Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І калі наблізіліся яны да Ерузаліма, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ісус пасылае двух з вучняў Сваіх
Калі прыблізіліся да Ерузаліму, да Бэтфагі і Бэтаніі на гары Аліўнай, Езус паслаў двух з пасярод вучняў сваіх
і гаворыць ім: «Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей не ездзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
і сказаў ім: "Ідзіце ў вёску, што перад вамі, а пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асьлянё прывязанае, на якім яшчэ ніхто ня езьдзіў з людзей. Адвяжыце яго і прывядзіце.
І калі б вас хто спытаўся: “Што вы робіце?”, скажыце: “Госпад яго патрабуе”, і адразу ж адашле яго сюды».
А калі б вас хто спытаўся: "Што вы робіце?" Скажыце, што яго Госпад патрабуе і небавам адашле вам".
Пайшлі тады і знайшлі асляня пры варотах звонку, на скрыжаванні, і адвязалі яго.
Пайшлі тады і знайшлі асьлянё пры варотах на вонкі, на скрыжаваньні, і адвязалі яго.
Некаторыя з там стаяўшых казалі ім: «Што робіце? Чаму адвязваеце асляня?»
Некаторыя са стаячых пыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьлянё?"
А яны адказалі ім, як сказаў Ісус; і адпусцілі іх.
А яны адказалі ім, як ім загадаў Езус, і пусьцілі іх.
І прывялі асляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзенне сваё; і Ён сеў на яго.
Асьлянё прывялі да Езуса і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Езус сеў на асьлянё.
І многія клалі на дарозе сваё адзенне, а іншыя вецце, якое рэзалі з дрэваў, кідалі на дарогу.
Многія клалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя абразалі сукі з дрэваў і кідалі на дарогу.
І тыя, што ішлі наперадзе і што ішлі за Ім, крычалі: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада!
А тыя, што ішлі наперадзе ды тыя, што ззаду за Ім крычалі: "Гозанна!"
Дабраславёна Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць у імя Госпада! Гасана на вышынях!»
Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада, багаслаўлена каралеўства айца нашага Давіда, якое надходзіць, Гозанна на вышынях!" (Пс. 117:20).
І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і у святыню; і, агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з дванаццаццю выйшаў у Бэтанію.
Езус увайшоў у Ерузалім у сьвятыню ды калі ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з Дванаццацьцю выйшаў у Бэтанію.
І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.
А назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, чуў голад (быў галодны).
І, калі здалёк убачыў дрэва фігавае, пакрытае лістотаю, падышоў, ці не знойдзе што на ім. І, калі падышоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.
Калі ў далі ўбачыў фігавае дрэва пакрыта лістоўю, падыйшоў, можа што на ім знайдзе. А калі да дрэва падыйшоў, нічога акрамя лістоты не знайшоў, бо не была пара на плады фігі.
І, звяртаючыся да дрэва, сказаў: «Няхай ужо ніколі не есць з цябе ніхто пладоў». І чулі гэта вучні Яго.
Тады сказаў Ён дрэву: "Няхай ўжо ніколі ня есьць з цябе ніхто пладоў". Гэта чулі Ягоныя вучні.
І прыходзіць у Ерузалім. Ісус, калі ўвайшоў у святыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у святыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.
Затым прыходзіць у Ерузалім. А калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаўцоў і купляючых у сьвятыні, а сталы мяняльнікаў грошы і лавы прадаўцоў галубоў вывернуў.
Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз святыню.
Ды не пазваляў, каб якую рэч пераносілі праз сьвятыню.
І навучаў іх, кажучы: «Няўжо не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І навучаў у гэтыя словы іх: "Няўжо не напісана: "Дом Мой — домам маленьня празначаны ўсім народам (Із. 56:7), а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".
Пачуўшы гэта, першасвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, паколькі ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.
Пачуўшы гэта начальнікі сьвятароў і вучоныя па сьв. Пісаньні надумаваліся як Яго загубіць. Баяліся, бо ўсе людзі (грамада) падзіўляла Яго навуку.
А калі звечарэла, выйшлі з горада.
А калі вечарэла выходзілі з горада.
І, калі праходзілі раніцай, убачылі дрэва фігавае ссохлым ад карэнняў.
Праходзячы нараніцы ўбачылі ссохшым ад карэньняў фігавае дрэва.
Ды, прыпомніўшы, Пётра кажа Яму: «Рабі, вось, фігавае дрэва, што Ты пракляў, ссохла».
Ды прыпомніўшы сабе Пётр кажа Езусу: "Вучыцелю, паглядзі, фігавае дрэва, што Ты пракляў — ссохла".
І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Майце веру Божую!
А Езус у адказ сказаў: "Мейце веру ў Бога!
Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: “Падыміся і кінься ў мора”, і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, станецца яму.
Сапраўды кажу вам, каб хто б сказаў гэтай гары падыміся і кінься ў мора, а не сумневаўся бы ў сваім сэрцы, але верыў бы, што гэта станецца, дык што скажа — збудзецца яму.
Таму кажу вам: усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.
Таму кажу вам: Усё аб што ў малітве просіце — верце, што атрымаеце і збудзецца вам.
І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, дараваў вам грахі вашы.
І калі пачынаеце маліцца адпусьціцеся, калі што маеце супроць каго, каб і Айцец ваш, Каторы ў небе, адпусьціў вам вашыя грахі.
Калі ж вы не даруеце, то і Айцец ваш, Які ў небе, не даруе вам грахоў вашых
А калі вы не адпусьціце, дык ані ваш Айцец, Каторы ў небе, не адпусьціць вам вашых грахоў".
І зноў прыходзяць у Ерузалім. І калі Ісус хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны
Яны зноў вярнуліся ў Ерузалім. А калі Езус хадзіў па сьвятыні, падыйшлі да Яго архісьвятары, кніжнікі і старэйшыны,
і казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?»
і запыталіся ў Яго: Якою ўладаю (чыёй уладаю) Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?"
А Ісус гаворыць ім: «І Я ў вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.
А Езус у адказ сказаў ім: І Я вас запытаюся ў адной справе, адкажыце Мне і Явам скажу, чыёй уладай Я гэта раблю.
Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне».
Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне".
Яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа нам: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»
Яны застанаўляліся (разважалі) і гаварылі між сабой: "Калі скажам з неба — скажа нам: Дык чаму тады не ўверылі?
А калі сказаць: “Ад людзей”, баяліся народа, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока.
А калі скажам: ад людзей, дык баімся натоўпу людзей. Бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага Прарока".
І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Не ведаем». А Ісус гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю».
Затым у адказ Езусу сказалі: "Ня ведаем". Дык і Езус у адказ ім сказаў: "І Я вам не скажу, чыёю ўладаю гэта раблю".