Пераклад Аляксандара Надсана 18

Псалтыр i Ёна. Пераклад Аляксандара Надсана
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

А для Тваіх святых было самае вялікае святло; і нават калі яны іх голас чулі, а постацей не бачылі, называлі іх шчаслівымі, бо самі яны гэтага ж не цярпелі;
 

а за тое, што раней пакрыўджаны былі і не перашкаджалі, дзякавалі і прасілі аб дараванні за тое, што раней іх выганялі.
 

Дзякавалі, што Ты даў ім стоўп вогненны як правадыра на невядомай дарозе і як няшкоднае сонца ў славутым падарожжы.
 

Вартыя яны быць пазбаўленымі святла і цярпець у вязніцы цемры, бо ў няволі трымалі сыноў Тваіх, праз якіх свет меў атрымаць незнішчальнае святло закону.
 

За тое, што надумаліся забіць дзяцей справядлівых — і калі гэта адно дзіця пакінута было і вызвалена, — за кару забраў Ты ў іх многа дзяцей і загубіў іх разам у вялікай вадзе.
 

Ноч тая была прадказана бацькам нашым, так што яны былі даволі спакойныя, ведаючы добра, якім прысягам паверылі.
 

А народ Твой чакаў так здароўя справядлівых, як і загубы несправядлівых,
 

чым бо пакараў Ты праціўнікаў, тым і ўславіў нас, каго Ты паклікаў.
 

Справядлівыя бо дзеці добрых складалі патаемна цэласпаленні і аднадушна ўстанавілі Божы закон, што аднолькава прымуць святыя дабро і небяспекі, пачынаючы ўжо спяваць гімн продкаў.
 

З другога боку, адзываўся нястройны крык ворагаў ды разносіўся жалобны гоман плачучых над дзецьмі.
 

Аднолькавым жа судом быў пакараны і гаспадар, і нявольнік, і просты чалавек цярпеў нароўні з царом;
 

такім чынам, усе адначасна, пад адным імем смерці, безліч мелі памерлых. Але жывых не хапала да пахавання, бо ў адзін момант загінула іх даражэйшае пакаленне.
 

Бо не веруючыя ў нішто, акрамя чарадзействаў, па вынішчэнні першародных прызналі, што народ гэты ёсць сын Божы.
 

Калі бо маўклівая цішыня ахоплівае ўсё і ноч у сваёй хадзе дасягае сярэдзіны,
 

усемагутнае Тваё слова з неба, з валадарскіх пасадаў, сышло, як жорсткі ваяр на сярэдзіну гінучай зямлі, як востры меч, што нясе Твой неадменны загад;
 

і, стаўшы, перапоўніла ўсё смерцю: і дасягала аж да неба, стоячы на зямлі.
 

У той час заўсёды трывожылі іх страшныя бачанні сноў, і надышлі нечаканыя жахі,
 

і, валячыся ўсе ў розных месцах, напаўмёртвыя, выяўлялі прычыну, па якой яны ўміралі.
 

Бачанні бо, якія іх устрывожылі, папярэджвалі іх аб тым, каб не гінулі ў несвядомасці, за што яны церпяць.
 

Кранула ж выпрабаванне смерці і справядлівых, і многія загінулі ў пустыні, але не доўга трываў гнеў Твой.
 

Бо паспешна выступіў у абароне муж беззаганны, што нёс шчыт сваёй паслугі, малітву і ўміласціўленне кадзільнае, ён супрацьстаў гневу, і паклаў канец гору, паказваючы тым, што ён паслугач Твой.
 

А перамог ён гнеў не сілай цела, ані сілай зброі, але словам перамог карацеля, прыпамінаючы абяцанні і прымірэнні продкаў.
 

Калі бо натоўпамі падалі памерлыя адзін на аднаго, ён стаў на сярэдзіне, і спыніў націск, і раздзяліў тую дарогу, што вяла да жывых.
 

Бо ўвесь свет быў на яго доўгіх шатах, і славутыя імёны бацькоў высечаны на чатырох радах камянёў, і вяліч Твая на дыядэме яго галавы.
 

Перад імі саступіў і іх збаяўся нішчыцель, бо досыць было аднаго толькі выпрабавання гневу.