Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
А мы, моцныя, павінны насіць слабасьці бясьсільных і ня сабе дагаджаць.
А мы, моцныя, павінны несці слабасці бяссільных, а не дагаджаць сабе.
Бо кожны з нас мусіць дагаджаць бліжняму на дабро, для збудаваньня.
Кожны з нас няхай дагаджае блізкаму на дабро для збудавання.
Бо і Хрыстос ня Сабе дагаджаў, але як напісана: «Зьнявагі тых, што зьняважаюць Цябе, зваліліся на Мяне».
Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а, як напісана: «Знявагі тых, хто Цябе зневажае, упалі на Мяне».
Бо ўсё, што было напісана раней, (яно) напісана раней для нашага навучаньня, каб празь цярплівасьць і суцяшэньне зь Пісаньняў (мы) мелі надзею.
Бо ўсё, што было напісана раней, было напісана для нашага навучання, каб мы праз стойкасць і праз суцяшэнне з Пісанняў мелі надзею
А Бог цярпеньня і суцяшэньня хай дасьць вам быць у аднадумстве між сабою паводля (вучэньня) Хрыста Ісуса.
Няхай жа Бог стойкасці і суцяшэння дасць вам думаць аднолькава між сабою згодна з Ісусам Хрыстом,
Каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі праслаўлялі Бога і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста.
каб вы аднадушна адзінымі вуснамі праслаўлялі Бога і Бацьку нашага Госпада Ісуса Хрыста.
Таму прымайце адзін воднага, як і Хрыстос прыняў нас у славу Бога.
Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.
(Таму) і кажу: Ісус Хрыстос стаў служыцелем абрэзаньня дзеля вернасьці Бога, каб выканаць абяцаньні ба́цькам,
Бо я кажу, што Хрыстос стаў служкаю абрэзаных дзеля праўды Божай, каб сцвердзіць абяцанае бацькам,
а (для) паганаў — дзеля літасьці, (каб) славілі Бога, як напісана: «За гэта буду ўсхваляць Цябе між паганамі, і Імю Твайму буду пець».
і, што язычнікі павінны праславіць Бога за Яго міласэрнасць, як напісана: «Таму я буду ўсхваляць Цябе, Госпадзе, між язычнікаў і апяваць Тваё імя».
І яшчэ кажа: «Узьвесяліцеся пагане з народам Ягоным».
І яшчэ кажа: «Радуйцеся, язычнікі, з Яго народам».
І яшчэ: «Хвалеце Госпада, усе пагане, і усхваляйце Яго, усе народы».
І яшчэ: «Хваліце Госпада, усе язычнікі, і няхай узнясуць Яму хвалу ўсе народы».
І яшчэ Гісая кажа: «І будзе: Корань Ясэя, Які паўстане правіць народамі; на Яго пагане будуць спадзявацца».
І яшчэ Ісаія кажа: «Будзе корань Іессея — Той, Хто паўстане, каб кіраваць язычнікамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі».
Бог жа надзеі (нашай) хай напоўніць вас усялякай радасьцяй і мірам у веры, каб сілаю Духа Сьвятога ўзбагаціць вас надзеяй.
Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і мірам у веры, каб вы сілаю Святога Духа абагаціліся надзеяй.
Браты мае, я ж і сам перакананы адносна вас, што і вы самі поўныя дабрачыннасьцю, напоўнены ўсякім веданьнем і можаце навучаць адзін воднага.
Але я і сам перакананы пра вас, браты мае, што і вы самі поўныя дабрыні, напоўнены ўсялякімі ведамі і можаце навучаць адзін аднаго.
Але напісаў я вам, браты, сьмела часткова, як бы напамінаючы вам, праз Багадаць, якая дана мне ад Бога,
Але тым адважней я напісаў вам, [браты], пра некаторыя рэчы, часткова каб зноў нагадаць пра іх вам, паводле ласкі, дадзенай мне Богам,
каб быць мне служкаю Ісуса Хрыста для паганаў сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Бога, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, стала заўгоднай (Богу).
каб я быў служкаю Хрыста Ісуса для язычнікаў, працуючы святаром дабравесця Божага, каб язычнікі сталі прыемнай ахвярай Богу, асвечанай Святым Духам.
Пагэтаму маю пахвалу ад Бога ў Хрысьце Ісусе.
Дык мне ёсць чым ганарыцца ў Хрысце Ісусе ў тым, што адносіцца да Бога.
Бо ня адважуся назваць што-небудзь, чаго (б) ні ўчыніў Хрыстос цераз мяне на послух паганаў словам і справаю,
Бо я не адважуся казаць што-небудзь з таго, чаго не зрабіў праз мяне Хрыстос для паслушэнства язычнікаў — словам і ўчынкамі,
у сіле знакаў і цудаў, у сіле Духа Бога, так што мною ад Ярузаліму і ваколіцы аж да Ілірыка распаўсюджана Эвангельле Хрыста.
у сіле знакаў і цудаў, у сіле Духа Божага; так што ад Іерусаліма і ваколіц да Ілірыкая я поўнасцю прапаведаў дабравесце Хрыстова.
Пры тым (я) стараўся дабравесьціць ня там, дзе (ужо) было абвешчана Імя Хрыста, каб ня будаваць на чужым падмурку,
Але лічыў сабе за гонар дабравесціць не там, дзе ўжо было названа імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку;
але, як напісана: «Каму (яшчэ) ня было абвешчана пра Яго, убачаць, і каторыя ня чулі, даведаюцца».
а як напісана: «Тыя, які не было абвешчана пра Яго, убачаць; і тыя, якія не чулі, зразумеюць».
Пагэтаму я і меў шмат перашкод прыйсьці да вас.
Таму я і сустракаў так шмат разоў перашкоды, каб прыйсці да вас.
Цяпер жа больш ня маючы поля працы ў гэтых краінах, і з даўных гадоў маючы жаданьне прыйсьці да вас,
Але цяпер у мяне ўжо няма месца ў гэтых краінах, і ўжо шмат гадоў я маю жаданне прыйсці да вас,
як толькі накіруюся ў Гішпанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, убачыць вас, і вы праведзяце́ мяне туды, як сьпярша трохі нацешуся вамі.
калі пайду ў Іспанію, бо спадзяюся, што, праходзячы, убачу вас, і вы праведзяце мяне туды, як спярша я трохі нацешуся вамі.
А цяпер я іду ў Ярузалім каб паслужыць сьвятым.
Але цяпер я іду ў Іерусалім, служачы святым.
Бо Македонія і Ахайя вырашылі ўчыніць нікаторае ахвяраваньне для бедных сьвятых у Ярузаліме.
Бо Македонія і Ахаія ўважылі за добрае зрабіць некаторае ахвяраванне для бедных між святых у Іерусаліме.
Вырашылі, ды і даўжнікі іхныя яны. Бо калі пагане зрабіліся саўдзельнікамі ў іхным духовым, то павінны паслужыць ім хаця бы ў цялесным.
Бо яны ўважылі за добрае, ды яны даўжнікі перад імі. Бо калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікаі ў іх духоўным, то павінны і ў цялесным паслужыць ім.
Выканаўшы ж гэтае і даставіўшы ім пад пячаткай гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію.
Дык, завяршыўшы гэта і даставіўшы ім гэты плён, я выпраўляюся праз вашы мясціны ў Іспанію;
Ведаю ж, што прыходзячы да вас прыду ў поўні багаслаўленьня Эвангельля Хрыста.
і я ведаю, што калі прыйду да вас, то прыйду ў паўнаце дабраславення Хрыстовага.
Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа змагацца разам са мною ў малітвах за мяне да Бога,
Прашу ж вас, браты, нашым Госпадам Ісусам Хрыстом і любоўю Духа змагацца разам са мною ў малітвах за мяне да Бога,
каб мне быць выбаўленым ад няверучых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ярузаліму сталася прыемным для сьвятых.
каб я быў выбаўлены ад непакорлівых у Іудзеі і каб маё служэнне для Іерусаліма было добра прынятае святымі,
Каб я прыйшоў да вас па волі Бога ў радасьці і супакоіўся з вамі.
каб мне, з волі Божай прыйшоўшы да вас у радасці, супакоіцца з вамі
Бог жа міру са ўсімі вамі. Амін.
І няхай будзе Бог міру з усімі вамі. Амін.