Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Анатоля Клышкi
Пагэтаму пытаюся: няўжо адкінуў Бог народ Свой? Хай ня будзе (такога)! Бо і я ізраэлянін ад насеньня Абрагамавага, з роду Бэньямінавага.
Дык я пытаюся: няўжо Бог адкінуў Свой народ? Зусім не. Бо і я ізраільцянін з патомства Аўраамавага, племя Веньямінава.
Ня адкінуў Бог народу Свайго, які ведаў наперад. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраэля, кажучы:
Не адкінуў Бог Свайго народа, які Ён наперад ведаў. Ці вы не ведаеце, што кажа Пісанне пра Ілію, як ён скардзіцца Богу на Ізраіля?
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх яны забілі і ахвярнікі Твае разбурылі, і я застаўся адзін, і яны шукаюць (і) маёй душы».
«Госпадзе, прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі, і я застаўся адзін і шукаюць маёй душы»8.
Але што кажа яму Божы адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужчынаў, якія ня ўкленчылі перад Баалам».
Але што кажа яму Боскі адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам».
Такім жа чынам і ў цяперашні час захавалася рэшта па выбраньню Багадаці.
Дык гэтак і ў цяперашні час, паводле выбару ласкі, захаваўся астатак.
Калі ж па Багадаці, то ўжо ня ад учынкаў, інакш Багадаць ужо ня зьяўляецца Багадацьцю. Калі ж ад учынкаў, то гэта ўжо ня Багадаць, інакш учынак ужо ня ёсьць учынак.
Але калі ласкаю, то ўжо не з учынкаў, а то ласка не была б ужо ласкаю.
Што ж? Чаго Ізраэль шукае, таго ня атрымаў; выбраная ж (частка) атрымала, а астатнія былі ажарсьцьвёнымі,
Дык што? Чаго шукае Ізраіль, таго ён не дасягнуў; а выбраныя дасягнулі, астатнія ж акамянелі,
як напісана: «Даў ім Бог дух атупеньня: вочы — каб ня бачыць і вушы — каб ня чуць, нават да сягоньняшняга дня».
як напісана: «Даў ім Бог дух атупення, вочы, каб не бачыць, і вушы, каб не чуць, аж да сённяшняга дня».
І Давід кажа: «Хай будзе трапеза іхняя (для іх) пасткаю і сілом, і спакусай, і адплатаю ім.
І Давід кажа: «Няхай будзе стол іх пасткаю, і сілком, і спакусаю, і адплатаю ім,
Хай будуць зацемраны вочы іхныя, каб ня бачыць і хрыбет іхны сагні назаўсёды».
няхай зацьмяцца іх вочы, каб не бачыць, і іх спіну сагні назаўсёды».
Пагэтаму пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб (зусім) упасьці? Хай ня будзе (такога)! Але іхны ўпадак (служыць на) выратаваньне паганам, каб выклікаць рупнасьць іхную.
Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся так, што ўпалі? Зусім не. Але ў іх памылцы — выратаванне язычнікам, каб выклікаць рупнасць у іх.
Калі ж упадак іхны — багацьце сьвету, а зьбядненьне іхнае — багацьце паганаў, насколькі ж большая іхная поўная мера?
Калі ж іх памылка — багацце для свету, і іх страта — багацце язычнікам, то тым больш — іх паўната.
Бо вам кажу, паганам. Таму што я зьяўляюся Апосталам паганаў, (я) ганаруся служэньнем маім.
Вам жа кажу, язычнікам; дык як апостал язычнікаў я праслаўляю маё служэнне —
Ці ня выклічу (я) рупнасьць у (сваякоў) маіх па целу і (ці ня) выратую нікаторых ізь іх?
ці не абуджу я рупнасць утых, хто аднаго са мною цела, і ці не выратую некаторых з іх?
Калі ж адхіненьне іхнае — замірэньне сьвету, чым (жа зьяўляецца) прыняцьце, калі ня жыцьцём ізь мёртвых?
Бо калі адхіленне іх — прымірэнне свету, то які набытак іх, як не жыццё з мёртвых?
Калі ж рашчына сьвятая, (то) і месіва — (сьвятое); і калі корань сьвяты, то і галінкі (сьвятыя).
Калі жрошчына святая, то і цеста, і калі корань святы, то і галіны.
Калі ж нікаторыя із галінак былі адламанымі, а ты, дзікая аліва, была прышчэплена між імі і стала супольніцай караня і сакавітасьці алівы,
Калі ж некаторыя з галін былі адламаныя, і ты, дзікая аліва, быў прышчэплены між імі і стаў супольнікам кораня ўрадлівасці ў алівы, —
(дык) ня вывышшайся над галінамі. Калі ж вывышшаешся, (то ведай, што) ня ты трымаеш корань, а корань цябе.
то не выхваляйся перад галінамі; калі ж выхваляешся — ведай: не ты корань трымаеш, а корань цябе.
Тады скажаш: галінкі адламаны, каб я быў прышчэплены.
Дык ты скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
Добра. Яны адламаныя празь няверу, а ты трымаешся вераю: ня хванабэрся, але бойся.
Добра; яны былі адламаныя з-за нявер’я, а ты стаіш вераю. Не фанабэрся, а бойся;
Бо калі Бог ня пашкадаваў прыродных галін, (то глядзі), каб пашкадаваў цябе.
бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа не пашкадаваць і цябе.
Бачыш цяпер дабрыню і суворасьць Бога? Да першых, якія адпалі — суворасьць, а да цябе — дабрыню, калі застане́шся ў дабрыні (Бога). Інакш і ты будзеш адцяты.
Дык убач дабрыню і суровасць Божую: да тых, хто ўпаў, — суровасць, а да цябе — дабрыня Божая, калі будзеш заставацца ў Яго дабрыні, а то і ты будзеш адсечаны.
Бо і тыя, калі ня застануцца ў няверы, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу ізноў прышчапіць іх.
Але і тыя, калі не застануцца ў нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу зноў прышчапіць іх.
Калі ж ты адсечаны ад дзíкай па прыродзе алівы і прышчэплены да добрай па прыродзе алівы, наколькі больш гэтыя (галінкі), якія па прыродзе (добрыя) будуць прышчэплены да сваёй алівы.
Бо калі ты быў адсечаны ад дзікай з прыроды алівы і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай алівы, то тым больш яны, прыродныя, будуць прышчэплены да сваёй уласнай алівы.
Бо ня хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтай тайны, каб вы ня (вельмі) мудрымі былі самі ў сабе, таму што ажарсьцьвеньне ў Ізраэлі адбылося часткова і да таго часу пакуль ня ўвойдзе паўната паганаў.
Бо я не хачу, каб вы, браты, не ведалі гэтай таямніцы, каб вам не быць разумнымі самім па сабе: акамяненне сталася Ізраілю часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў.
І так увесь Ізраэль будзе збаўлены, як напісана: «Прыйдзе Збаўца ад Сыёна і адверне грахоўнасьць ад Якуба».
І так увесь Ізраіль будзе выратаваны, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца [і] адверне бязбожнасць ад Іякава.
І гэта ім ад Мяне Запавет, калі Я здыму (зь іх) грахі іхныя.
І гэта ім ад Мяне запавет, калі Я здыму іх грахі».
Адносна ж Эвангельля (яны ёсьць) ворагі дзеля вас; адносна ж выбраньня (яны ёсьць) любасныя дзеля ба́цькаў.
Згодна з дабравесцем яны ворагі дзеля вас, а згодна з абраннем — улюбёныя дзеля бацькоў.
Бо дары і прызваньне Бога (ёсьць) няадменныя.
Бо Божыя дары і пакліканне неадменныя.
Як і вы некалі былі няпаслухмянымі Богу, цяпер жа (вы) памíлаваныя дзеля іхнай няпаслухмянасьці,
Бо як вы былі некалі непакорлівыя Богу, цяпер жа вы памілаваныя праз іхнюю непакорлівасць,
так і яны цяпер ня скарыліся дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваны.
так і яны цяпер не скарыліся, каб праз ласку да вас цяпер і яны былі памілаваныя.
Бо Бог замкнуў усіх у няпаслушэнства, каб усіх памілаваць.
Бо ўсіх Бог зняволіў непакораю, каб усіх Ён памілаваў.
О глыбіня багацьця і мудрасьці, і разуменьня Бога! Як нядасягальныя для дасьледаваньня Суды Ягоныя і як няспасьціжны шляхі Ягоныя!
О глыбіня багацця, мудрасці і ведання Божага! Як неспасціжныя Яго суды і недаследныя Яго шляхі!
Бо хто спазнаў Розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам?
Бо хто спазнаў розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам?
Ці хто даў Яму наперад, каб таму было аддадзена?
Або хто першы даў Яму, і таму будзе аддадзена?
Таму што ўсё ізь Яго і празь Яго і дзеля Яго. Яму слава ў вяках вякоў. Амін.
Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і да Яго. Яму хвала навекі. Амін.