2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

Гэта ведай, што ў апошнія дні наступяць цяжкія часы.
 

Людзі будуць самалюбівыя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, бязбожныя,
 

бессардэчныя, бязлітасныя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, тыя, хто не любіць дабра,
 

здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,
 

што маюць выгляд набожнасці, але ж выракліся моцы яе. Такіх высцерагайся,
 

бо між імі ёсць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць неразумных жанчын, якія абцяжараны рознымі грахамі, кіруюцца рознымі пажаданнямі,
 

заўсёды вучацца, але ніколі не могуць дайсці да разумення праўды.
 

Як Янні і Ямбр супрацівіліся Майсею, так і яны супрацівяцца праўдзе, людзі тупога розуму, нявыпрабаваныя ў веры.
 

Але яны далёка не зойдуць. Бо бязглуздасць іх выявіцца ўсім так, як было і з тымі.
 

А ты пайшоў следам маёй навукі, настаўлення, намераў, веры, велікадушнасці, любові, цярплівасці,
 

пераследаванняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Гэтыя пераследаванні я перанёс; з усіх іх вызваліў мяне Госпад.
 

Ды ўсе, каторыя хочуць жыць пабожна ў Хрысце Ісусе, пераследаваны будуць.
 

Ліхія ж людзі і ашуканцы тым горш будуць гразнуць у зле, памыляючыся самі і ўводзячы ў аблуды.
 

Ты ж трывай у тым, чаму навучыўся і што даручана табе, бо ведаеш, ад каго навучыўся,
 

бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісанні Святыя, якія могуць цябе навучыць на збаўленне праз веру ў Хрыста Ісуса.
 

Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці,
 

каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўленым на ўсякае добрае дзеянне.