Псалтыр 1 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Шчасьлівы чалавек, што ня ходзе на раду бязбожных, ня ўзыходзіць на шлях грэшнікаў і паміж насьмешнікаў не засядае,
 
Шчасьлівы муж, што не ішоў за радай нязбожных, і на шляху грэшнікаў не стаяў, і ў таварыстве распусьнікаў не сядзеў.

але любасьць знаходзе ў Законе Госпада і аб Законе Ягоным разважае ўдзень і ўначы.
 
Але ў законе Гасподнім воля яго, і аб законе Яго ён будзе разважаць дзень і ноч.

Той ёсьць быццам пасаджанае ля патоку воднага дзерава, што плод дае ў сваім часе, а лісьце яго ня вяне, і ўсё, што ён робіць, удаецца яму.
 
І будзе ён як дрэва, ля вытокаў водаў пасаджанае, што дасьць плод у свой час і лісьце якога не ападзе; ва ўсім, што ён робіць, будзе шчасьціць яму.

Ня гэтак бязбожныя: яны да паловы падобны, што вецер разносе.
 
Ня гэтак нязбожныя, ня гэтак, але яны быццам пыл, які вецер зьмятае з твару зямлі.

Дык ня ўстояць бязбожныя на судзе, ані грэшнікі ў зграмаджэньні справядлівых,
 
Таму не ўстаяць нязбожныя на судзе, ані грэшнікі на радзе праведных.

бо Госпад ведае шлях пабожных, але дарога бязбожнікаў счэзьне.
 
Бо Госпад ведае шлях праведных, а шлях нязбожных згіне.