Ісаі 35 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Няхай весяліцца пустыня і [зямля] сухая, няхай радуецца стэп і няхай красуе як нарцыс!
 

Няхай, квітнеючы, заквітнее і няхай радуецца з ускліканьнямі і сьпяваньнем, бо слава Лібану дадзена ёй, прыгажосьць Кармэлю і Шарону. Яны ўбачаць славу ГОСПАДА, веліч Бога нашага.
 

Умацуйце рукі зьнясіленыя і калені самлелыя зрабіце моцнымі.
 

Кажыце палахлівым сэрцам: «Будзьце моцнымі, ня бойцеся! Вось Бог ваш, помста надыходзіць, адплата Божая. Ён Сам прыйдзе і збавіць вас».
 

Тады расплюшчацца вочы сьляпых, і вушы глухіх адкрыюцца.
 

Тады кульгавы будзе скакаць як алень, і засьпявае язык нямога, бо пацякуць воды ў пустыні і струмяні ў стэпе.
 

І станецца выпаленая [зямля] возерам, а засьмягшая [зямля] — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот.
 

І будзе там гасьцінец і шлях, і назавуць яго шляхам сьвятым, і ня будзе хадзіць па ім нячысты, і будзе ён толькі для іх, і неразумны не заблукае, калі пойдзе шляхам [гэтым].
 

Ня будзе там ільва, і драпежны зьвер ня ўзыйдзе на яго і ня знойдзецца там, але будуць хадзіць там адкупленыя.
 

І вернуцца выбаўленыя ГОСПАДАМ, і ўзыйдуць на Сыён са сьпяваньнем, і радасьць вечная будзе на галовах іхніх. Вясёласьць і радасьць будуць з імі, смутак і стагнаньне ўцякуць [ад іх].