Да Рымлянаў 16 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая ёсць служкаю царквы, што ў Кенхрах,
каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсім, у чым яна будзе мець ад вас патрэбу, бо яна дапамагала многім і мне самому.
Прывітайце Прыску і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Ісусе,
якія за маю душу падставілі свае галовы, якім не толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,
а таксама і хатнюю іх царкву. Прывітайце мне мілага Эпенета, першынца ў Хрысце з Азіі.
Прывітайце Марыю, якая многа папрацавала для нас.
Прывітайце Андраніка і Юнію, сваякоў маіх, увязненых разам са мною, праслаўленых сярод Апосталаў, якія перш за мяне былі з Хрыстом.
Прывітайце любага мне ў Госпадзе Амплія.
Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысце Урбана ды мілага мне Стахія.
Прывітайце выпрабаванага ў Хрысце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабула.
Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, якія ў Госпадзе.
Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць для Госпада. Прывітайце мілую Пэрсыду, якая многа папрацавала для Госпада.
Прывітайце выбранніка ў Госпадзе Руфа і маці яго і маю.
Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Герма, Патроба, Гермія ды братоў, што разам з імі.
Прывітайце Філалога і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпа ды ўсіх святых, што разам з імі.
Прывітайце ўзаемна адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовы.
Прашу вас яшчэ, браты, каб асцерагаліся тых, што чыняць нязгоду і перашкоды супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!
Такія людзі не служаць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і красамоўствам зводзяць сэрцы нявінных.
Бо ваша паслухмянасць вядома ўсім. Дык радуюся за вас, але прагну, каб вы былі мудрымі на дабро і беззаганнымі ў ліхім.
Бог жа супакою хутка скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі!
Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатар, сваякі мае.
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які напісаў ліст у Госпадзе.
Вітае вас Гай, гасцінны для мяне і для ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.