Ісаі 17 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Прадказанне Дамаску. «Вось жа, Дамаск перастане быць горадам і станецца кучай руінаў.
 

Пакінутыя гарады Араэра стануцца для статкаў; і будуць яны там спачываць, і не будзе нікога, хто б спалохаў [іх].
 

І адбяруць умацаванні ад Эфраіма і ўладанне ад Дамаска, і рэшткі Сірыі стануцца, як слова сыноў Ізраэля, — кажа Госпад Магуццяў. —
 

І будзе ў той дзень: зменшыцца слава Якуба і тлустасць цела яго схуднее;
 

і будзе, як калі жнец забірае сцябліны і рука яго збірае каласы; і будзе, як калі хто шукае каласы ў лагчыне Рэфаім.
 

І застанецца на ёй калоссе, як калі абтрасаюць аліўкавае дрэва: дзве або тры аліўкі [застаюцца] на верхніх галінах, ці чатыры або пяць — на вершаліне садавіннага дрэва», — кажа Госпад Бог, Бог Ізраэля.
 

У той дзень будзе глядзець чалавек на Творцу свайго, і вочы яго звернуцца да Святога Ізраэлева;
 

і не будзе ён глядзець на ахвярнікі, якія зрабілі яго рукі, і на тое, што стварылі пальцы яго, не будзе глядзець на гаі [балванам пасвячоныя] ды кадзільніцы.
 

У той дзень гарады будуць пазбаўлены моцы сваёй, як гарады, якія пакінулі гевеі і амарэйцы перад абліччам сыноў Ізраэля, і будзе пустыня,
 

бо забыўся ты Бога збаўлення свайго і не ўспомніў пра скалу моцы сваёй: дзеля таго пасадзіш ты расліны прыемныя ды парастак чужы пасееш.
 

У самы дзень пасадкі тваёй ты будзеш клапаціцца пра іх, а назаўтра будзеш рупіцца, каб насенне тваё зацвіло; ў дзень нястачы прападзе жатва, і боль несуцешны будзе.
 

О! Гоман многіх народаў! Гамоняць, быццам гоман мора, і віраванні натоўпаў будуць шумець, быццам шум водаў.
 

Будуць шумець народы, як шум хвалістых водаў, і пасварыцца на яго Госпад, і ўцячэ далёка, і панясецца ён, як пыл горны ад ветру ды як віхура ў час навальніцы.
 

Вечар — і вось жа, замяшанне, а золак — і яго няма, гэткая ёсць дзейнасць тых, якія нас падаўлялі, ды такі лёс тых, якія рабавалі нас.