Псалтыр 1 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Шчасны чалавек, які не ідзе за парадай бязбожных, і на дарогу грэшнікаў не ступае, і не сядзіць у зборышчы насмешнікаў,
 
Шчасьлівы муж, што не ішоў за радай нязбожных, і на шляху грэшнікаў не стаяў, і ў таварыстве распусьнікаў не сядзеў.

але ў законе Божым воля яго, і пра закон Яго разважае ён днём і ноччу.
 
Але ў законе Гасподнім воля яго, і аб законе Яго ён будзе разважаць дзень і ноч.

І будзе ён, як дрэва паблізу цячэння вод, якое дае плод у свой час і лістота якога не вяне; і ўсё, што ён робіць, будзе ўдавацца яму.
 
І будзе ён як дрэва, ля вытокаў водаў пасаджанае, што дасьць плод у свой час і лісьце якога не ападзе; ва ўсім, што ён робіць, будзе шчасьціць яму.

Не гэтак ліхадзеі, не гэтак! Бо яны — як пыл, што вецер разносіць.
 
Ня гэтак нязбожныя, ня гэтак, але яны быццам пыл, які вецер зьмятае з твару зямлі.

Таму і не ўстаяць бязбожныя на судзе, ані грэшнікі на сходзе справядлівых,
 
Таму не ўстаяць нязбожныя на судзе, ані грэшнікі на радзе праведных.

бо Госпад рупіцца пра шлях справядлівых, а дарога бязбожных загіне.
 
Бо Госпад ведае шлях праведных, а шлях нязбожных згіне.