праўды Божай аб абяцанні айцом;
Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам,
а для паганаў — зь літасьці, каб славілі Бога, водля напісанага: За тое вызнаваць буду Цябе сярод народаў і сьпяваціму іменню Твайму. (Пс. 17:50.)
каб язычнікі маглі праслаўляць Бога за міласэрнасць, як напісана: «За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і спяваць імені Твайму».
І далей сказана: Весялецеся, пагане, з народам Яго! (Паўт. Пр. 32:43).
І яшчэ кажа: «Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго».
Ды яшчэ: Хвалеце Госпада ўсе пагане і выслаўляйце ўсе народы (Пс. 116:1).
А таксама: «Хваліце Пана, усе язычнікі, і слаўце Яго, усе народы».
А Ізай кажа: З’явіцца патомак Ессэвы, што падымецца валадарыць над народамі; на Яго спадзявацца будуць пагане (Із. 11:10).
Ісая таксама кажа: «З’явіцца корань Есэя і ўстане, каб валадарыць над народамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі».
Няхайжа Бог надзеі напоўніць вас усякай радасьцяй і супакоем у веры, каб вы абагаціліся надзеяй і моцай Святога Духа.
Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй.
І сам я упэўнены аб вас, браты мае, што й вы самы поўныя дабраты, поўнасныя ўсякай умеласьці й можаце даваць адзін другому напамін;
Я сам упэўнены ў вас, браты мае, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякім пазнаннем і можаце настаўляць адзін аднаго.
сьмялей-жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля прыпаміну вам праз даную мне ад Бога ласку:
Я ж напісаў вам крыху смялей, нібы нагадваючы вам пра дадзеную мне ад Бога ласку,
быць слугою Хрыстуса Езуса між паганамі сьвятарска абвяшчаючы Эванэлію Божу каб ахвяра паганаў была асьвячоная Духам Святым і прынятая.
дзякуючы якой я магу быць слугою Езуса Хрыста для язычнікаў і выконваць святарскае служэнне для Божага Евангелля, каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было годна прынятае.
Маю восьжа перад Богам пахвалу ў Езусе Хрыстусе;
Таму я магу ганарыцца ў Езусе Хрысце перад Богам.
ня сьмею бо пра тое й гаварыць, чаго не даканаў Хрыстус празь мяне, каб упаслушніць паганаў: словам і чынам,
Бо не адважуся сказаць нешта, чаго Хрыстус праз мяне не ўчыніў дзеля паслухмянасці язычнікаў, словам і ўчынкам,
моцаю знакаў і цудаў, магуцтвам Святога Духа; так што ад Ерузалему й ваколіц аж да Іллірыі напоўніў я ўсё Эванэліяй Хрыстуса.
сілаю знакаў і цудаў, сілаю Духа Божага. Так што Евангелле Хрыста пашырана мною ад Ерузалема і навокал аж да Ілірыі.
Пры гэтым я мяркаваў вясьціць Эванэлію не там, дзе імя Хрыстуса ўжо было ведамае, каб ня будаваць на чужой заснове,
Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку,
але як напісана: Каму не абвяшчана аб ім, убачаць, а нячуўшыя даведаюцца (Із. 52:15).
але як напісана: «Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць; і тыя, хто не чуў, зразумеюць».
Якраз дзеля гэтага я шмат разоў і перашкоды меў прыйсьці к вам.
Таму многае мне перашкаджала прыйсці да вас.
Цяпер-жа, ня маючы болей поля працы ў тых краінах, ды ад многіх лет задаючы да вас прыбыць,
Цяпер жа нішто ўжо не затрымлівае мяне ў гэтых ваколіцах. Я, даўно жадаючы прыйсці да вас,
як толькі накіруюся ў Гішпанію, спадзяюся ў дарозе пабачыцца з вамі; а вы мяне правядзяце туды, як толькі крыху нацешуся вамі.
як толькі накіруюся ў Іспанію, спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і вы праведзяце мяне туды, як толькі крыху нарадуюся вамі.
А цяпер я іду ў Ерузалім з паслугаю для сьвятых;
Цяпер жа я збіраюся ў Ерузалем служыць святым,
бо Македонія й Ахаія вырашылі зрабіць дапаможную нейкую зборку на патрэбы убогіх сьвятых у Ерузаліме.
бо Македонія і Ахая пастанавілі выказаць лучнасць са святымі ў Ерузалеме, якія церпяць нястачу.
Вырашылі, бо-ж даўжнікамі іх зьяўляюцца; калі бо пагане сталіся супольнікамі іхніх духовых скарбаў, дык тады і — цялесных.
Так пастанавілі, бо вінаватыя ім. Калі ж язычнікі сталі саўдзельнікамі ў іх духоўных дабротах, то павінны паслужыць ім таксама і ў матэрыяльных.
І як гэта выканаю, даручыўшы ім гэтую зборку асабіста, накіруюся адведваючы вас, у Гішпанію.
Выканаўшы гэтае і даставіўшы ім пад пячаццю гэты плод, пайду праз вас у Іспанію.
Я ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду ў поўні багаслаўленства Хрыстусавай Эванэліі.
Ведаю, што, калі прыйду да вас, то прыйду ў поўні благаслаўлення Хрыстовага.
Прымеж таго малю вас, браты, праз Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага і праз ласку Духа Святога, ўспамагайце мяне ў сваіх малітвах да Бога,
Малю вас, браты, праз Пана нашага Езуса Хрыста і праз любоў Духа, дапамагаць мне малітвамі за мяне да Бога,
каб выбавіў мяне ад няверных у Юдэі ды каб мая ахвяра паслугі сьвятым у Ерузаліме была прынятая;
каб уратавацца мне ад няверных у Юдэі, і каб служэнне маё ў Ерузалеме было добра прынята святымі,
каб мне з радасьцю прыйсьці да вас, калі гэта Богу міла, й падбадзёрыцца між вамі.
каб мне паводле Божай волі ў радасці прыйсці да вас і адпачыць з вамі.
Бог супакою хай будзе з усімі вамі. Амэн.
А Бог спакою няхай будзе з усімі вамі. Амэн.