Да Рымлянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Пагэтаму, о кожны чалавеча, што судзіш (за нешта другога)! Ты ня маеш прабачэньня (у тым выпадку), бо (калі) ты судзіш (за нешта) другога, (а сам) ты робіш тое самае. (Дык ты ў гэтым выпадку) засуджаеш (сам) сябе.
 
Таму няма табе прабачэння, окожны чалавеча, што судзіш, бо ў тым, у чым судзіш іншага, ты асуджаеш сябе, бо, судзячы, ты робіш тое самае.

Ведаем жа, што суд Бога робіцца па праўдзе (у адносінах) да тых, хто робіць такія (учынкі).
 
А мы ведаем, што суд Божы паводле праўды на тых, хто робіць такое.

О чалавеча, які судзіш робячых такія (учынкі)! Ты думаеш, што пазьбегнеш суда Бога, але робіш тыя самыя (учынкі)?
 
І ты так лічыш, чалавеча, судзячы тых, што робяць такое, а сам, робячы тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?

Ці ня грэбуеш ты багацьцем Ягонай дабрыні і спагадлівасьці, і доўгацярплівасьці, ня разумеючы, што дабрыня Бога вядзе цябе да пакаяньня?
 
Ці ты пагарджаеш багаццем Яго дабрыні, спагадлівасці і доўгацярплівасці, не ведаючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?

Але з-за жорсткасьці тваёй і няпакаяннага сэрца, ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця справядлівага суду Бога.
 
Але з-за тваёй жорсткасці і нераскаянага сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцця правасуддзя ад Бога,

Які аддасьць кожнаму па ўчынках ягоных:
 
Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:

тым, што праз стойкасьць добрага ўчынка шукаюць славы і чэсьці, і бяссьмяротнасьці — жыцьцё вечнае;
 
тым, хто вытрываласцю ў добрай справе шукае славы, гонару і нятлення, — вечнае жыццё;

тым жа, што сварліўцы і няпакорлівыя праўдзе, але падпарадкоўваюцца нягоднасьці — лютасьць і гнеў.
 
тым жа, хто своекарыслівы і неслухаецца праўды, аслухаецца няправеднасці — гнеў і лютасць.

Гора і ўціск душы ўсякага чалавека, які чыне зло: сьпярша жыда́ а (затым) элліна!
 
Гора і ўціск на душу кожнага чалавека, хто чыніць ліхое, — і іудзея, па-першае, і эліна.

Слава ж і чэсьць, і мір усякаму, хто чыніць дабро: сьпярша жыду́, а (затым) элліну!
 
Слава ж, і гонар, і мір — кожнаму, хто робіць дабро, і іудзею, па-першае, і эліну:

Бо ў Бога няма прадузятасьці да асобы.
 
бо няма ў Бога зважання на асобы.

Бо тыя, хто вонках Закону саграшылі, вонках Закону і загінуць; а тыя хто пры Законе саграшылі, паводля Закону будуць асуджаны,
 
Бо ўсе, якія без закону саграшылі, без закону і загінуць; а ўсе, якія пад законам саграшылі, паводле закону будуць асуджаны.

таму што ня слухачы Закону праведныя перад Богам, але выканаўцы Закону будуць апраўданы.
 
Бо не слухачы закону праведныя ў Бога, а тыя, хто выконвае закон, будуць апраўданыя.

Бо калі пагане, якія ня маюць Закону, па прыродзе робяць тое, што па Закону, яны, ня маючыя Закону, яны самі сабе Закон:
 
Бо, калі язычнікі, у якіх няма закону, з прыроды робяць законнае, яны, не маючы закону, самі сабе закон;

яны зьяўляюць дзела Закону, запісанае ў сэрцах іхных, маючы сьведчаньне ўласнага сумленьня, а таксама разважаньні, якія альбо абвінавачваюць, альбо апраўдваюць,
 
яны паказваюць, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, калі сведчаць іх сумленне і развагі, на змену то абвінавачваючы, то і абараняючы іх,

у дзень, калі Бог будзе судзіць тайныя (учынкі) людзей празь Ісуса Хрыста, паводля майго Дабравешчаньня.
 
у дзень, калі Бог будзе судзіць патаемнае людзей праз Ісуса Хрыста, паводле майго дабравешчання.

Вось ты называеш сябе жыдом і абапіраешся на Закон, і хвалішся Богам.
 
Калі ж ты называешся іудзеем, і абапіраешся на закон, і хвалішся Богам,

Ты ведаеш, таксама, волю (Бога) і разумееш лепшае, навучаючыся із Закону.
 
і ведаеш Яго волю і распазнаеш тое, што лепшае, навучаючыся з закона,

Ты, таксама, упэўнены аб сабе, што ты ёсьць павадыр сьляпых, сьвятло для тых, што знаходзяцца ў цемры,
 
і ўпэўнены, што ты сам павадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,

(зьяўляешся) настаўнікам няразумных; настаўнік малалетніх, маеш паўнату разуменьня і праўды ў Законе.
 
выхавальнік неразумных, настаўнік дзяцей, маеш узор ведання і праўды ў законе;

Але ты, навучаючы другога, ня вучыш сам сябе. Абвяшчаючы ня красьці, (ты) крадзеш.
 
дык ты, які вучыш другога, сябе самога не вучыш? Абвяшчаючы не красці, крадзеш?

(Ты), кажучы ня чужаложнічаць, чужаложнічаеш, (ты), брыдзячыся балванамі, абкрадаеш Сьвятыню.
 
Кажучы не чужаложыць — чужаложыш? Брыдзячыся ідалаў, рабуеш капішчы?

(Ты), каторы хвалішся Законам, цераз парушэньне Закону ганьбіш Бога.
 
Ты, што выхваляешся законам, пераступаючы закон, зневажаеш Бога!

Бо з-за вас ліхасловіцца імя Бога сярод паганаў, як напісана.
 
Бо «імя Божае з-за вас блюзнерыцца між язычнікаў», як напісана.

Бо абразаньне карыснае тады, калі Закон выконваеш, калі ж зьяўляешся парушальнікам Закону, абразаньне тваё няабразаньнем сталася.
 
Бо абразанне дае карысць, калі ты выконваеш закон, калі ж ты парушальнік закону, то тваё абразанне зрабілася не абразаннем.

Калі ж няабрэзаны выконвае пастановы Закону, дык, няўжо (ж), няабразаньне ягонае ня залічыцца (яму) у абразаньне?
 
Дык калі неабрэзаны выконвае патрабаванні закону, хіба яго неабразанне не залічыцца ў абразанне?

І (тады хто) па прыродзе няабрэзаны, (але) хто выконвае Закон, будзе судзіць цябе, парушальніка Закону, карыстаючы Пісаньне і (тваё) абразаньне;
 
І неабрэзаны з прыроды, калі выконвае закон, будзе судзіць цябе, таго, хто праз літару і абразанне — парушальнік закону.

бо ня той, хто па выгляду зьяўляецца жыдом, і ня тое, што бачнае на целе абразаньне;
 
Бо іудзей не той, хто такі з выгляду, і абразанне не тое, што звонку, на целе;

але хто ўнутрана жыд, і абразаньне — (абразаньне) сэрца Духам, (але) ня па літары; такому пахвала ня ад людзей, але ад Бога.
 
а той іудзей, хто такі ўнутры, і абразанне — гэта абразанне сэрца, у духу, не ў літары; яму пахвала — не ад людзей, а ад Бога.