Евангелле ў перакладзе Міцкевіча. 1998 19

Евангелле ў перакладзе Міхася Міцкевіча; ред. Прускага
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

А над бязбожнымі трываў неміласэрны гнеў аж да канца; бо прадбачыў ён і будучыню іх:
 

бо калі яны дазволілі ім пайсці і выслалі з вялікай трывогай, то пашкадавалі аб гэтым і пагналіся за імі.
 

Бо яшчэ пагружаны былі ў жалобу і плакалі над магіламі памерлых, а вырашылі іншы неразумны намер і гналіся, як за ўцекачамі, за тымі, якіх, молячыся, павыганялі.
 

Бо падпіхвала іх да гэтага канца заслужаная доля; і забыліся аб тым, што здарылася, каб споўніла яна кару, якой не хапала плягам,
 

і каб народ Твой споўніў слаўнае падарожжа, яны ж каб знайшлі смерць нечуваную.
 

Усякае бо стварэнне зноў ператваралася ад пачатку ў сваёй натуры, паслухмянае Тваім загадам, каб дзяцей Тваіх ухаваць без шкоды.
 

Бо воблака ахінала лагер іх, а дзе стаяла раней вада, паказалася сухая зямля, з Чырвонага мора — свабодная дарога, і з бурлівай вады — зялёнае поле,
 

па якім прайшлі ўсе, каго хавала Твая рука, убачыўшы цуды Твае дзіўныя.
 

Яны пасвіліся, як коні на пашы, і гулялі, як ягняткі, славячы Цябе, Госпадзе, Які вызваліў іх.
 

Бо яшчэ памяталі сваё прабыванне, як зямля замест другіх жывёлін радзіла камароў і замест рыб рака выкінула мноства жаб.
 

А напрыканцы ўбачылі яны новы род птушак, калі, ахопленыя прагнасцю, прасілі прыемнай ежы:
 

бо для супакаення жадання наляцелі на іх з мора перапёлкі.
 

Ды кары прыйшлі на грэшнікаў не без папярэджваючых знакаў — раптоўных перуноў: справядліва бо цярпелі за свае ліхоты; бо мелі даволі вялікую нянавісць да чужынцаў.
 

Тыя ж не прынялі чужынцаў незнаёмых, а гэтыя ўзялі ў няволю дабрадзейных чужынцаў.
 

І не толькі гэта: але будзе яшчэ іншы суд на іх за тое, што яны варожа прымалі чужых;
 

а гэтыя, з радасцю іх прыняўшы, карыстаючыся роўнымі правамі, сталі ўціскаць самымі жудаснымі работамі.
 

Паражоныя ж яны былі слепатой, як тыя пры дзвярах справядлівага, калі непраглядная цемра іх ахапіла і кожны шукаў увахода ў дзверы свае.
 

Самыя стыхіі змяніліся, як у псалтэрыёне гукі змяняюць свой характар, заўсёды, аднак, застаючыся тымі самымі гукамі; лёгка гэта можна бачыць праз дакладнае нагляданне за мінулым.
 

Бо зямныя звяры змяніліся ў вадзяных, і вадзяныя выходзілі на сушу,
 

агонь у вадзе ўтрымліваў сваю сілу, і вада губляла ўласцівасць тушэння.
 

І наадварот: полымя не паліла цел кволых жывёл, пасярод яго ходзячых, ані нішчыла тое, што нішчылася лёгка — ежу несмяротную, падобную да лёду.
 

Ва ўсім бо ўзвысіў Ты народ Свой, Госпадзе, і ўславіў, ды не забыўся, дапамагаючы яму ў кожны час і на кожным месцы.